Зямля мая, квяцісты дзіўны край!

Зямля мая, квяцісты дзіўны край!

IMG_7158 IMG_7159 праздник 074 копия праздник 092 копия праздник 094 праздник 119 праздник 150

Кожны куточак зямлі беларускай вызначаецца ўласнай непаўторнасцю, а памяць людская захоўвае для нашчадкаў таямніцы яе гістарычнага мінулага. 15 студзеня Жабінкаўшчына адсвяткавала чарговыя ўгодкі з дня ўтварэння раёна – краю, багатага на гістарычныя, культурныя, побытавыя традыцыі, працавітых і таленавітых людзей.

Урачыстасць, месцам правядзення якой быў гарадскі Дом культуры, падзялялася як бы на тры дзеі. Першая разгортвалася ў фае і танцавальнай зале і была напоўнена чароўнасцю, маляўнічасцю, эстэтычнасцю, незвычайнай творчасцю. Карціны, малюнкі, вышыванкі, вырабы з саломкі, бісеру і паперы заварожвалі кожнага, хто ўваходзіў у танцавальную залу. Усе яны вызначаліся непаўторнасцю, арыгінальнасцю, май-стэрствам. Так і хацелася прамовіць: “Які цуд! На такое здольныя толькі майстры-прафесіяналы! У гэтых творцаў “залатыя” рукі!”
Думаю, многія прыпыняліся ля карцін, намаляваных Уладзімірам Лахаюком з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і Інай Мартынюк з ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, іншых. Палотны вярталі многіх гледачоў да ўспамінаў. З такімі краявідамі кожны сустракаўся ў дзяцінстве, на адпачынку ў лясных масівах, у паходах па грыбы і ягады, на экскурсіях па моры. Дый назвы іх гавораць самі за сябе: “Бярозавы мосцік”, “Пачатак навальніцы”, “Грыбныя мясціны”, “Летні дзень”, “Высокі ўцёс”, “Домік у вёсцы”, “Асенні дзень”, “Мора хвалюецца”, “Ціхая гавань”.
Асобна колькі слоў хочацца сказаць пра партрэты. Аднойчы нехта з мастакоў заўважыў, што маляваць людзей вельмі складана, кожны з іх індывідуальнасць, якую трэба заўважыць і перадаць алеем, акварэльнымі фарбамі ці алоўкамі. Партрэты, якія прапанавалі Алена Кот з ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, выхавальніца спецшколы-інтэрната Алена Самасюк са сваёй дачкой-васьмікласніцай СШ №3 г.Жабінка Кацярынай, здавалася, намаляваны з такой лёгкасцю, у іх пазнаваліся любімыя акцёры, знаёмыя, аднакласнікі.
Таццяна Кульмуратава, выхавальніца Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната, уразіла роспісам па тканіне. Карціны атрымаліся на заглядзенне, колеравая палітра разнастайная.
Дарэчы, педагогі Жабінкаўшчыны былі самыя актыўныя ў выставе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Незвычайныя лялькі падрыхтавалі настаўніца Ракітніцкай адзінаццаці-годкі Наталля Салівончык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан з дачкой Юліяй, вучаніцай СШ №3 г.Жабінка.
Ад вырабаў з саломкі педагога-псіхолага другой гарадской школы Ірыны Коваль сыходзіла цеплыня, адчуваўся пра-фесіяналізм, непаўторнасць, светлая душа творцы.
Цуд з паперы разам з іншымі вырабамі прывезла на выставу настаўніца Старасельскай адзінаццацігодкі Святлана Кухарчук. Арыгамі зроблены з густам, фарбы далікатныя, самі вырабы акуратныя.
А колькі тут было вышыванак! Розныя, аднолькавых не знайсці, але ўсе прывабліваюць, цікавыя, адчуваецца душа майстрых. Іх варта назваць: Вольга Якімчук, былая работніца ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”; Раіса Шымко, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне; Тамара Войнаш, педагог-дэфектолаг СШ №1 г.Жабінка; Ірына Дылюк, памочнік выхавальніка ДУА “Якаўчыцкі дзіцячы сад”; іншыя.
А кветкі, дрэўцы, іншыя вырабы, зробленыя з бісеру загадчыцай ДУА “Яслі-сад в.Ракітніца” Вольгай Гацкевіч – сапраўднае чарадзейства і майстэрства самага высокага класу. Мабыць, захапляе і падштурхоўвае да творчасці любога, хто спыняецца ля гэтых дзівосаў.
Выстава выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Новыя імёны Беларусі-2016” – гэта першы этап Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў. Яна пацвердзіла, што на жабінкаўскай зямлі жывуць цудоўныя майстры-творцы, якім падуладныя і пэндзлікі з акварэльнымі фарбамі, мулінэ і бісер, саломка і звычайная папера, якія пад умелымі рукамі ператвараюцца ў вырабы-шэдэўры.
У другой дзеі ўсе мы перанесліся ў глядацкую залу, перапоўненую, узрушаную, у чаканні прадаўжэння свята. Цяпер, як урачыстасць праведзена, можна з упэўненасцю сказаць, што яна ўдалася дзякуючы намаганням тых, хто яе арганізоўваў і быў непасрэдным удзельнікам: танцавальных калектываў “Каруначкі” і “Цукарынка”, салістаў і спевакоў гарадскога Дома культуры, педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.
Музычныя нумары, дыктарскі тэкст і фільм пра Жабінкаўшчыну нагадалі нам аб тым, чым слаўная зямля жабінкаўская, які лёс напаткаў яе жыхароў. Узгадаем некаторыя моманты і факты.
“…Ужо больш за сем дзесяцігоддзяў Жабінкаўскі раён піша свой летапіс. Асноўная праца яго жыхароў заўсёды была звязана з зямлёй, да якой яны беражліва адносяцца, аддаюць ёй сілу сваіх мускулаў, ашчаднасць розуму, долю душы і сэрца. І за ўсё гэта яна плаціць ім добрым ураджаем зерневых, караняплодаў і траў.
ААТ “Ракітніца”, “Жабінкаўскі” і “Жабінкаў-ская сельгастэхніка”, СВК “Хмелева”, “Маціевічы”, “Вазнясенскі”, “Арэпічы”, “Рагазнянскі”, іншыя –
гэта тыя прадпрыемствы, якія сёння з’яўляюцца асновай сельгасгаліны.

