АЗЯТАМ – 500!

АЗЯТАМ – 500!

IMG_4512ВІЗІТОЎКА

Аграгарадок АЗЯТЫ – цэнтр сельсавета і прыватнага ўнітарнага аграпрадпрыемства “Азяты”. Размяшчаецца на поўдні раёна ў 18 кіламетрах ад Жабінкі і ў сарака – ад абласнога цэнтра.
Дзень нараджэння паселішча – 27 студзеня 1516 года. Сапраўдны дакумент пра тое захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску.
У сённяшнім населеным пункце – 8 вуліц, 253 двары, 553 жыхары. У Азяцкі сельсавет, які мяжуецца з Брэсцкім, Маларыцкім і Кобрынскім раёнамі, уваходзяць 11 вёсак і хутароў, дзе жывуць 1065 чалавек.
Ёсць вёска ў раёне
з назовам Азяты.
Народ тут жыве
працавіты, заўзяты.
Адкрыю вам тайну:
тут шчасце шукаю,
бо роднай старонкай
той край называю.
Любоў ПАБЯДЗІНСКАЯ.

 

Азяцкія ўладары

Сідар ГАЙКА (1516– 1527)
Мікалай ГАЙКА (1527– 1546)
Іван ГАЙКА (1546– 1569)
Пётр ЦЫПРЫСКІ (1569– 1594)
Яраш ЗВЕР (1594– 1605)
Гедэон СУМАРОК (1605– 1636)
Андрэй ПЯСЕЦКІ (1636– 1641)
Геранім САКАЛІНСКІ (1641– 1654)
Пётр ДУНІН-РАЕЦКІ (1654– 1659)
Цыпрыян БРАСТОЎСКІ (1659– 1674)
Ян БРАСТОЎСКІ (1674– 1695)
Ян НЕСТАРОВІЧ (1695– 1726)
Міхал НЕСТАРОВІЧ (1726– 1727)
Ян Пётр НЕСТАРОВІЧ (1727– 1757)
Ігнацій ВЫГАНОЎСКІ (1757– 1795)
Жуль дэ ПАЛІНЬЯК (1795– 1796)
Луі дэ ПАЛІНЬЯК (1796– 1832)
Аляксандр дэ ПАЛІНЬЯК (1832– 1839)
Павел ШАПЯТОЎСКІ (1839– 1860)
Багуміла ШАПЯТОЎСКАЯ (1860– 1871)
Іван, Казімір, Сцяпан ВЫГАНОЎСКІЯ (1871– 1912)
Ядвіга ДЗЯКОНСКАЯ (1912– 1922)
Артур БЯРТОЛЬДЗІ (1922– 1939)

IMG_3248

На здымку: валун у гонар 500-годдзя Азят.

СЛОВА ТРЫМАЮЦЬ БЫЛЫЯ СТАРШЫНІ

Хто лепш і больш ведае пра вясковыя справы, пра людскія турботы-клопаты, чым старшыня сельскага Савета, абраны на пасаду па волі жыхароў? Рытарычнае пытанне. З 1940-га па сённяшні дзень у спісе старшынь Азяцкага сельвыканкама 20 асобаў. Напярэдадні вялікага юбілею паразмаўлялі з некаторымі, каб даведацца, якім было жыццё ў часы, калі знаходзіліся яны пры пасадзе. 

