Прыйшла зіма марозная, са снегам, галалёдзіцай

Прыйшла зіма марозная, са снегам, галалёдзіцай

1999_pic_pb_schneeraeumenМінулы тыдзень прайшоў пад знакам цыклонаў: пачаўся “Даніелай”, а скончыўся “Эмай”. Гэтая прыродная з’ява з прыгожымі жаночымі імёнамі прынесла не зусім прыгожыя вынікі ў выглядзе заснежаных дарог, дамоў, двароў. Людзі пажылага веку жартавалі: “Панапрыдумвалі сіноптыкі ўсялякіх “Хаўераў”, “Даніел”, а гэта звычайная зіма, звычайны снег. Раней столькі яго выпадала, што дзверы не маглі на вуліцу расчыніць. Паадвыкаў народ ад такіх снежных зім…”
А Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 сту-дзеня на пасяджэнні па ліквідацыі наступстваў снегападу, што “нам трэба дзякаваць Богу, што паслаў гэтую стыхію… І чым больш сёння выпадзе снегу, тым хутчэй мы ўзновім экалагічную раўнавагу пасля летняй засухі… Дай Бог, каб яшчэ тры-чатыры такія цыклоны прайшлі над краінай. У нас будуць тады рэкі як рэкі, азёры як азёры…” Кіраўнік дзяржавы сказаў, што трэба крыху паварушыцца, каб расчысціць і дарогі, і падходы, і двары, а скардзіцца не трэба.
Які ўплыў аказалі цыклоны на Жабінку і яе жыхароў, ці пачасціліся выпадкі траўміравання людзей з-за слізкіх дарог, пацікавілася ў адпаведных службаў і загадчыка паліклінікі.
Дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Аляксандр Будзько:
– За 18 дзён студзеня работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі расчысцілі ад снегу 68,8 кіламетра вуліц, для пасыпкі дарог выкарысталі 130 тон пяску. Акрамя таго спілоўвалі аварыйныя дрэвы, выконвалі іншыя работы. Для таго каб на мінулым тыдні жабінкаўцы маглі без праблем дабрацца да месца працы, на вучобу, адвесці дзетак у яслі-сады, камунальнікі працавалі ў дзве змены, пачыналі расчышчаць дарогі ў 3-4 гадзіны ночы. Пры гэтым было задзейнічана шэсць трактароў МТЗ, “Амкадор” і раскідвальнік пяску. У панядзелак, напрыклад, акрамя шасці адзінак тэхнікі шчыравалі 35 работнікаў ЖКГ, расчышчаючы дарогі і тратуары.
Вялікую праблему для нас ствараюць так званыя “падснежнікі” – аўтамабілі, засыпаныя снегам, што стаяць доўгі час на стаянках або ля дамоў і перашкаджаюць расчыстцы дарог. Шмат такіх на вуліцы Цітова, 3 і адзін стаіць насупраць кафэ “Моладзевае”.
Начальнік філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ №103 Алег Марчанка:
– З прыходам у Беларусь сапраўднай зімы работы ў дарожнікаў, безумоўна, пабольшала. На мінулым тыдні працавалі амаль кругласутачна. З трох гадзін ночы да васьмі вечара на ачыстцы і пасыпцы дарог былі задзейнічаны 7-8 адзінак тэхнікі, з васьмі вечара да трох ночы – дзве-тры. Зараз рабочыя нашага ўпраўлення занятыя на ачыстцы прыпынкаў, адна брыгада працуе ў Хмелеўскай зоне і адна – ад Ракітніцы ў бок Рагозна па так званым “залатым кальцы”. У час снегападу ў першую чаргу расчышчаем аўтобусныя і школьныя маршруты.
Хачу звярнуцца да жыхароў Жабінкі. Калі вам будзе патрэбна дапамога дарожнай службы, тэлефануйце дыспетчару па нумары 2-13-18.
Намеснік галоўнага ўрача райбальніцы, загадчык паліклінікі Леанід Карповіч:
– За перыяд з 7 снежня па 18 студзеня па ўрачэбную дапамогу звярнулася 13 чалавек: 10 дарослых і трое дзяцей. Амбулаторна яна аказана 9 мужчынам і жанчынам і двум малым, шпіталізавана двое дарослых і адно дзіця. Прычынай гэтых зваротаў сталі холадавыя і галалёдныя траўмы.
Падрыхтавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top