Прамысловасць раёна прадстаўляюць ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, КУП па аказанні паслуг “Жабінкаўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”.
Дзякуючы ПМК-10, ПМК-19, Жабінкаўскаму ДРБУ-103, будуюцца дамы, дарогі, масты, прыгажэе горад і раён. Работнікі будаўнічай галіны дараць жабінкаўцам надзейнасць і ўтульнасць дамоў, у якія жыхары шчаслівыя прыходзяць кожны дзень, каб жыць у згодзе са сваімі ў сям’і і падтрымліваць хатнюю ўтульнасць.
Настаўнікі раёна – сапраўдныя майстры сваёй справы, якія ўкладваюць часцінку душы ў вучняў – забяспечваюць адукацыйны працэс на Жабінкаўшчыне ў 29 установах.
Зямля наша славіцца сваімі самародкамі-музыкамі. Кажуць, што імклівы Мухавец прымушае душу спяваць, а ногі ісці ў скокі. Маладыя жабінкаўцы з задавальненнем танцуюць старажытныя танцы і спяваюць бабуліны песні. Рэха плыве па рацэ і паступова зліваецца з птушынымі спевамі”.
З віншавальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звяртаецца старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які ўзгадаў, што 15 студзеня 1940 года паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у заходніх абласцях краіны быў утвораны 101 раён і сярод іх Жабінкаўскі, які з’яўляецца адным з самых камфортных і зручных для працы і жыцця рэгіёнаў вобласці.
– Тое, што мы маем, створана рукамі нашых продкаў, – сказаў Дзмітрый Мікалаевіч. – Тое, што будзе ў нашых дзяцей, залежыць ад нас. Таму па-ранейшаму будзем добраўпарадкоўваць горад, усе населеныя пункты, будаваць жыллё, развіваць сацыяльную сферу, культуру, медыцыну, адукацыю. Словам, будзем рабіць усё для таго, каб паляпшаліся ўмовы жыцця, каб яно было радасным, выніковым.
Затым старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ўзнагародзіў Пісьмом падзякі райвыканкама старшыню савета моладзі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Аксану Галавейка за ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Падзякі райвыканкама былі аб’яўлены і ўручаны: за навагодняе афармленне прадпрыемства і прылеглай да яе тэрыторыі, творчы падыход і актыўны ўдзел у правядзенні работ ПМК-19 і КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” – за творчы падыход у афармленні горада да Новага года. За найлепшае афармленне ўласнага падворка, творчы падыход і актыўнасць у правядзенні работ па святочным афармленні аб’яўлена Падзяка райвыканкама сям’і Шурубейка: Ліліі Яўгенаўне і Васілю Мі-калаевічу.
Музыку, песні, танцы дасылаюць удзельнікі ма-
стацкай сама-дзейнасці ўзна-гроджаным і тым, хто адстаяў свабоду і незалежнасць роднага краю – сінявокай Беларусі.
2016-ы аб’яўлены Прэзідэнтам Беларусі Годам культуры. Трэцяя дзея свята – перадача эстафеты яму ад адыходзячага ў гісторыю Года моладзі.