IMG_8523Ірына Купрыянаўна ЗАПРУДСКАЯ:
– Мая малая радзіма – Старое Сяло, таму з маленства ведаю гэтыя мясціны, яны дасюль мне дарагія. Калі ра-зам з мужам Мікалаем Васільевічам паступіла ў Маскоўскую вышэйшую партыйную школу, выкладчыкі гаварылі: “Такога яшчэ ў нашай гісторыі не бывала, каб адначасова вучыліся і муж, і жонка”. У 1970-ым паводле рэкамендацыі першага сакратара райкама партыі Рыгора Архіпава стала старшынёй Азяцкага сельсавета.
Гэта быў час, калі вясковая моладзь пасля школы старалася ўладкавацца на вучобу і працу ў гарады. Змяншалася колькасць вучняў, наспела неабходнасць зачыніць пачатковыя школы ў Целяках, Баранах, Баранцах, Сычове, дзетак падвозілі ў сярэднюю, дзе стваралі ўмовы для атрымання ведаў. Тады ж пабудавана Старасельская базавая, а ў скверы ўсталяваны помнік Міхаілу Чарнаку. Разам з тым адчыняліся ФАПы (самы першы ўзнік менавіта ў Азятах), магазіны. За значныя поспехі калгас “Беларусь” пад кіраўніцтвам Вячаслава Мікалаевіча Лецкі, а затым Аляксандра Мікалаевіча Біча не раз меў пераходныя чырвоныя сцягі.
Старшыня сельсавета быў у аўтарытэце! Дзверы не зачыняліся ад наведвальнікаў – штодня сто і болей заяў клалася на стол, і з кожнай трэба было разбірацца. Востра стаялі пытанні пра знос хутароў, будоўлю новага жылля, закуп малака ды мяса ў насельніцтва (да слова, свойскі статак у Азятах налічваў да 400 кароў, а ў старасельцаў – нават каля 800 рагуляў, а цяпер жа… пяць!) Дарог тады, лічыце, зусім не было, узяліся рабіць іх з гравійным пакрыццём. Клапаціліся і пра могілкі, усёй талакой чысцілі іх, прыводзілі ў належны стан. З ліпеня 1977-га і на доўгія гады сакратаром сельсавета стала Любоў Сцяпанаўна Загорская. Праз яе рукі праходзіла шматлікае справаводства, рэгістрацыі шлюбаў, нараджэнняў… За адданасць справе ёй удзячныя і пазнейшыя старшыні.
Хапала спраў у тыя дзве пяцігодкі, як кіравала сельсаветам, але ж ёсць цяпер пра што ўспомніць…
Карэнных азятчукоў засталося ўжо мала, у асноўным людзі яны пажылыя. Найперш да іх хачу звярнуцца, здароўя пажадаць, каб жыццём цешыліся і ўсім расказвалі гісторыю сваёй вёскі.

Ганна Андрэеўна КАЧАН:
IMG_4480– Калі ў 1970 годзе разам з мужам Васілём Дзмі-трыевічам пераехала сюды, у вёсцы меўся адзін толькі двухпавярховы дом. Як стала старшынёй, пры непасрэдным удзеле сельскага Савета пачалося будаўніцтва сталовай, адчынілі ў Азятах другі магазін, з’явіліся крамы і ў навакольных вёсках, у Старым Сяле – лазня з басейнам.
Пасля чарнобыльскай аварыі людзей адсялялі з забруджанай зоны, для забудовы выбралі Азяты. Тутэйшыя разумелі, якая бяда ў перасяленцаў, і стараліся як мага хутчэй узвесці для іх дамы. Вясной 1992 года на новых вуліцах Гомельская і Моладзевая выраслі 15 дамоў.
Азіраючыся на ранейшыя часы, міжволі адчуваю настальгію па маладосці. Так, жыццё падавалася тады больш цікавым і яркім. Шмат ладзілі святаў (непасрэдным арганізатарам іх была дырэктар сельскага Дома культуры Зінаіда Іванаўна Карасцялёва). Найбольш запамінальныя – у Дзень Перамогі: нязменна ля дуба Чарнака збіраліся ветэраны, калектывы з усяго раёна. Ва ўсіх пачынаннях адчувалі дапамогу калгаса, які ўзначальваў Уладзімір Міхайлавіч Свірыдаў.
Сёння добра жывецца, сваімі поспехамі радуюць дзеці, унукі, ад таго і хваробы неяк менш дакучаюць. У дзень нараджэння шматвекавой вёскі жадаю Азятам і азятчукам мець бадзёрасці і шчасця на ўсе 500!
Віктар Іванавіч ЯКАЎЧУК:
– Мне выпала старшынстваваць у час няпросты, перабудовачны. Як прызначылі, павезлі з вяскоўцамі IMG_4595знаёміць, дык да Пералум’я і Целякоў нават нельга было даехаць. У тым, што дарогі да гэтых вёсак нарэшце “дацягнуліся”, неацэнная заслуга старшыні калгаса Уладзіміра Канстанцінавіча Філіпюка. Давялося клапаціцца і пра шашу ад Старога Сяла да Ракітніцы. Гэта справа стала мне наказам ад вяскоўцаў, калі вылучаўся кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета. Кожны, хто рухаецца цяпер гэтым шляхам, адчувае: наказ выкананы!
Амаль рубам стаяла пытанне пра закрыццё школы ў Старым Сяле – адстаялі. Пра адно толькі шкадую: не змаглі, не паспелі ўзвесці новы будынак Азяцкай СШ.
Азяты навучылі мяне працаваць з людзьмі, шукаць падыход да кожнага, унікліва ставіцца да чужых праблем. І цяпер азятчукі пра мяне не забываюць, штогод віншуюць з днём нараджэння, нярэдка звяртаюцца па дапамогу. Калі ў маіх сілах – адгукаюся.
Летась і пазалетась заклалі ля царквы сад – няхай растуць саджанцы, набіраюць сілу, радуюць азятчукоў наліўной садавінай. На здароўе! Калі яно будзе – і астатняе прыйдзе. Жывіце доўга, жывіце ў радасці!

