Касцюшка – вялікі сын беларускай зямлі

Касцюшка – вялікі сын беларускай зямлі

kostyskoТадэвуш Касцюшка – самы вядомы і праслаўлены ў свеце нараджэнец Беларусі. Праз усё сваё жыццё ён пранёс веру ў шчаслівае будучае свайго народа. Заслугі яго перад гісторыяй прызнаныя нашчадкамі. І сёння, калі Касцюшкава зямля набыла незалежнасць, памяць пра славутага сына Беларусі паступова вяртаецца на Радзіму, каб застацца навечна прыкладам палымянай і шчырай любові да Айчыны.

ПАХОДЖАННЕ

Тадэвуш Касцюшка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду, вядомага з часоў Вітаўта Вялікага (1392 – 1430). Ягоныя продкі цягам дзевяці пакаленняў жылі ў Літве-Беларусі, валодаючы землямі паміж Кобрынам і Берасцем. Цэнтрам касцюшкавай спадчыны з 1509 года быў маёнтак Сяхновічы на Жабінкаўшчыне.

ІМЯ

Найчасцей ён вядомы пад сваім скарочаным прозвішчам, аднак у дакументах сустракаецца і поўная форма імя, атрыманага пры хрышчэнні: Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі. Належаў ён да малодшай лініі гэтага вядомага ў Беларусі і за яе межамі роду.

МЕСЦА НАРАДЖЭННЯ

Бясспрэчна – Заходняя Беларусь. Сярод верагодных месцаў з’яўлення на свет Касцюшкі даследчыкі называюць Малыя Сяхновічы альбо фальварак Мерачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне. Сам Касцюшка, як сцвярджалі ягоныя сучаснікі Міхал Клеафас Агінскі і Карл Фалькенштэйн, сваёй малой радзімай лічыў пры жыцці Сяхновічы.

ЧАС НАРАДЖЭННЯ

Дакладная дата нараджэння Т. Касцюшкі дасюль не вядома. Цяпер суіснуюць тры версіі пра час нараджэння генерала Касцюшкі, прапанаваныя навукоўцамі: 28 кастрычніка або 30 лістапада 1745 года, ці 4 лютага 1746-га. Апошнюю напрыканцы ХІХ стагоддзя прапанаваў польскі даследчык Тадэвуш Корзан. Традыцыйна Корзанаўская версія выкарыстоўваецца часцей за іншыя. Паводле яе заўтра ў Сяхновічах і Косаве пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 270-годдзю Тадэвуша Касцюшкі. Аднак дзеля гістарычнай праўды павінны зазначыць: дакумента, які б пацвярджаў справядлівасць даты, прапанаванай Т. Корзанам, не выяўлена і праз 122 гады.

ХРЫШЧЭННЕ

Яно адбылося 12 лютага 1746 года ксяндзом Раймундам Корсакам у Косаўскім касцёле ў прысутнасці хросных бацькоў: Казіміра Наркускага, Адама Пратасевіча, Ганны Сухадольскай і яшчэ адной не названай па імені пані Сухадольскай.

ВЕРАВЫЗНАННЕ

Хрышчэнне адбывалася ў рыма-каталіцкім храме. Папулярная ў мастацкай літаратуры версія пра падобны абрад, здзейснены таксама і ў праваслаўнай (ці ўніяцкай) царкве, пакуль не знаходзіць дакументальнага пацвярджэння.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ

Продкаў Тадэвуша Касцюшкі называлі “русінамі племені беларусаў”. Сам генерал Касцюшка ў сваіх лістах і адозвах нязменна гаварыў пра сябе як пра ліцвіна. Так у ХІІІ – ХІХ стагоддзях называлі нараджэнцаў заходняй часткі сучаснай Беларусі.

АДУКАЦЫЯ

Пачатковую атрымаў у Беларусі, у родным доме. Сярэднюю – у Любяшоўскім калегіуме ордэна піяраў (Украіна). Вышэйшую (ваенна-інжынерную) – у Варшаўскай рыцарскай школе (іншая назва – Кадэцкі корпус) і французскай сталіцы. Акрамя вывучэння артылерыі, архітэктуры і фартыфікацыі, Касцюшка авалодаў пяццю мовамі, выдатна маляваў, музыцыраваў на фартэпіяна, пакінуў пасля сябе некалькі музычных твораў, кніг, займаўся разьбой па дрэве і г.д.