Маладосць – гэта энергія жыцця і адзін з самых каштоўных і цяжкіх яго этапаў. Колькі маладому чалавеку трэба спраў ажыццявіць! Менавіта пра іх расказвалі відэафільм і першы сакратар ГА РК “БРСМ” Вольга Плавух.
– Сімвалічна тое, што Год моладзі супаў з 70-годдзем Вялікай Перамогі, што падкрэсліла сувязь пакаленняў, клопат маладых аб ветэранах, – сказала Вольга Міхайлаўна. – Самым яркім атрымаўся праект “Кветкі Вялікай Перамогі”. Сотні людзей з гонарам прымацоўвалі да вопраткі яго сімвал – кветачку яблыні ў спалучэнні з чырвона-зялёнай стужкай як сімвал агульнай радасці ўсіх пакаленняў беларусаў. У рамках акцыі “Ліст пераможцу” было напісана больш як 70 пісьмаў ветэранам ад маладых людзей раёна. Паводле ініцыятывы БРСМ быў рэалізаваны маштабны праект “Моладзевы агітцягнік “Кветкі Вялікай Перамогі”. Ягоны маршрут праходзіў і праз наш горад. Яго сустракала мноства людзей розных узростаў.
У Год моладзі яшчэ большую знакавасць атрымалі ўжо традыцыйныя накірункі работы: студатрадаўскі рух, валанцёрскі “Добрае сэрца”, конкурсы інавацыйных праектаў “100 ідэй для Беларусі”, “Уладар вёскі”, “Алімпія”. Шчырая ўдзячнасць усім, хто падтрымаў моладзевыя ініцыятывы.
Дарэчы, ініцыятывы і актыўнасць моладзі былі адзначаны на свяце. Другі сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Мікалай Лугаўскі ўзнагародзіў граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама за асабісты ўклад у рэалізацыю моладзевай палітыкі ў рэгіёне, праектаў і праграм Веру Бортнік, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, і Вольгу Плавух, першага сакратара ГА РК “БРСМ”; Пісьмамі падзякі Брэсцкага абкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” за рэалізацыю моладзевых праграм і праектаў адзначаны Юрый Якубук з Жабінкаўскай дыстанцыі пуці і Віктар Гардзіцкі з Жабінкаўскага раёна электрасетак. Загадчыца аддзела эканомікі раённай газеты “Сельская праўда” Святлана Кіслая атрымала грамату абкама камсамола за рэалізацыю моладзевых праграм і праектаў.
На свяце адбылася перадача эмблемы Года культуры юнаму ўдзельніку ўзорнага танцавальнага калектыву “Каруначкі”.
Музычныя віншаванні працягваюцца. Былі яны не толькі ад мясцовых артыстаў, але і ад гасцей – музыканта, спевака, шоўмэна, канферансье, тэлевядучага Віталя Пракаповіча і двойчы фіналісткі рэспубліканскага дзіцячага конкурсу “Песня для Еўрабачання”, фіналісткі міжнароднага конкурсу “Сан Рэма Юніёр – 2014 Італія”, студэнткі Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога Ангеліны Піпер.
Закончыць аповед хачу словамі, якія давялося неяк прачытаць:
Зямля мая, квяцісты дзіўны край,
Пад зорным небам птушкаю лунай.
Не ведай болей войнаў, болю, слёз,
Бо заслужыла ты шчаслівы лёс.
…Няхай не ведае зямля мая пакут,
І дым Чарнобыля хай кане ў небыццё,
Малю аб шчасці для цябе, мой родны кут!
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top