Ганна Васільеўна ШКАРУПА:
KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA– Гэта не жарт, але ўпершыню трапіла ў Азяты 1 красавіка. Быў 1972 год. Пасля Ляхавіцкага саўгас-тэхнікума разам з сяброўкай размеркавалася на Жабінкаўшчыну. Толькі сышлі з цягніка, як пачулі: “Адпраўляецца аўтобус “Жабінка– Кобрын праз Азяты”. Яшчэ падумалася: “Што за назва дзіўная – нейкія азіяты?” А праз гадзіну туды і атрымала накіраванне!
Сем гадоў загадвала фермай, затым – вызвалены старшыня прафкама калгаса “Беларусь”, нарэшце, амаль 19 гадоў (больш за ўсіх астатніх) – старшыня сельвыканкама. Адстаўку атрымала таксама 1 красавіка. Год на двары стаяў ужо 2014-ы.
Што паспелі зрабіць за гэты час? Лічу, нямала. Напрыклад, узнікла ў Азятах вуліца Новая з 17 сучаснымі дамамі-катэджамі, якую газіфікавалі. Моцным штуршком у будучыню стаў 2007 год, калі ўзнік аграгарадок і ў сяло па-сапраўднаму прыйшло новае жыццё. Сфарміраваўся гістарычны цэнтр Азятаў з адноўленымі будынкамі клуба, магазіна, сталоўкі, комплексна-прыёмнага пункта, аддзялення сувязі, амбулаторыі, філіяла “Беларусбанка”. Былі знесены лядашчыя хаты, на месцы якіх ўзнікла новае камфортнае жыллё. І што немалаважна, людзі тварам павярнуліся да свайго храма, які перажыў рамонт, узнікла нядзельная школа.
Дарога нарэшце злучыла Азяты з Буснямі. Стагоддзямі ў паводку буснёўцы былі адрэзаны ад цывілізацыі, дарога патрэбная нібы паветра. І тыя мары-спадзяванні спраўдзіліся. Доўгі час Азяты заставаліся адзіным цэнтрам сельсавета на Жабінкаўшчыне, дзе не было помніка загінулым воінам-землякам. І вось да 70-ых угодкаў пачатку Вялікай Айчыннай своеасаблівую даніну памяці вярнулі тым, хто склаў галаву на вайне, калі ў цэнтры аграгарадка адкрылі велічны помнік. Так, непарыўная сувязь між мінулым і сённяшнім днём. Нездарма яшчэ раней паўстаў камень-валун з надпісам: “Упершыню ў 1516 годзе на старонках старадаўняй хронікі ўспамінаецца вёска Азяты”. Ужо тады, амаль дзесяцігоддзе таму, разумелі: час хуткаплынны, не паспееш і азірнуцца, як прыйдзе 2016-ы, а з ім і юбілей…
Што ж вам пажадаць, землякі? Галоўнае – здароўя і міру, дабрабыту і шчасця. Няхай Вера, Надзея і Любоў назаўжды прапішуцца ў вашых сэрцах, а Бог даруе і захоўвае нашу прыгожую вёску на тысячы гадоў!

ІВАН ДЫ МАР’Я

Яны жывуць на адной вуліцы – Цэнтральная. Але ў розных яе канцах. Ёсць і яшчэ адна істотная розніца.

