Храм будуем разам. Ёсць складанасці

Храм будуем разам. Ёсць складанасці

_DSC3628

Інтэрв’ю з дабрачынным цэркваў Жабінкаўскай акругі святаром Сергіем Петрусевічам.
– Прайшло пяць гадоў, як Праасвяшчэнны Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі асвяціў месца пад будаўніцтва праваслаўнага храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Чаму менавіта такая назва ў новага храма?
– Сапраўды, больш як пяць гадоў таму, 29 мая 2010 года, у нашым горадзе адбылася асабліва знакавая гістарычная падзея – асвячэнне месца і закладка першага каменя ў фундамент новага храма ў гонар свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага. Чаму было вырашана назваць гэтую святыню яго імем?
У Брэсцкай вобласці няма ніводнага храма, прысвечанага гэтаму святому. У Івацэвічах у храме ў гонар абраза Божай Маці “Дзяржаўная” ніжняя яго частка асвечана ў гонар Кірылы Тураўскага, з’яўляючыся толькі часткаю вялікага комплексу. Наш горад стаў першым на Берасцейшчыне, дзе дзякуючы ўтварэнню прыходскай абшчыны і будаўніцтву самастойнай святыні будзе ўвекавечана памяць свяціцеля Белай Русі, чые літаратурныя працы ўвайшлі ў залаты фонд старажытнарускай спадчыны.
– Нягледзячы на тое, што імя гэтага святога займае выключнае месца ў гісторыі нашай Айчыны, ведаюць пра яго нямнога. Можа быць, будаўніцтва выкліча цікавасць да асобы гэтага чалавека? Якія яшчэ можна зрабіць крокі ў гэтым накірунку?
– Маючы такую магчымасць, нагадаю асноўныя жыццёвыя старонкі святога. Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі – самая славутая асоба, якую нарадзіла Турава-Пінская зямля. “Блажэнны Кірыл быў нараджэннем і выхаваннем з горада Турава, што ў рускім краі, багатых бацькоў сынам”, – чытаем у Жыціі свяціцеля, напісаным, верагодна, яшчэ ў XII стагоддзі. Нарадзіўся ён каля 1113 года ў арыстакратычнай сям’і. Яго бацька, відаць, займаў высокую пасаду ў атачэнні вялікага князя. Будучы святы атрымаў тагачасную класічную грэчаскую адукацыю, з дзяцінства дома (або пры манастыры) пад кіраўніцтвам настаўнікаў-грэкаў “асабліва старанна чытаў свяшчэнныя кнігі”, глыбока асэнсоўваючы іх змест і сутнасць. Яго літаратурна-багаслоўская спадчына сведчыць, што, акрамя славянскай, ён валодаў грэчаскай мовай, прайшоў вышэйшы курс граматыкі, глыбока ведаў Свяшчэннае Пісанне, устаўную, апакрыфічную, агіяграфічную і свята-айцоўскую літаратуру.
Яшчэ ў маладым узросце (каля 1123 года) Кірыл адмовіўся ад спадчыны бацькоў і прыняў пострыг у тураўскім Мікалаеўскім манастыры. Каля 1143 года прыняў святарскі сан, стаў іераманахам, а праз год па волі браціі стаў настаяцелем Мікалаеўскага манастыра ў сане ігумена.
Аднак, каля 1159 года паводле “малення князя і народа” Кірыл вымушана пакінуў затвор і пайшоў на “грамадскае служэнне” – тураўскае веча выбрала яго на епіскапскую кафедру. Свяціцель прыклаў шмат намаганняў, каб уладкаваць царкоўнае жыццё Тураўскай епархіі, змагаўся з ерасямі і кананічнымі парушэннямі, займаўся прапаведніцкай і літаратурнай дзейнасцю, клапаціўся пра будаўніцтва новых храмаў.
Асабліва шырока разышлася слава пра епіскапа, дзякуючы яго дару боганатхнёнага прапаведніцтва.
Схільны да адзіноты, свяціцель праз некаторы час пакінуў епіскапскую кафедру і, верагодна, прыняўшы вялікую схіму, цалкам прысвяціў сябе напісанню духоўных твораў. Лічыцца, што апошнія гады ён правёў у тураўскім Барыса-Глебскім манастыры. Памёр каля 1183 года. Пахаваны, паводле падання, на тураўскіх Барыса-Глебскіх могілках.
Зразумела, ягоная асветніцкая духоўная спадчына вартая яшчэ большага ўшанавання, у тым ліку і на жабінкаўскай зямлі. Магчыма, было б справядлівым разгледзець пытанне пра ўзвядзенне яму помніка ў горадзе пры актыўным удзеле жабінкаўцаў. Дастойны падарунак ад нас маглі б атрымаць дзеці, калі б мы паклапаціліся аб тым, каб яго імем была названа вуліца ў райцэнтры. Чаму б не прымеркаваць да дня памяці свяціцеля (11 мая) агульна-гарадскія ўрачыстасці? Гэтыя канкрэтныя ме-рапрыемствы сталі б выказваннем нашай любові і павагі да сваёй гісторыі, яе выдатнейшых асобаў, захавалі б памяць пра тых, хто стаяў ля вытокаў Белай Русі.

