Ці можна ўзважыць шчасце?

Ці можна ўзважыць шчасце?

_DSC4437Арсенію Цэсляку споўніўся месяц. Самы час завітаць у дзіцячую кансультацыю, каб даведацца, на колькі сантыметраў падрос ці набраў вагу. Тата Сяргей асцярожна распранае першынца, а медсястра спрытна абмярае маленькага, кладзе на электронныя вагі.
Доктар прыходзіць да высновы, што дзіцятка развіваецца нармальна.
Назіраючы, як тата далікатна трымае на руках сыночка, медсястра Ларыса Бародзіч, гледзячы на матулю немаўляткі, заўважае:
– Час бяжыць імкліва! Здаецца, ты, Юлечка, сама нядаўна сюды маленькай хадзіла, а цяпер во, мамай стала!
Тая ў адказ смяецца:
– Цёця Ларыса, дык мне ўжо дваццаць два споўнілася. Некаторыя мае сяброўкі нават па трое дзетак маюць! Гэта ж такое шчасце!
– Твая праўда…
Радасныя бацькі апранулі маленькага і выйшлі з працэдурнага кабінета. Медсястра праз акно заўважыла іх на вуліцы: маладыя мама і тата штурхалі разам новенькую калясачку і радасна ўсміхаліся. Шчаслівыя… Ларыса Анатольеўна задумалася: а якое яно, шчасце? Яго чакаюць, сустракаюць. Эх, каб можна было выпісваць шчасце як лекі!.. Аднак у аптэцы яго, на жаль, не прадаюць…
Мільганула думка, што хаця б раз у жыцці кожны чалавек павінен адчуць спагадлівасць лёсу. Ісці правільна абранай жыццёвай дарогай, каб сустракаць чулых людзей, пакахаць і быць каханай, стварыць сям’ю, завесці надзейных сяброў, радавацца нараджэнню дзяцей, дапамагаць ім сталець.
Задумалася на хвілінку Ларыса Анатольеўна. А што ў яе жыцці стала адліковай кропкай на шляху да шчасця? Мо, тая спрэчка з хлопцамі-аднакласнікамі, хто паступіць вучыцца?! Падбухторыла яшчэ дзвюх сябровак і разам падалі дакументы ў Сарапульскае медвучылішча, што ва Удмурціі – самае блізкае ад іх населенага пункта.
Стаць медсястрычкамі пашанцавала толькі дзвюм – ёй і Маі Гельміяравай. Маладыя фельчаркі прайшлі “баявое хрышчэнне” пад Іжэўскам, у вясковай амбулаторыі.
– Мабыць, да пенсіі б выслухвалі скаргі на хваробы ад бабулек, – расказвае Ларыса Анатольеўна. – Маладыя былі, рамантыкі і прыгод хацелася. Мы іх і атрымалі – трапілі ў газаразведвальную экспедыцыю.
Цяжкасці і складанасці дзяўчат не пужалі – наадварот, толькі загартоўвалі характар. А тут вайна ў Афганістане, палілася кроў раненых салдат. Ларыса і Мая просяцца туды. Смелым і самаахвярным дзяўчатам замест баявых шпіталяў у гарах прапанавалі больш мірнае месца працы – у ваенным санаторыі ў Звянігарадзе, што пад Масквой.
Пагадзіліся абедзьве. Душа дзяўчат ляцела наперад хутчэй за цягнік. Што чакае там, наперадзе? Адказу не ведалі, але верылі – усё лепш, чым у ФАПе на радзіме.
Размясцілі іх у інтэрнаце, побач з санаторыем для вайскоўцаў. Ларысу ўладкавалі ў стаматалагічнае аддзяленне. Там “гаспадыняй” была 65-гадовая ўрач. Суровая і няшматслоўная наводзіла жах на ўсіх медсясцёр: дастаткова было ім зазявацца, падаць не той інструмент, або запазніцца на хвіліну, усё, назаўтра са слязьмі пакавалі чамаданы.
– Я навучылася разумець урача без слоў, як толькі перахаплю яе позірк, – узгадвае Ларыса Анатольеўна. – Мо таму і “пратрымалася” ў аддзяленні звыш года і яшчэ б працавала, каб не каханне…
Яно з’явілася нечакана. Побач з інтэрнатам, дзе жылі дзяўчаты-медсёстры, загарэўся драўляны дом. Усе выбеглі з пакояў на вуліцу і заварожана сачылі, як салдацікі робяць усё, каб утаймаваць агонь. На шчасце, тады ніхто не пацярпеў.