Калі Марыя Ісакаўна Федасюк размяняла ўжо дзясяты дзясятак гадоў, дык Ваня Лысковіч – толькі першую сотню дзён ад нараджэння. Вядома, наймалодшы азятчук прамаўляе пакуль: “А-а-а-у-у-а”, а вось самая пажылая жыхарка старажытнага сяла надзвычай гаваркая. Таму за Івана “справаздачу” трымала матуля, а Мар’я пра сваё жыццё-быццё дзялілася ахвотна самастойна (дарэчы, не толькі словам – нават песняю).

IMG_4497Людміла ЛЫСКОВІЧ: 

– Я працую ў аддзяленні сувязі. Цяпер, вядома, даглядаю малых: Палінку (ёй па вясне будзе два гады) і Ванечку, які нарадзіўся летась, 17 кастрычніка. Тата ж хлопчыка хацеў (смяецца). Імя выбіралі разам. Тое, што Вове падабаецца, і мне даспадобы (тым больш – у маім родзе Іванамі называлі і дзеда, і прадзеда).
З дзецьмі мне пашанцавала: даюць маме паспаць, не турбуюць лішне. Ваня рана пачаў агукаць (дзесьці ў месяц). Адной з першых гэта заўважыла пляменніца Аня: “Ой, глядзіце! Язычком рухае – нешта хоча сказаць”. Сынок усмешлівы, як сонейка. Палінка з ім сябруе. Нават просіць, каб дазволілі на руках патрымаць, соску дае, цацкі.
Іван нарадзіўся амаль на Пакровы – гэткі найлепшы падарунак для матулі і бабулі. Як пацяплее, абавязкова пахрысцім яго ў нашай Азяцкай царкве. Няхай жыве ў шчасці-радасці з Божай дапамогай.
Сёння аграгарадку 500 – моцная дата. Я сама родам з Гомельшчыны, але ўжо прыжылася тут, знайшла ў Азятах другую сваю радзіму і шчасце. Жадаю ўсім азятчукам здароўя і поспехаў ва ўсіх іх пачынаннях.

Марыя ФЕДАСЮК:

IMG_4500– Нарадзілася я ў Літве, у бежанцах. Сагнала вайна лю-дзей з родных мясцінаў, але ж, як сцішылася трохі, вярнуліся ў родную старонку. Многа што памятаю, хоць і старая, а дасюль чую і бачу.
Раней жылі бедна-бедна, а цяпер жыві ды радуйся – усё ёсць! Я і пана Бяртольдзі памятаю (ён, як савецкая ўлада прыйшла, збег за мяжу). Добры быў чалавек, адукаваны, нікога не крыўдзіў. Бывае, пакліча дзяўчат, жанчын бульбу выбіраць. Лянівыя спрабуюць непрыкметна бульбіны закапаць, а ён кіёчкам паварушыць, адшукае і ціхенька так ушчувае: “Нельга ж так рабіць”. А вось, як брыгадзіраў над намі паставілі, тады ўжо “ўшчувалі” так, што паўсюль разносілася! Я працавітая была, двойчы замуж выходзіла. Ды абодва мужы аказаліся хваравітыя, вось і не было за мяне каму заступіцца. Цягнула і за сябе, і за яго. Людзі паважалі, нават ордэн атрымала за працу.
Няхай людзям так жывецца, каб спяваць хацелася. Каб тое гора, якое мы раней бачылі, ім не даставалася. І каб заўсёды: з Богам – у дарогу!

 

