Избраны делегаты от Жабинковщины на Всебелорусское собрание

Избраны делегаты от Жабинковщины на Всебелорусское собрание

2 лістапада прайшоў раённы сход вылучэння кандыдатур і выбранне ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу. Як адзначыў у дакладзе на ім старшыня райвыканкама М.В.Токар, асаблівасць палітыкі, праводзімай Кіраўніком нашай дзяржавы ў тым, каб прымаць усе важнейшыя рашэнні з улікам погляду народа. Усебеларускі народны сход — самы значны інстытут волевыяўлення. Выступоўца коратка расказаў пра гісторыю такіх форумаў, дзе абмяркоўваюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаюцца мэты і задачы далейшай жыццядзейнасці.
Сёння Беларусь — стабільная ва ўсіх адносінах і дынамічна развітая дзяржава. Наша Жабінкаўшчына — усяго невялічкі раён на карце краіны, але на тых станоўчых пераменах, што адбыліся ў апошнія гады ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы, у добраўпарадкаванні горада і вёсак, можна рабіць высновы: павысіўся ўзровень жыцця насельніцтва, палепшыўся яго дабрабыт.
М.В.Токар падрабязна ахарактарызаваў вынікі работы народна-гаспадарчага комплексу раёна, спыніўся на плюсах і мінусах, паведаміў, на якія рубяжы выйдзе Жабінкаўшчына сёлета, завяршаючы пяцігодку.
Папярэднія падлікі паказваюць, што рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці за 5 гадоў складзе 126,2%, спажывецкіх тавараў — 105,1%. Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічацца за гэты перыяд на 168,7%. Будуць выкананы паказчыкі, прадугледжаныя пяцігадовым планам у рознічным тавараабароце, экспарце тавараў і паслуг, энергазберажэнні. Станоўчая тэндэнцыя росту аб’ёмаў вытворчасці і ў сельскагаспадарчай галіне. Сёлета будзе атрымана 45 тыс. тон малака і 4,6 тыс. тон мяса, што адпаведна 136 і 120 працэнтаў да ўзроўню 2005 года. Удой на карову павялічыўся за пяцігодку на 943 кг і складзе 5170 кг. Па гэтым паказчыку раён займае чацвёртае месца ў вобласці, 22-ое ў рэспубліцы. Жывёлаводы раёна на другой пазіцыі ў вобласці па сярэднесутачных прыбаўленнях у вазе жывёлы (680 г, на 131 — вышэй чым у 2005 годзе).
Пастаянна ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, культуры, спорту, узводзілася жыллё. Толькі дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі штогод у раёне будавалася па 60 катэджаў.
А што чакае жабінкаўцаў у наступнай пяцігодцы? Кіраўнік раёна таксама назваў асноўныя лічбы развіцця. У прыватнасці, плануецца давесці рэнтабельнасць вытворчасці да 30%, выручку на аднаго працуючага да 93,6 мільярда руб. і сярэднемесячную зарплату да 3 млн.руб. Безумоўна, штуршок для сацыяльна-эканамічнага развіцця як у маштабах краіны, так і раёна, асобнага населенага пункта, дасць IV Усебеларускі народны сход.
Жабінкаўшчыну будуць прадстаўляць на ім шэсць чалавек. Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, раённаму аргкамітэту ад працоўных калектываў было прапанавана дастойных кандыдатур у некалькі разоў больш, таму задача выбару лепшых з лепшых аказалася дастаткова складанай. Пасля дэтальнага абмеркавання аргкамітэт прыняў рашэнне рэкамендаваць сходу ўпаўнаважаных наступных прадстаўнікоў: С.Д.Ашмянцава — старшыню Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутата абласнога Савета ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30, Р.У.Гароха —дырэктара ААТ “Ракітніца”, В.Р.Міронава — генеральнага дырэктара ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, В.А.Папковіч — настаўніцу пачатковых класаў СШ №3 г.Жабінка, М.В.Токара — старшыню Жабінкаўскага райвыканкама, М.А.Шпакоўскага — начальніка УП “Жабінкаўская ПМК-10”. Усе яны дастаткова вядомыя асобы. Вось толькі некалькі слоў пра кожнага з іх.
С.Д.Ашмянцаў другі раз запар красавіка сёлетняга года прадстаўляе раён у абласным Савеце дэпутатаў і пастаянна садзейнічае ў вырашэнні многіх пытанняў, як народны выбраннік ад нашай акругі.
Р.У.Гарох на чале сельгаспрадпрыемства з лютага 2009-га, зарэкамендаваў сябе адукаваным, ініцыятыўным і энергічным кіраўніком.
В.Р.Міронаў прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту — ад слесара службы галоўнага механіка да генеральнага дырэктара, дасканала ведае вытворчасць. Дзякуючы яго намаганням, стабілізавалася эканамічная сітуацыя на заводзе, пазбавіліся ад звышнарматыўных запасаў цукру, пашырыліся рынкі збыту, ідзе асваенне новых відаў прадукцыі.
В.А.Папковіч — пераможца раённага і абласнога конкурсаў “Настаўнік года”, удзельніца заключнага рэспубліканскага этапа. Віталіна Аляксандраўна — кіраўнік кансультацыйна-інфармацыйнага цэнтра школы і творчай групы раёна, якія аб’ядноўваюць настаўнікаў пачатковых класаў.
Новы імпульс атрымала эканамічнае і сацыяльнае развіццё раёна з прыходам у 2004 годзе М.В.Токара, які ўзначаліў Жабінкаўскі райвыканкам.
М.А.Шпакоўскі — вопытны будаўнік. Пад яго кіраўніцтвам калектыў ПМК-10 дабіўся значных поспехаў. Асноўная частка ўзводзімых аб’ектаў у горадзе і раёне пабудавана гэтай арганізацыяй.
Упаўнаважаныя раённага сходу аднагалосна прагаласавалі, каб названыя дэлегаты прадстаўлялі Жабінкаўшчыну на IV Усебеларускім народным форуме.
С.МІКАЛАЕВА.
На здымках: у час правядзення раённага сходу; дэлегаты IV Усебеларускага народнага сходу ад Жабінкаўшчыны: дырэктар ААТ “Ракітніца” Р.У.Гарох, старшыня абласнога Савета дэпутатаў, дэпутат абласнога Савета ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцаў, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаў, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама М.В.Токар. (Па ўважлівых прычынах на сходзе не прысутнічалі В.А.Папковіч і М.А.Шпакоўскі).
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top