IMG_7583– Айцец Сергій, скажыце, калі ласка, на месцы будоўлі ўжо былі службы, і чаму яны
прысвячаліся?

– З 2012 года на месцы ўзвядзення святыні здзяйсняецца малебен з Акафістам свяціцелю Кірыле Тураўскаму ў дзень яго царкоўнай памяці.
– З дапамогай Божай і ўдзелам неабыякавых людзей будуецца храм. Каму даручана гэтая справа? З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца пад час будаўніцтва? Магчыма, праводзіліся нейкія акцыі, мерапрыемствы па зборы сродкаў?
– Заказчыкам будаўніцтва выступае рэлігійная абшчына “Праваслаўны прыход храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага г.Жабінка”. Генеральным падрадчыкам з’яўляецца ДВПБУП “Аб’яднанне Брэстаблсельбуд”. Будаўнічыя работы па праекце ЗАТ “Буг-праект” выконвала УП “Брэсцкая СПМК-6”. Асаблівых цяжкасцей і праблем не назіралася, калі не ўлічваць фінансавых. Дзякуючы былому генеральнаму дырэктару “Аб’яднання Брэстаблсельбуд” жыхару Жабінкі Пятру Мікалаевічу Масальскаму будаўніцтва не спынялася.
Што датычыцца акцыі па зборы сродкаў, то для большасці гараджан памятная “Купі цагліну для храма”, якая праводзілася ў самым пачатку будаўніцтва для набыцця асноўнага матэрыялу – цэглы. Сабраных сродкаў хапіла на закупку 80 працэнтаў яе.
– Хто самыя актыўныя вашы памочнікі ў вырашэнні фінансавых праблем, дый іншых? Варта ўзгадаць, хто ўнёс і ўносіць самы важкі ўклад у будаўніцтва?
– Спонсараў з сур’ёзным капіталам няма. Пастаяннай фінансавай падтрымкі будаўніцтва не мае, за выключэннем прыватных ахвяраванняў звычайных людзей, сярод якіх пенсіянеры і людзі сярэдняга дастатку, у асноўным вернікі Свята-Пакроўскага храма Жабінкі. Практычна ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў горада з разуменнем адносяцца да нашых праблем і заўсёды аказваюць пасільную дапамогу. Яна праяўляецца ў асноўным у людскіх рэсурсах і тэхнічнай падтрымцы, а часам і ўносяцца асабістыя фінансавыя зберажэнні. Дзякую Богу за сустрэчы з добрымі і чулымі людзьмі, якія аказалі матэрыяльную, адміністрацыйную і іншую дапамогу ў нашай агульнай справе. У кожным богаслужэнні ў храме і хатняй малітве прашу Бога блаславіць усіх, хто імкнецца дапамагчы ў добрай і патрэбнай для людзей справе.
– Айцец Сергій, што ж зроблена ўжо? Якія наперадзе работы?
– Усе гэтыя пяць гадоў актыўна вялося будаўніцтва. Яшчэ 2015 год мы сустрэлі з храмам, які мае завершаны знешні выгляд і радуе наш погляд зіготкімі на сонцы крыжамі. Трэба адзначыць, што ўзведзены ён у вельмі сціслыя тэрміны. Дзякую Богу і людзям, што мы не спынілі работы пад час цэглавай кладкі і не пакінулі храм адкрытым усім вятрам, дажджам, ураганам. Нягледзячы на недахоп сродкаў, будаўніцтва працягвалася, каб прыдаць яму прыгожы знешні выгляд.
Цяпер неабходна заняцца ўнутранай апрацоўкай, правесці электрамантажныя і сантэхнічныя работы, вентыляцыю, пажарную і ахоўную сігналізацыі, ацяпленне, вырабіць іканастас, набыць царкоўнае начынне, без якога немагчыма праводзіць богаслужэнні.