Летапіс пяці славутых стагоддзяў

1516 год, 27 студзеня – вялікі князь Жыгімонт Стары падараваў Азяты шляхціцу Сідару Фёдаравічу Гайку.
1555 год, 16 ліпеня – першая пісьмовая згадка пра Азяцкую царкву, названую “Мікульскаю” (Мікалаеўскай).
1566 год – паводле загаду караля Жыгімонта Аўгуста дзяржаўныя рэвізоры Іван і Дзмітрый Сапегі ўпершыню правялі перапіс насельніцтва і земляў сяла каралеўскага, названага Азятом.
1566 год, 11 сакавіка – першым у гісторыі кашталянам (мэрам) Брэста прызначаны азятчук Іван (Ян) Мікалаевіч Гайка.
1661 год, 8 снежня – уласнік сяла Цыпрыян Павел Брастоўскі атрымлівае ад караля Яна Казіміра Вазы правы на маставое мыта (падатак за праезд) у Азятах.
1674 год – з дазволу караля Яна Сабескага ўтварылася Азяцкае староства. Першым старостам прызначаны Ян Уладзіслаў Брастоўскі. (Заўвага. Нельга блытаць словы “стараста” і “староста”. Калі пасада сельскага старасты і цяпер існуе ў Азятах, дык функцыі старосты ўскладзены на старшыню сельвыканкама).
1720 – 1750-ыя гады – адбываліся адасабленні ад дзяржавы Азяты Вялікія (Каралеўскія) маёнткаў Азяты Малыя (Шляхецкія) і Азяты-Засаднікі. Сяло стала цэнтрам Азяцкага ключа Берасцейска-Кобрынскай эканоміі.
1795 год – загадам расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай створана Азяцкае графства, перададзенае ў валоданне французскаму роду Паліньякаў.
1840 год, 25 ліпеня – у Азятах нарадзіўся знакаміты этнограф, фалькларыст, педагог Юліян Фаміч Крачкоўскі (1840– 1903).
1861 год – утварылася Азяцкая воласць Кобрынскага павета Гро-
дзенскай губерні. У сяле дзейнічала валасное праўленне, адкрылася народнае вучылішча, пазней – пошта і ашчадная каса.
1870 гады, 18 кастрычніка – быў асвечаны новы Свята-Мікалаеўскі храм, пабудаваны клопатам настаяцеля Адама Лехачэўскага і мясцовых вернікаў.
1921 год, 4 лютага – вёска стала цэнтрам Азяцкай гміны (воласці) Кобрынскага павета Палескага ваяводства.
1940 год, 15 сакавіка – азятчукі аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку імя Варашылава. Першым старшынёй абраны Маісей Сідаравіч Макарук.
1940 год – у Азятах нарадзіўся Васіль Васільевіч Андруховіч (1940 – 1989), трактарыст-машыніст, кавалер ордэнаў Леніна, “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
1940 год, 12 кастрычніка – утвораны Азяцкі сельсавет Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Узначаліў сельскі Савет Лявонцій Багдановіч – змагар за незалежнасць Заходняй Беларусі ад Польшчы, паплечнік Міхаіла Чарнака.
1941 – 1945 гады – пад час Вялікай Айчыннай на тэрыторыі сельсавета фашысцкія захопнікі знішчылі 69 двароў, з франтоў вайны не вярнуліся 113 чалавек, 32 загінулі ў партызанскіх атрадах і падполлі альбо сталі нявіннымі ахвярамі акупацыйных уладаў.
1943 год, 25 мая – аперацыя партызан атрада імя Чарнака, якія знішчылі паліцэйскі ўчастак у Азятах.
1954 год, 30 жніўня – замест сямігодкі ўтворана Азяцкая сярэдняя школа (зачынена ў 2015-ым, пасля 61-га выпуску навучэнцаў).
1959 год – аб’яднанне калектыўных гаспадарак імя Варашылава (в. Азяты) і “Запаветы Леніна” (в. Старое Сяло), на базе іх створаны калгас “Беларусь” (сённяшняе ПУАП “Азяты”).
1970 – 1980-ыя гады – цэлая група працаўнікоў калгаса “Беларусь” стала ардэнаносцамі. У іх ліку – Васіль Уладзіміравіч Лінкевіч, Надзея Еўдакімаўна Кароткая і Павел Аляксеевіч Зэлька, Мікалай Якаўлевіч Адамук, Соф’я Васільеўна Пісюк і Уладзімір Харытонавіч Саўчук, Сцяпан Самуілавіч Мацюк, Марыя Ісакаўна Федасюк і Мікалай Мацвеевіч Бычак, Валерый Мікалаевіч Данілюк, Мікалай Феадосьевіч Зэлька і Васіль Дзмітрыевіч Качан, Сцяпан Кузьміч Каралюк, Мікалай Ануфрыевіч Макарэвіч і Таццяна Іванаўна Сабалеўская, а таксама начальнік мясцовага аддзялення сувязі Марыя Міхайлаўна Гапанюк. Слынны механізатар Пётр Кірылавіч Гумянка ў 1972 годзе атрымаў вышэйшую ўзнагароду СССР – ордэн Леніна.
1997 год – у Свята-Мікалаеўскім храме адбываліся святкаванні з нагоды паўвекавога служэння ў гэтай царкве айца Іаана Петручука, які быў узнагароджаны ордэнам у гонар прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені.
2007 год – Азяты, абвешчаныя аграгарадком, перажылі сапраўднае аднаўленне.
2009 год – старшыня Азяцкага сельвыканкама Ганна Васільеўна Шкарупа названа “Жанчынай года Брэсцкай вобласці”, прызнаная найлепшай сярод 81 жанчыны-старшыні, што ўзначальвалі на той час сельскія Саветы і сельвыканкамы.
2013 год, студзень – народны тэатр песні, гульні і гумару “Хмелеўскія валацугі” стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Непасрэдна ўзнагароду з рук Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі атрымлівала кіраўнік калектыву, нараджэнка Азят Наталля Аляксееўна Дырман. Неўзабаве да яе шматлікіх асабістых узнагарод дадалася яшчэ адна: галоўная “валацуга” названа “Чалавекам года” ў галіне культуры на Брэстчыне.

