Дапаможам пярнатым!

Дапаможам пярнатым!

_DSC9262

Нарэшце дачакаліся мы снежнай зімы! Як здорава з сябрамі катацца на санках, коўзацца з горкі, бегаць на лыжах па бялюткім снезе пад час урокаў фізкультуры. І, пакуль сохнуць пасля вясёлай прагулкі рукавіцы і боты, сагравацца гарачанькай гарбатай і назіраць у акно, як на вуліцы павольна апускаюцца на зямлю сняжынкі.
Толькі не ўсіх заварожвае зіма. Птушкі не могуць знайсці пад снегам корму, таму ляцяць бліжэй да чалавечага жытла з надзеяй чым-небудзь паласавацца. Мы з сястрой Дар’яй штогод развешваем ля дома кармушкі, сыплем у іх зярняты. Прыемна назіраць, як згаладалыя пярнатыя хуценька залятаюць у “сталоўку”, каб падсілкавацца. Сінічкі, мы заўважылі, ахвотна ласуюцца кавалачкамі нясоленага сала. За птушкамі цікуюць і нашы каты. З добрых, ласкавых мурлыкаў яны раптоўна ператвараюцца ў спрытных драпежнікаў-паляўнічых. Каб птушачкі не дасталіся на абед каму з іх, кармушкі (звычайныя празрыстыя кантэйнеры ад саладосцяў з адтулінамі-акенцамі) падвязваем як мага вышэй на дрэвы.
Назіраць за паводзінамі птушак вельмі цікава. Напрыклад, верабейчыкі ў кармушцы мітусяцца і гатовыя ўзляцець ад любога незнаёмага гуку. Сінічкі – больш смелыя, толькі абедаюць не чародкаю, а залятаюць па корм па адной.
Дарэчы, адна з сінічак заўважыла кавалачак сала ў новым месцы і нікому не “расказала” пра сваю знаходку – сама прылятала ў схованку на вішні двойчы на дзень, пакуль усё не з’ела. Аказваецца, і ў птушыным свеце ёсць свае ласуны і сквапнікі.
Я ўсім сябрам раю развесіць кармушкі і падтрымліваць нашых маленькіх пярнатых сяброў у маразы і завеі. Яны аддзячаць у цёплыя часы спевамі, будуць знішчаць насякомых у агародзе.
Марыяна ІВАНЮК, сябра гуртка “Юны журналіст” пры РЦТДіМ.
На здымку: гурткоўцы РЦТДіМ пад час рэспубліканскай акцыі “Дапаможам пярнатаму сябру” развешваюць кармушкі для птушак.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top