ВАЙСКОВАЯ КАР’ЕРА

Сваімі талентамі на полі бою Касцюшка праславіўся ў Рэчы Паспалітай. Гэтая краіна мела дзве арміі – каронную (польскую) і літоўскую (Вялікага Княства Літоўскага). Пан Тадэвуш насуперак ягонай волі зімой 1790 года быў залічаны ў польскае войска (пісьмовая просьба пра перавод у армію ВКЛ была пакінута каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім без рэагавання). Праз два гады Касцюшка атрымаў званне генерал-лейтэнанта кароннага войска.
Яшчэ раней паспяховую вайсковую кар’еру ён зрабіў у Амерыцы. Восенню 1783 года Кангрэс дараваў Касцюшку за ўдзел у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў званне брыгаднага генерала ЗША.
Вясной 1794 года, у час паўстання народаў Польшчы, Літвы і Беларусі, узначаленага “генералам дзвюх армій”, Касцюшка быў абвешчаны ў Кракаве Найвышэйшым Начальнікам усіх узброеных сіл, Дыктатарам Рэчы Паспалітай.

УЗНАГАРОДЫ І ПРЫЗНАННЕ

Заслугі пана Тадэвуша былі высока ацэнены ўжо пры жыцці. Ён атрымаў ганаровае амерыканскае і французскае грамадзянства. У Злучаных Штатах узнагароджаны ордэнам Цынцынанта, а ў Рэчы Паспалітай – “Віртуці Мілітары”. Меў таксама шчодрыя грашовыя і зямельныя падараванні, у тым ліку ад Кангрэса ЗША, Брытанскага Парламента, урадаў Швецыі і Францыі, расійскага імператара Паўла І. Пазней Тадэвуш Касцюшка абвешчаны нашчадкамі Нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі.

IMG_0851РЭВАЛЮЦЫЙНАЕ ПАЎСТАННЕ

1794 год – вяршыння на жыццёвым шляху Касцюшкі, які паўстаў на чале арміі Рэчы Паспалітай абодвух народаў (польскага і беларускага), змагаючыся за цэласнасць і незалежнасць сваёй дзяржавы.
24 сакавіка генерал абвясціў Акт паўстання. Ужо 4 красавіка разбіў расійскія палкі пад Рацлавіцамі, што пасадзейнічала развіццю паўстання на землях Вялікага Княства Літоўскага. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, якім абвясціў асабістую волю сялянам, што падтрымаюць паўстанне. Яны ўліваліся ў шэрагі байцоў, узброеных косамі, за што атрымалі назоў касіянераў.
Аднак стан касцюшкаўцаў значна пагоршыўся летам, калі супраць іх супольна выступілі расійскія і прускія войскі. Менавіта ў гэты крытычны момант Тадэвуш Касцюшка звярнуўся да сваіх прыхільнікаў у Беларусі са словамі: “Землякі і суайчыннікі мае! На вашай зямлі нарадзіўся я і ў праведным імкненні да Айчыны жыве ва мне асаблівая павага да тых, сярод каго пусціў я карані жыцця!”
Аднак сілы былі няроўныя, і восенню 1794 года супраціўленне ў Літве-Беларусі прыпынілася. Рашучая бітва адбылася недалёка ад малой радзімы Касцюшкі – ля Крупчыцкага манастыра (сёння гэта вёска Чыжэўшчына). Апошні свой бой генерал прыняў 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамі (паблізу Варшавы). Армія паўстанцаў была разбіта, а іх правадыр, паранены у час бітвы, аказаўся ў палоне. Праз месяц апошнія разрозненыя атрады касцюшкаўцаў спынілі супраціўленне.
Рэч Паспалітая канчаткова знікла з карты Еўропы, падзеленая паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

ДАМЫ СЭРЦА

У жыцці генерал не стварыў уласнай сям’і. Хоць у ягоным лёсе прымалі ўдзел некалькі жанчын, якіх ён шчыра кахаў.
Першай была Людвіка, дачка ваяводы Юзафа Сасноўскага. Аднак магнат не жадаў і слухаць пра шлюб дачкі з небагатым шляхціцам. Не ўдаўся і Тадэвушаў план выкрасці каханую, якая была выдадзена за князя Любамірскага. У 1790 – 1792 гадах бурна развіваўся раман Касцюшкі з Тэкляй Журоўскай, аднак і ён распаўся з-за нязгоды бацькоў дзяўчыны. У тым самым 1792 годзе генерал пазнаёміўся з Ганнай Замойскай, якая да самай смерці захоўвала кранальную прыхільнасць да Касцюшкі, хаця і стала жонкай іншага.