РАДАВЫ ВАЙНЫ, ПАДПАЛКОЎНІК МІРУ

IMG_3360Пасля Вялікай Перамогі дамоў вярнуліся каля 120 азятчукоў. Сёння ў страі жыцця ў сельсавеце засталіся толькі шэсць, трое з іх – у аграгарадку: Ярас Пятровіч Казачэнка, Уладзімір Харытонавіч Саўчук і Аляксей Філімонавіч Гумянка.
З апошнім сустрэліся ў ягонай хаце. Аляксей Філімонавіч карыстаецца гонарам і павагай з боку землякоў, жыве атулены клапатлівай любоўю дачок Алены і Надзеі. Калі бацька – радавы вайны, дык Надзея Аляксееўна Гумянка – першая ў гісторыі жанчына-падпалкоўнік у арміі незалежнай Беларусі.
Расказвае радавы вайны:
– У жніўні 44-га быў прызваны з Жабінкі ў войска, вучэбку праходзіў у Дзмітраве і Каломне пад Масквой, стаў тэлефаністам. Трапіў на І-ы Украінскі фронт (маршала Конева). Баявы мой шлях пачаўся з сапраўднага пекла – з Сандамірскага плацдарма. Давялося фарсіраваць Віслу, Одэр, з баямі прайсці Польшчу, Германію, Чэхаславакію.
Перад наступленнем на Берлін 24 дні прастаялі ў мястэчку Нідэрлангенау, дзе выпадкова сустрэўся з Георгіем Жукавым. Памятаю, ён хутка ішоў у атачэнні “світы”. Невысокі, каржакаваты, рэзкі ў рухах, раптам спыніўся каля траншэі, з якой я назіраў за немцамі, што стаялі за Нейсай, і спытаўся: “Што ў вас тут?” Я і адказаў: “Дзот і дот”. Вось і ўся размова радавога з маршалам. Праз суткі разведчыкі ўзялі “языка”, а затым пасля моцнай артпадрыхтоўкі адбыўся 4-гадзінны бой, у выніку якога адкрыўся шлях на Берлін, тады вельмі шмат немцаў і ўласаўцаў апынуліся ў палоне. Давялося разам з пяхотай цягнуць кабель да Рэйхстага, на якім пакінуў свой надпіс. Зрабіў даклад: “Сувязь усталявана!” Як дачакаўся радыстаў, вырашыў вяртацца ў сваю брыгаду. Аднак рух сярод войскаў быў такі, што не змог адразу яе адшукаць. Калі нарэшце на трафейным матацыкле дабраўся, за выкананне задання атрымаў падзяку перад строем.
Дзень Перамогі сустрэў паблізу Прагі. Запомніўся такі выпадак. Ішла калона ваеннапалонных, і чэхі, якія нацярпеліся ад акупантаў, пачалі немцаў “хрысціць” палкамі. Каб не чырвонаармейцы, мо і пазабівалі б, аднак камандзір дывізіёна маёр Бердычэўскі вельмі строга забараніў біць палонных. Пасля Чэхаславакіі апынуўся ў Венгрыі, а заканчваў службу толькі ў 1947 годзе ў Чачні, у Буйнакску.
Расповед працягвае Надзея ГУМЯНКА, падпалкоўнік у адстаўцы:
– Тата вярнуўся ў родныя Азяты, ажаніўся з матуляй Марыяй Філіпаўнай Яцэвіч. У 1949-ым нарадзілася Алена, а праз пяць гадоў і я. Закончыла Азяцкую СШ, два гады адпрацавала выхавальніцай у роднай школе. Пасля Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага стала загадчыкам агульнага аддзела Брэсцкага гарвыканкама, а з 1 лістапада 1982 года па прапанове палкоўніка Анатоля Фёдаравіча Макарава перайшла ў Брэсцкі аб’яднаны гарадскі ваенны камісарыят. Прыклад дзядзькі Рыгора Яцэвіча, які ў 1960-ыя быў начальнікам міліцыі горада над Бугам, расказы бацькі падштурхнулі апрануць вайсковую форму. Мой шлях – ад дзвюх маленькіх зорак на пагонах да дзвюх вялікіх.
Згадваецца шмат жыццёвых сітуацый. Трошкі смешных, крыху журботных.
Дзень Перамогі. Іду ў форме па Брэсце. Чую хлопчык пытаецца ў маці: “Мама, мама! А што цёця з вайны вярнулася?!” Альбо такі выпадак. Затрымалася на працы. Сядаю ў таксічку, працягваю кіроўцу 500 рублёў. А ён: “Не трэба гэтага, таварыш падпалкоўнік”. Я міжволі сябе агледзела (мо забылася ў “грамадзянку” пераапрануцца? Не – няма зорак на плячах…) Ці – яшчэ здарэнне. Прыйшла тэлефанаграма: збег салдацік, каб лёс малады не ламаць, трэба тэрмінова вярнуць у часць. Адна арганізацыя выдзеліла транспарт, каб наведаць сям’ю самавольніка. У дарозе вадзіцель раптам гаворыць: “І чаму яны бягуць ад службы? А вы мяне не памятаеце?.. Дзякую, вы з мяне чалавека зрабілі. Малады быў, спакусаў шмат, хацеў ад арміі “адкасіць”. А вы, выступаючы перад намі, прызыўнікамі, сказалі гэтак рэзка: “Я, жанчына, служу, а вы што не можаце?! Вы ж мужыкі!” Зачапіла, сорамна стала. Адслужыў, чалавекам сябе адчуў, мужчынам, дзякуй вам!”
Такія словы дарагога вартыя. Жыву цяпер бацькавымі клопатамі. Сёння пры ім мая галоўная служба.
На здымку: Аляксей Філімонавіч Гумянка з дочкамі Аленай і Надзеяй.