Не менш важным з’яўляецца і будаўніцтва духоўна-асветніцкага цэнтра, без якога немагчыма абслугоўванне самога будынка, а таксама арганізацыя нармальнага прыходскага жыцця. Гэтыя прыемныя клопаты не азмрочаць ніякія знешнія абставіны, але ў душы хвалююся і перажываю над будучыняй нашай агульнай справы.
На працягу пяці гадоў усе сабраныя ахвяраванні накіроўваліся на пакупку будаўнічых матэрыялаў, пры гэтым само будаўніцтва не аплачвалася ў поўнай ступені, што прывяло да вялікай запазычанасці за выкананыя работы перад “Брэстаблсельбудам”. Цяпер наша галоўная задача – пагасіць гэтыя затраты.
– Ці дастаткова ахвяраванняў, каб работы працягваліся?
– Не! Гаварыць аб прадаўжэнні іх праблематычна. Паводле падпісанага графіка на пагашэнне запазычанасці абшчына павінна штомесяц выдаткоўваць будаўнічай арганізацыі 70 мільёнаў беларускіх рублёў, а да чацвёртага квартала 2016 года выйсці на 500 мільёнаў. Сума вялікая, а ахвяраванні мізэрныя. На жаль, не бачым шляхоў вырашэння гэтага пытання.
– Як вы думаеце, калі ўсё ж такі завершацца работы на будоўлі? Што патрэбна для паскарэння будаўніча-мантажных работ?
– Гэта хвалюе вельмі многіх і пры неабходным фінансаванні можа быць вырашана ў бліжэйшай перспектыве. Што трэба? Матэрыяльная дапамога насельніцтва горада. Зробім нескладаныя арыфметычныя разлікі, выкарыстоўваючы прыведзеныя ніжэй лічбы. У горадзе жыве 13353 чалавекі, 95 працэнтаў з іх паводле хрышчэння адносяцца да Праваслаўнай Царквы. Гэта значыць, тэарэтычна ўсе яны павінны наведваць у нядзельныя дні храм, а таксама дапамагаць сваёй Царкве вырашаць і бытавыя праблемы.
Сёння ў горадзе будуецца новая святыня, якая вельмі неабходная. Хто наведвае Свята-Пакроўскі храм, разумее, аб чым ідзе размова. Адных толькі вучняў у нядзельнай школе 177 чалавек, а храм разлічаны на 200. Безумоўна, многа. На будаўніцтва ахвяруюць штомесячна 50-60 чалавек. Колькі павінны ахвяраваць гэтыя людзі, каб завяршыць будаўніцтва, якое ацэнена ў 800 тысяч долараў? І колькі трэба ахвяраваць усім, калі ў будаўніцтве будзе ўдзельнічаць, скажам, 10 тысяч чалавек? Праблема, якая ёсць, вырашыцца тады, калі ўсе праваслаўныя гараджане прыйдуць на дапамогу сваёй Царкве, якая сёння ў ёй мае патрэбу, таму што ажыццяўляе справу, якой няма роўнай у гістарычным і духоўным значэнні.
Хачу нагадаць усім, хто сябруе з раёнкай і каго кранулі праблемы, звязаныя з будаўніцтвам храма ў гонар Кірылы Тураўскага, пра банкаўскія рахункі, куды можна пералічыць свае ахвяраванні.
Банковские реквизиты прихода: р/сч 3015600970017 в РКЦ
№ 2 Филиала ОАО “Белагропромбанк” Брестского областного управления, БИК 150501401, УНП 201010929 (Добровольное пожертвование на строительство храма).
Адрес прихода: 225101, ул. Кирова, 112 “А”, г. Жабинка, Брестская область. Пожертвования можно также передавать в Свято-Покровский храм
г. Жабинка.
– Айцец Сергій, дзякуй вам за шчырую гутарку, спадзяёмся, што знойдуцца неабыякавыя людзі да сённяшніх фінансавых праблем, якія ўзніклі на будаўніцве храма ў Жабінцы.
Інтэрв’ю правяла Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top