МЯНУШКІ

Як неардынарная асоба пан Тадэвуш атрымаў у гісторыі цэлы шэраг мянушак, якія характарызавалі яго як чалавека і палітычнага дзеяча:
Швед – мянушка ад сяброў па Рыцарскай школе, дзе Касцюшка вучыўся ў 1765 – 1769 гадах. Дадзена ў гонар шведскага караля Карла ХІІ, з якога малады кадэт браў прыклад, трэніруючы дух і цела для будучых подзвігаў.
Герой Двух Кантынентаў – за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Амерыцы і Еўропе. Польскія аўтары таксама пішуць пра Касцюшку як пра Польскага Лафайета і Чалавека – Польшчу, хоць сам генерал заўсёды выступаў супраць атаясамлення сябе з цэлай краінай.
Начальнік (або Найвышэйшы Начальнік) – мянушка-тытул, да-дзеная Касцюшку пад час паўстання 1794 года.
Акрамя таго, пры жыцці і пасля смерці яго ўзнагароджвалі шматлікімі эпітэтамі, у тым ліку называлі Салдатам Свабоды, Прыяцелем Чалавецтва, Мучанікам Вольнасці, Найчысцейшым Сынам Свабоды. KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

СМЕРЦЬ І ПАХАВАННЕ

Ягонае сэрца спынілася а 10-й гадзіне вечара 15 кастрычніка 1817 года ў доме на вуліцы Гізэльштрасэ ў швейцарскім горадзе Салюр (Залатурн). Цела прыдадзена зямлі на мясцовых могілках праз два дні. Цяпер магіла ў Швейцарыі цалкам сімвалічная: цела Касцюшкі было перапахавана ў Кракаве, у каралеўскім палацы на Вавелю, а сэрца – у асобнай урне захоўваецца да нашых дзён у Варшаве.

БЕССМЯРОТНАСЦЬ

Асоба Тадэвуша Касцюшкі шануецца ў гісторыі перш-наперш як вядомага дзеяча Рэчы Паспалітай, галавы паўстання, скіраванага супраць падзелаў яго дзяржавы, змагара за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, Нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Французскай Рэспублікі.

ПАМЯЦЬ ПРА ГЕРОЯ

Бібліятэка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку, уражвае: ягонай асобе прысвечаны каля дзвюх тысяч кніг, незлічоная колькасць публікацый у сродках масавай інфармацыі. У свеце налічваецца каля 200 помнікаў, прысвечаных генералу. Яго імя носіць вышэйшая кропка Аўстраліі, два гарады ў ЗША.
Беларусь таксама ўвекавечыла памяць пра свайго вялікага сына. На Магілёўшчыне існуе пасёлак Касцюшкава, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны білася І-я дывізія Войска Польскага імя Т. Касцюшкі. У гарадах Брэст, Гродна, Жабінка, Косава і інш. ёсць вуліцы яго імя. У Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў Малых Сяхновічах створана экспазіцыя, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку і роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Восенню 2004 года адчыніліся Домік Касцюшкі ў Мерачоўшчыне ў Івацэвіцкім раёне і мемарыяльная капліца на месцы Крупчыцкай бітвы ў вёсцы Чыжэўшчына, што на Жабінкаўшчыне.
На здымках: памяць пра Касцюшку на Жабінкаўшчыне: партрэт Касцюшкі ў раённай бібліятэцы; ля помніка ў Малых Сяхновічах;  капліца ў Чыжэўшчыне.
Старонку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК, здымкі Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

3 Comments Posted

  1. Костюшко называл себя литвином??? Попахивает какой-то ерундой. Во всех ИЗВЕСТНЫХ документах он называл себя поляком. Редакция, надеюсь, предоставит доказательства так называемого «литвинства» Костюшко?

  2. Насколько мне известно, в 1430-х гг.(это, согласно статье — даты первого упоминания о роде Костюшко), земли нынешней Берестейщины назывались просто Русью, а ихние жители — русинами — ну уж никак не белорусами (о чём глаголет автор),ибо название Белоруссия распространяется на эти земли только с 1860-х гг. Ничего против не имею….НО…исторические помарки ведут к большим ошибкам после

  3. «Хіба ж я не літвін, ваш зямляк?» — гэта словы самаго Касцюшкі, можаце пагугліць. Аб яго літвінстве сведчыць і само прозвішча «Касцюшка» — ніяк не польскае, а тутэйшае.
    «Палякам» Касцюшка мог сябе называць у палітычным сэнсе, як грамадзянін Рэчы Паспалітай абодвух народаў. «Паляк» тут як палітонім, а «літвін» — этнонім.
    А Берасцейшчына як толькі не называлася. На радзівілаўскай карце яна Polessia, на шэрагу іншых разам з Гродзеншчынай, Віленшчынай і Міншчынай — Lithvania, за якой на ўсход ідзе Russia або Ruthenia, а ўжо за імі — Moscovia.
    Ды і назва «Русь», як сведчыць «Аповесць мінулых часоў» ды ішшыя крыніцы, прыйшла да нас ад скандынаўскіх баявых брыгад.

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top