Канікулы, канікулы – вясёлая пара!

Канікулы, канікулы – вясёлая пара!

У школьнікаў пачалася самая працяглая і адказная чвэрць – трэцяя. Пацікавілася: як адпачылі на зімовых канікулах, куды ездзілі, дзе пабывалі, што бачылі, з кім сустракаліся?


SAM_5678Іван Шчаглеўскі, васьмікласнік Ленінскай сярэдняй школы:
– Мае зімовыя канікулы пачаліся з паездкі ў сталіцу, дзе пашчасціла пабываць на галоўнай ёлцы краіны. Два дні, праведзеныя ў Мінску, былі насычаны атмасферай навагодніх святаў, эмоцыямі ад убачанага. Так, у першы дзень, 24 снежня, мы пабывалі ў цырку, дзе найбольш спадабаліся выступленні дрэсіроўшчыкаў і акрабатаў. У другі дзень наведалі відовішча ў Палацы Рэспублікі, уразіла прыгажосцю і велічнасцю ёлка на плошчы ля Палаца. Спачатку нас забаўлялі аніматары, потым запрасілі ў вялікую залу, дзе выступіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім прысутным здароўя, паспяховай вучобы, каб у будучым, калі вырасцем, былі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Пасля слоў Прэзідэнта мяне ахапіў гонар за сваю Айчыну, у якой пануюць мір і дабрабыт, дзе жывуць людзі, якія робяць усё магчымае для яе росквіту. Навагодняе свята таксама пакінула незабыўныя ўражанні і ў чарговы раз дало магчымасць паверыць у казку.
Эліна Шаўчук, Таццяна Беразоўская, Алеся Бутрым, вучаніцы 4 “А” класа СШ №3 IMG_8266г.Жабінка:
– 5 студзеня мы пабывалі на Гродзеншчыне: наведалі горад Ліда і шклозавод “Нёман”, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй вырабу шкла, пабывалі ў заводскім музеі, завіталі ў краму. У Лідзе нас уразіў старажытны замак, які быў пабудаваны яшчэ ў XIV стагоддзі князем ВКЛ Гедзімінам. Пабывалі ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе папрысутнічалі на майстар-класах, пад час якіх назіралі, як нараджаюцца вырабы з саломкі, тканіны, паперы, іншых матэрыялаў. У нас была магчымасць і самім што-небудзь зрабіць, а таксама паўдзельнічаць у калядаванні ў вобразе якога-небудзь героя і паглядзець відовішча лялечнага тэатра “Батлейка”.
IMG_8256Паліна Шэлюх і Варвара Прановіч, адзінаццацікласніцы гарадскога ліцэя:
– Апошні тыдзень адышоўшага 2015 года мы правялі ў Каляднай Чэхіі і Германіі. Гэта паездка стала незабыўнай, яркай падзеяй у нашым жыцці. У першыя дні наведалі Прагу, здзейснілі экскурсію па так званых Старым і Новым горадзе, прагулку на пароме, пад час якой назіралі неверагодна прыгожы заход сонца над Влтавай. Наступным прыпынкам сталі Карлавы Вары, якія вядомыя ва ўсім свеце сваімі гарачымі мінеральнымі крыніцамі, што маюць лекавыя ўласцівасці. Дакрануліся і да старажытнасці – пабывалі ў замку Кршываклат. Завяршылася падарожжа ў Дрэздэне, дзе здзівіла архітэктура горада, у прыватнасці дамы, якія кідаліся ў вочы сваёй шматколернасцю. Дадому вярнуліся з выдатным настроем і каляднымі сувенірамі, якія прывезлі для родных і сяброў.
Галіна Робец, вучаніца 3 “Г” класа СШ №1 г.Жабінка:IMG_8277
– Разам са сваімі аднакласнікамі і вучнямі паралельнага 3 “В” пабывала на прадстаўленні “Навагоднія
прыгоды Дзеда Мароза” ў Брэсцкім тэатры лялек. Мы весела і цікава правялі час, бо разам з героямі казкі: Дзедам Марозам, Снягуркай, Лесуном, Бабай-Ягой, Дзедам Марозам з Фінляндыі Ёла-Пукі – спявалі, танцавалі, гулялі. Пасля спектакля былі ўдзельнікамі забаўляльнай праграмы ля навагодняй ёлкі, што знаходзілася ў фае тэатра. Вакол лясной прыгажуні вадзілі карагоды, расказвалі вершы, адгадвалі загадкі. Паездка падаравала нам хвіліны незабыўнай радасці і добрага настрою.

Ангеліна і УльянаАнгеліна Куркова і Ульяна Новік, сямікласніцы другой гарадской школы:
– З 28 снежня па 5 студзеня мы наведвалі школьны аздараўленчы лагер “Сонейка”. Жыццё ў ім было цікавым, насычаным і будавалася ў адпаведнасці з цудам-календаром, кожны дзень у якім меў пэўную тэматыку. Так, у “Дзень Ёлкі” мы былі адначасова і гасцямі, і актыўнымі ўдзельнікамі школьнага навагодняга ранішніка. У “Дзень Новага года” даведаліся аб гісторыі гэтага свята і традыцыях яго святкавання ў іншых краінах свету, паўдзельнічалі ў віктарыне. У “Дзень Зімы” здзейснілі літаратурнае падарожжа па зімовых казках, а потым сапернічалі ў спрытнасці і хуткасці пад час правядзення спартыўных спаборніцтваў. “Калядны дзень” прынёс сустрэчу з клірыкам Свята-Пакроўскага храма святаром Андрэем Петрусевічам, які расказаў нам аб свяце Раства Хрыстова і паказаў фільм. Лагер даў магчымасць усім яго наведвальнікам праявіць свае таленты, творчыя і спартыўныя здольнасці.
Апытвала Алёна НІКАНЧУК.
Фатаграфавала Ірына ЖУК.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top