 

Ёсць вуліца Крачкоўскага ў Азятах.
Іду па ёй няспешна. Мне здаецца,
Напеў гучыць і напаўняе сэрца:
“Зямля мая, о колькі для чужыны
Сыноў сваіх ты ўзгадавала слынных,
Узлёт якіх святы, высакародны –
Цябе навек праславіў, краю родны!
Няхай не ўсе жылі на Беларусі –
Я імі ганаруся…
Табою ганаруся!”

Расціслаў БЕНЗЯРУК

 

Старшыні сельсавета і сельвыканкама

Лявонцій БАГДАНОВІЧ (1940– 1941)
Васіль САВІЧ (1944– 1945)
Пётр ЗЭЛЬКА (1945– 1946)
Іван ЛЯЎЧУК (1946– 1947, 1947– 1949)
Васіль РАМАНЮК (1947)
Цімафей ДАБРАЛІНСКІ (1949– 1950)
Ганна АНДРАСЮК (1950– 1953)
Франц КАСПЯРОВІЧ (1953– 1956)
Павел БАРЫСАЎ (1956– 1959)
Мікалай ШПАК (1959)
Сяргей КУРАЧКІН (1959– 1961)
Уладзімір ГАЦЯЛЮК (1961– 1963)
Васіль МАТЫСЬ (1963– 1967)
Мікалай СЛАВУЦІЧ (1967– 1969)
Яўген РАГАЛЕВІЧ (1969– 1970)
Ірына ЗАПРУДСКАЯ (1970– 1980)
Ганна КАЧАН (1980– 1988)
Віктар ЯКАЎЧУК (1988– 1995)
Ганна ШКАРУПА (1995– 2014)
Ларыса ХАРС (з 2014)

 

Колькасць насельніцтва

 

1795 г. – 674 чалавекі
1816 г. – 699
1865 г. – 652
1897 г. – 714
1935 г. – 583
1970 г. – 543
1998 г. – 638
2016 г. – 553

Падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК, фотаздымкі аўтара і Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*