А на наступны дзень падышоў малады чалавек у шынялю, які цікаваў ля пад’езда, і смела адрапартаваў:
– Хачу з вамі пазнаёміцца! Мяне завуць Сяргей.
Аказалася, ён заўважыў Ларысу ў натоўпе дзяўчат, калі са сваёй брыгадай тушыў дом.
Вось дык незадача: да Ларысы заляцаўся сын генерала, Віктар. Насіў шыкоўныя букеты, а тут яшчэ адзін кавалер “намаляваўся”. Пярэчыць не стала, запрасіла ў пакой. Сяргей прыйшоў не з пустымі рукамі – з мяхом бульбы. Пазней ён успамінаў тую першую сустрэчу са смехам, а тады, калі на паліцах было пуста, не да смеху было. Дый сяброўкі па пакоі прасілі: “Не кідай яго!”.
Здалася, калі зразумела: Сяргей патушыў пажарышча, затое распаліў полымя кахання ў яе сэрцы.
У Сяргея завяршаўся тэрмін воінскай службы, і трэба было нешта вырашаць.
– Вяселле згулялі ў Звянігарадзе, – дзеліцца ўспамінамі Ларыса Бародзіч. – Прыехалі мае бацькі з поўначы і ягоныя. Памятаю, што свякроў сказала: трэба беларускую страву згатаваць – дранікі называюцца. А я тады здзівілася: гэта што такое і з чым ядуць? “Са смятанай, мілая, са смятанай”.
Купілі мы тую смятану – ажно трохлітровы слоік і ў загс паехалі. Ва ўсёй гэтай вясельнай валтузні пра смятану й забыліся. На нашым вяселлі ўпершыню ела дранікі. Яны і без смятаны, ох, якія смачныя…
Праз 1,5 месяца муж сказаў, што паедуць жыць у Брэст. На карце Ларыса пашукала – нібыта недалёка, ад Масквы ўсяго тысяча кіламетраў. З адным чамаданам, у якім памясціўся толькі чайны сервіз – падарунак кіраўніцтва, рушылі ў дарогу.
Прывёз Сяргей маладую жонку ў Жабінку, прывёў у дом. Пакой – маленечкі, печку тапіць трэба, вада – праз дарогу ў калонцы, прыбіральня – на вуліцы, газу няма. Прывыклая да маскоўскіх выгод дзяўчына ў роспачы ледзь не расплакалася.
Толькі не ў характары Ларысы здавацца жыццёвым перашкодам. Прызвычаілася да ўсяго. А калі ў сям’і нарадзіліся Танюша і Наташа, стала мацнейшай і вытрыманай удвая. Усё рабіла для сям’і, мужа, дзетак, каб утульна і радасна ім жылося.
На жабінкаўскай зямлі атрымала Ларыса і новую работу. У верасні 1989 года яна папоўніла штат медсясцёр дзіцячай кансультацыі. Тут дружны, зладжаны калектыў, які яна лічыць сваёй другой сям’ёй.
– Ніколі не думала, што пайду замуж так далёка ад дому і што мая работа будзе звязана з маленькімі пацыентамі, бо некалі марыла клапаціцца аб ваеннаслужачых, – расказвае Ларыса Бародзіч. – Мабыць, так наканавана лёсам… Аднак ні кропелькі не шкадую. Жабінка – гарадок маленькі, утульны, усе адзін аднаго ведаюць. У мяне тут многа сяброў, знаёмых. Непрыкметна выраслі дачушкі, у іх свае сем’і. У Наталлі і Андрэя ўжо нарадзілася Таісія, чакаюць папаўнення Таццяна і Эдуард. Летам плануем паказаць Таісе прабабулю ў Башкірыі. Шкада, што муж Сяргей не дачакаўся гэтых шчаслівых момантаў, заўчасна пайшоў з жыцця.
…А яно не стаіць на месцы, бурліць. Штодня медсястра Ларыса Бародзіч на сваім рабочым месцы, запаўняе накіраванні на аналізы, абмярае і ўзважвае малечу, разам з бацькамі радуецца першым зубікам непаседаў. Суперажывае, калі дзіця на прыёме сядзіць сумнае, з тэрмометрам пад пахай, супакойвае, калі заплаканыя хлопчык ці дзяўчынка выходзяць з працэдурнага кабінета пасля балючага ўкола.
Самая вялікая ўдзячнасць для яе, калі малышы вырастаюць і пры сустрэчы кажуць: “Цёця Ларыса, вы мяне памятаеце? А я да вас сына прывёў…”
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: медсястра дзіцячай кансультацыі Ларыса Бародзіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top