Жабінка назвала “новыя імёны”. Што скажа Брэст?

Жабінка назвала “новыя імёны”. Што скажа Брэст?

награды 121 праздник 033 роздолье  006Дзякуючы рэспубліканскаму прафсаюзнаму конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”, у жабінкаўцаў ёсць унікальная магчымасць прадэманстрававаць свае здольнасці і таленты.

Сёлета творчае спаборніцтва праходзіць пад дэвізам “Созидая – творить!” Нагадаем, конкурс ладзіўся і ў мінулым годзе, але тады ацэньвалася толькі выканаўчае майстэрства вакалістаў, да таго ж існавала строгае ўзроставае абмежаванне. Таму паўдзельнічаць маглі выключна маладыя песенныя таленты. Цяпер усе бар’еры знятыя, рамкі мерапрыемства пашыраныя, і ўдзельнікам дазвалялася не толькі праспяваць песню, але й станцаваць, сыграць на музычным інструменце, разыграць сцэнку, а таксама нешта змайстраваць, намаляваць, вылепіць, каб прыняць удзел у выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Тая выстава, што выклікала непадробную цікавасць у гледачоў, ладзілася ў гарадскім Доме культуры 15 студзеня, калі Жабінкаўскі раён святкаваў дзень нараджэння і эстафету ад Года моладзі прымаў Год культуры.
Прызнаемся, журы,
якое ўзначальвала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Уладзіміраўна Калыбская, было няпроста вызначыцца з лепшымі – з тымі, каму на пачатку сакавіка давядзецца абараняць гонар Жабінкаўшчыны ў горадзе над Бугам. Найперш уражвала разнастайнасць работ, выкананых у розных стылях і напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Саломапляценне, вышыўка, бісерапляценне, арыгамі, карціны, вышытыя крыжыкам і намаляваныя фарбамі… Але ж умовы адбору, на жаль, патрабавалі большасці сказаць “не” і толькі тром шчасліўчыкам выдаць пуцёўку на абласны этап. Выбар быў зроблены. Пераможцамі раённага этапу конкурсу ў намінацыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” сталі педагог-псіхолаг другой гарадской школы Ірына Коваль, рамонтнік штучных збудаванняў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Ігар Сарока і загадчык ДУА “Яслі-сад
в. Ракітніца” Вольга Гацкевіч.
Роўна праз тыдзень, 22 студзеня, у Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў адбылося вызначэнне найлепшых і ў другой намінацыі “Сцэнічная творчасць”. Да ўдзелу ў ёй запрашаліся тыя, хто захапляецца музыкай, танцамі, тэатральным мастацтвам. Было прадэманстравана 13 нумароў, паказаных як асобнымі выканаўцамі і дуэтамі, так і цэлымі калектывамі.
Вердыкт журы аказаўся наступным: на абласны этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016” ад нашага раёна паедуць ансамбль “Раздолле” клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (кіраўнік Аляксандр Чарнушыч), салістка Ірына Віткоўская, якая прадстаўляе інспекцыю МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне, і дуэт у складзе навучэнкі ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат” Каці Лось і педагога дадатковай адукацыі Эдуарда Пішчыка.
Такім чынам, Жабінка свае “новыя імёны” назвала. Цяпер слова за Брэстам. Пажадаем прадстаўнікам нашага раёна поспехаў на абласным этапе.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: пад час конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны
Беларусі – 2016”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top