Малая Родина моих родителей

Малая Родина моих родителей

Гэтым летам я пабывала на Століншчыне – падарожнічала па «краіне» майго дзяцінства, дзяцінства маіх бацькоў.
… Еду па знаёмай дарозе. Паабапал стаяць і машуць галінкамі сяброўкі-бярозкі, а вось маладзенькі сасоннік, які ўжо здалёк усміхаецца мне, праехалі стары дуб, ён шапнуў, што вельмі рады сустрэчы. А як я рада! Нарэшце – прывітанне, Гарадная!
Мы высаджваемся на цэнтральнай плошчы вёскі каля Дома культуры. Менавіта тут у 2003 годзе адкрыўся Цэнтр ганчарства.
Яго гаспадыня — Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец. Жанчына, улюбёная у сваю справу, яна праводзіць экскурсіі і расказвае многа цікавага пра цуды гліны.
У Цэнтры захоўваюцца фотаздымкі ганчароў славутай мясцовай дынастыі – двух братоў, Ярмолы і Сцяпана Мірановічаў, і іх сыноў. Праўнукі знакамітых майстроў цяпер таксама вучацца ганчарнаму рамяству. Мяне ўразілі гісторыі аб людзях-легендах. Мацвей Пячонка рабіў гаршкі адной левай рукой. Аўраам Басавец у 2003 годзе атрымаў грант Прэзідэнта краіны за адраджэнне народных традыцый. Арсен Шэлест летась перамог у рэспубліканскім конкурсе ганчароў і атрымаў званне лепшага ганчара краіны. Ён сам здабывае гліну ў кар’еры, недалёка ад вёскі, і самай лепшай для гаршкоў лічыць шэрую, якая залягае на глыбіні 5-10 метраў.
Цэнтр ганчарства з’яўляецца адначасова і майстэрняй, і музеем. У адным пакоі – сапраўдны ткацкі станок, на якім дзяўчынкі ткуць дарожкі, у другім сабраны гліняныя вырабы, на пачэсным месцы, упрыгожаным зверху старадаўнім ручніком, захоўваецца самы паважаны па ўзросце 300-гадовы гаршчок-«паляк».
Вырабы адрозніваюцца адзін ад аднаго сваімі памерамі: «паляк» змяшчаў больш як пуд збожжа, а «мамзэль» усяго адзін кілаграм. Посуд меў сваю адметную назву: 2 л – «паўзлівач» і «семак», 3 л – «злівач», 6-8 л – «пададзінец».
Па легендзе людзі пасяліліся ў Гарадной з-за вялікіх запасаў гліны. У пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы было каля пяці соцень ганчароў. Цэлымі сем’ямі займаліся ганчарскай справай, бацька перадаваў майстэрства сыну, і дзякуючы продажу гліняных вырабаў, людзі жылі. Ужо у пачатку ХIХ стагоддзя белагліняную гараднянскую кераміку вывозілі ў Варшаву, Вільню, ва Украіну, Кіеў, Мінск. Забяспечвалі сваімі вырабамі практычна ўсё прыпяцкае Палессе.
У былыя часы майстры развозілі свае вырабы па вёсках самі, не звярталіся да паслуг пасрэднікаў. На павозку ці сані асаблівым чынам змяшчалі да тысячы разнастайных гаршчкоў, завернутых у салому ці сена. Дарэчы, ніводны, едучы па палескім бездарожжы, ніколі не разбіваўся. Цікава, што раней, калі хлопец не ўмеў рабіць гаршкі, за яго мясцовая дзяўчына замуж не ішла, ён вымушаны быў вучыцца гэтай справе.
Прыемна і радасна, што ганчарства дагэтуль жыве ў Гарадной. Гэтую старадаўнюю традыцыю адраджаюць школьнікі, вучацца працаваць з глінай у гуртках.
У ганчарным Цэнтры заўсёды мнагалюдна. Сюды прыязджаюць школьнікі з усёй Беларусі, нават з замежжа. Пабывалі тут экскурсанты з Швецыі, Англіі, Германіі і Польшчы. Ужо другі год запар у Гарадной праводзіцца Еўрапейскі ганчарны фэст. Вырашаецца пытанне аб наданні ганчарнаму цэнтру статуса Нацыянальнага.
… Пасля экскурсіі мы яшчэ доўга размаўлялі з Алімпіядай Дзмітрыеўнай, а потым яна падаравала некалькі гліняных гаршочкаў і параіла смажыць у іх бульбачку. Дамоў я вярталася радасная і шчаслівая ад сустрэчы.
Д.Нiканчук, вучаніца 10 «А» класа СШ №1 г.Жабiнка, сябра гуртка “Юны журналіст”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top