Бліжэй да мары

Бліжэй да мары

З выдатным вынікам вярнулася з трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах дзесяцікласніца гарадскога ліцэя Вольга Чарнецкая. Яна заваявала дыплом І ступені па нямецкай мове. Алімпіяда праходзіла з 11 па ­­­­15 студзеня ў абласным цэнтры на базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.
Днямі я сустрэлася з Вольгай і яе педагогам Святланай Пташнік, якія раскрылі сакрэты такога поспеху.
– Падрыхтоўка да алімпіяды пачалася з верасня, з першых урокаў,– расказала Святлана Канстанцінаўна. – Перш-наперш надавалі ўвагу лексіка-граматычным тэстам, выконвалі заданні алімпіяд мінулых гадоў: раённых, абласных, рэспубліканскіх, а таксама з часопіса “Замежная мова ў Рэспубліцы Беларусь”. Займаліся дадаткова пасля ўрокаў, працавалі над маўленнем, сустракаліся на восеньскіх і зімовых канікулах. Волечка малайчына, нястомная руплівіца, старанная, адказная. Мы разумелі: каб мець добры вынік, трэба шмат працаваць, бо алімпіядныя заданні складаныя і ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў вельмі высокі. Абысці саперніка няпроста, таму што нават адзін бал можа ўсё вырашыць.
IMG_8673– Мне цікава было ўдзельнічаць у алімпіядзе, – уключылася ў размову Вольга. – Тут я сустрэлася з аднадумцамі, набыла новых сяброў. Нягледзячы на так званую ­­канкурэнцыю, мы падтрымлівалі адзін аднаго, суперажывалі. Цяпер час аналізу сваіх вынікаў. У першым туры выконвала лексіка-граматычны тэст, на які адводзілася 120 хвілін. Набраныя ў ім балы былі вядомыя праз два дні: з 80 магчымых у маёй скарбонцы апынуліся 73. Вынікі спецыяльна не агучваліся адразу, каб не хваляваць перад наступным турам – гаварэннем, які для мяне быў самым складаным. Але на ім пашанцавала з тэмай вуснага выказвання: “Школьныя гады – лепшыя гады”. У чым жа складанасць гэтага этапу? На падрыхтоўку даецца літаральна хвіліна, каб абдумаць і пачаць расказ па тэме, які павінен ісці згодна з планам – мець уступ, асноўную частку і заключэнне, а таксама не ўтрымліваць граматычных памылак і вызначацца насычаным і цікавым зместам. Каб перамагчы ў гэтым туры, неабходна гаварыць не менш за 15 хвілін. За расказ пра сваё школьнае жыццё атрымала 47 балаў з максімальных 50. А яшчэ быў і такі псіхалагічны момант: мой галоўны сапернік – навучэнец Брэсцкага чыгуначнага каледжа – перад маім уваходам у аўдыторыю выйшаў і аб’явіў, што ён атрымаў за выказванне 50 запаветных балаў. Гэтая навіна засела ў галаве і перашкаджала мне сканцэнтравацца, але я справілася. Апошнім было аўдзіраванне (успрыняцце іншамоўнага маўлення на слых). Адзін раз мы праслухалі тэкст, пасля чаго выконвалі тэставыя заданні, якія праверылі наша разуменне яго зместу. Да максімальных 40 балаў у гэтым туры мне не хапіла толькі аднаго.
Хачу колькі слоў сказаць пра журы. Яно было добразычлівым, але строгім. Судзілі нас тры выкладчыкі факультэта замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.С.Пушкіна. А яшчэ для ўдзельнікаў алімпіяды былі арганізаваны цікавыя мерапрыемствы: канцэрт у абласным цэнтры моладзевай творчасці ў дзень адкрыцця, экскурсіі ў музей краіназнаўства гімназіі №5 Брэста і батанічны сад Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сустрэча з выкладчыкамі ўстановы.
Абавязкова планую паўдзельнічаць у розных этапах алімпіяды па нямецкай мове на наступны год, бо гэты каштоўны вопыт, дадатковыя веды і сумесная работа з педагогам, спадзяюся, дапамогуць мне наблізіцца да запаветнай мары – стаць студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Вольга крыху адпачыла і ўжо 30 студзеня прадстаўляла Жабінкаўшчыну з работай па нямецкай мове на абласной канферэнцыі (конкурсе даследчых работ) навучэнцаў “З навукай у будучыню”, якая адбылася ў Драгічыне. З яе дзяўчына вярнулася таксама з дыпломам I ступені. Шчыра віншуем з перамогай! Рэспубліканскі этап канферэнцыі пройдзе ў лютым у Мазыры, куды Вольга паедзе ў складзе берасцейскай каманды навучэнцаў. У планах дзяўчыны і яе педагога перш-наперш падрыхтоўка да заключнага этапу алімпіяды па замежных мовах, які адбудзецца на вясновых канікулах у Віцебску. Найбольшая ўвага будзе надавацца маўленню, а яшчэ Святлана Канстанцінаўна раіць Вользе ў вольны час глядзець фільмы на нямецкай мове. З 15 па 19 лютага дзяўчына будзе рыхтавацца да заключнага этапу алімпіяды на зборах, што пройдуць на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Спадзяёмся, што Віцебск – паўночны абласны цэнтр нашай краіны – цёпла сустрэне адзіную прадстаўніцу Жабінкаўшчыны і падорыць ёй незабыўныя ўражанні і новыя дасягненні.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: дзесяцікласніца гарадскога ліцэя Вольга ЧАРНЕЦКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top