Першы шлюб у абноўленай зале

Першы шлюб у абноўленай зале

_DSC9369

Самыя ўрачыстыя моманты ў жыцці кожнага чалавека – вяселле, народзіны, юбілеі – павінны выклікаць светлыя, чыстыя, прыгожыя пачуцці. Месцам, адкуль бярэ пачатак святочная па-дзея, з’яўляецца загс. У Жабінцы ён размяшчаецца ў будынку падатковай інспекцыі. Ягоныя гаспадыні Галіна Пятроўна Аксюцік і Наталля Мікалаеўна Варатнікова апошнім часам былі заклапочаны не вельмі святочна-шчымлівым станам залы, дзе рэгіструюцца шлюбы, нараджэнні немаўлятак, сярэбраныя і залатыя вяселлі…
Хваляванні супрацоўніц загса адышлі ў мінулае, збыліся мары-пажаданні маладых людзей, гасцей Жабінкаўшчыны. Абноўленая зала ўрачыстых цырымоній аддзела загса ў студзені прыняла сваіх наведвальнікаў: першымі ў ёй атрымалі пасведчанне аб заключэнні шлюбу Валерыя і Руслан Вабішчэвічы (на здымку), якім хочацца пажадаць захаваць трапяткое пачуццё на ўсё жыццё, прыгожа і шчасліва, у згодзе і даверы ісці сямейнай дарожкай.
Хто ж паклапаціўся пра тое, каб у гэтай зале маглі прыгожа і рамантычна рэгістраваць не толькі шлюбы, але і нараджэнне маленькіх жабінкаўцаў, шанаваць юбіляраў сямейнага жыцця.
– Таямніцы ў гэтым ніякай няма, – гаворыць начальнік аддзела загса Галіна Аксюцік. – Абнаўленне-рамонт праве-дзены за кошт сродкаў раённага бюджэту. Асаблівую ўдзячнасць выказваем начальніку падатковай інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне Любові Ярмашук за яе неабыякавасць да чужых праблем, настойлівасць, невычэрпную энергію, жаданне і талент зрабіць для людзей шмат цікавага і прыгожага, а таксама начальніку ПМК-10 Мікалаю Шпакоўскаму. Пры яго непасрэдным кіраўніцтве, творчай ініцыятыве ўдалося рэалізаваць задуманы праект. Словы ўдзячнасці выказваю за фінансавую дапамогу і падтрымку кіраўніку фермерскай гаспадаркі “Бярозка Кузнец А.Г.” Сяргею Кузняцу, старшыні СВК “Рагазнянскі” Аляксандру Семенюку, прадстаўнікам малога бізнесу Мікалаю Сасноўскаму і Васілю Шурубейку. Усе гэтыя неабыякавыя людзі ўклалі часцінку сваёй душы, магчымасцей, каб падзеі, якія адбываюцца ў загсе, сталі больш памятнымі і ўрачыстымі.
Свае думкі выказалі і госці, якія прысутнічалі на ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу.
– Столькі святла, здаецца, што зала стала большай, – гаворыць бабуля маладой Соф’я Якаўлеўна Струк. – Утульна, сучасна, цудоўна, з густам. Нават слоў не падабраць, каб выказаць усе тыя пачуцці, што выклікае ўбачанае. Вялікі дзякуй за такі падарунак мясцовай уладзе і ўсім неабыякавым да прыгажосці людзям.
А гаспадыні загса запрашаюць на ўрачыстасці і зычаць усім зарэгістраваным парам жыць доўга і шчасліва, прыгожа і дастойна, так, як пачынаецца іх сямейная гісторыя.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top