Крыніца свяціцеля Мікалая

Крыніца свяціцеля Мікалая

IMG_4580 IMG_4589 На вялікае хрыс-ціянскае свята Хрышчэння Гасподняга журналіст “Сельскай праўды” пабываў на Камянеччыне, дзе на хутары Вяжное месціцца крыніца свяціцеля Мікалая – месца асаблівага шанавання ў праваслаўных вернікаў, і разам з іншымі акунуўся ў іардані.

ПЕРАД ПАЕЗДКАЙ па святых мясцінах спытаўся ў святара Сергія Петрусевіча, чаму чын вялікага асвячэння вады здзяйсняецца двойчы: 18 і 19 студзеня. Дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі адказаў:

– У старажытнахры-сціянскай практыцы напярэдадні Богаяўлення адбывалася хрышчэнне апавешчаных – тых, хто рыхтаваўся да ўступлення ў Царкву. Як вядома, у момант хрышчэння людзей асвячаецца і вада. Таму сённяшняя царкоўная практыка асвячаць ваду не толькі ў дзень свята, але і напярэдадні, ёсць астаткам старажытнай традыцыі хрышчэння апавешчаных. Маскоўскі Сабор 1667 года ўзаконіў двухкратнае водаасвячэнне – у навячэр’е і ў дзень Богаяўлення. 18 студзеня яно адбываецца ў храмах, а ў свята, на наступны дзень, звычайна на рэках, у крыніцах ці калодзежах (у так званых іарданях) – у гонар Хрышчэння Збавіцеля, бо Гасподзь хрысціўся па-за храмам.

ПАЛКОЎНІК ЗАПАСУ Мікалай Піліпчук, колішні начальнік аддзела навукова-даследчай работы Галоўнага штаба ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, пасля выхаду ў адстаўку пасяліўся на малой радзіме. Яшчэ з часоў лётнай службы практыкаваў абавязковае купанне на Дабравешчанне. Вакол яго гуртуецца група такіх самых аматараў здаровага ладу жыцця з Жабінкі.

– Многія лічаць (і ў гэтым іх памылка), што ўжо само абмыванне ў крыніцы здымае грахі, – гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. – Супраць граху ёсць толькі адна “зброя” – шчырая пакаянная малітва. Таму перш-наперш мы наведваем у Вяжном службу ў Свята-Мікалаеўскім храме і толькі затым рухаемся да крыніцы. Той, хто жадае, падрыхтаваны маральна ды фізічна, мае магчымасць не толькі набраць асвечанай вады, але й акунуцца ў іардань.

Тутэйшыя расказваюць: крыніца заструменела ў 1981 годзе, калі святкаваліся 210-ыя ўгодкі царквы. Паблізу рылі абвадны канал, як раптам з-пад каўша бульдозера ўзняліся моцныя фантаны, што з часам ператварыліся ў крыніцы. У адным са сталічных навукова-даследчых інстытутаў працавала дачка мясцовай жыхаркі. Узялі пробы вады, і якім жа было агульнае здзіўленне, калі ў яе саставе выявіліся шматлікія карысныя элементы, неабходныя для чалавечага арганізма.

На гэтым месцы ўладкавана купальня для абмывання і пабудавана каплічка. У 2002 годзе крыніца ў гонар свяціцеля Мікалая была асвечана, а неўзабаве з блаславення епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана ўзведзены скіт жаночага манастыра ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

ЛЮДЗЕЙ ПАБЛІЗУ КРЫНІЦЫ было дастаткова многа. Большасць усё ж лічыла за лепшае заставацца ў ролі назіральнікаў. Зразумела, не кожны адважыцца распрануцца на 10-градусным марозе і залезці ў ваду, якая хоць і мела плюс, ды не больш трох градусаў. Да таго ж узняўся непрыемны пранізлівы вецер. Аднак мае ваганні перакрэсліла пажылая жанчына, што на пытанне: “Ну як вадзіца?” – адказала з бадзёрай усмешкай: “Божая!”

Першы крок заўсёды няпросты. Аднак сумненняў ужо не заставалася.

Усяго некалькі хвілін – і мароз адступае, па целе разліваецца прыемнае адчуванне: спачатку быццам скуру колюць дробныя іголачкі, а затым надзвычай прыемнай хваляй прыхо-дзяць цеплыня, заміранне і супакой.

…Словамі ўсяго не выказаць. Таму раю кожнаму хоць аднойчы пераадолець боязь, сумненне, недавер і ўвайсці ў асвечаную ваду.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: Свята-Мікалаеўскі храм у Вяжном; каля крыніцы свяціцеля Мікалая. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top