“А я іграю на гармоніку…”

“А я іграю на гармоніку…”

Мядзведзь

Думаю, многія жыхары нашага горада памятаюць незвычайных снежных “гасцей”: цара звяроў Ільва і двух Кракадзілаў, якіх зімой 2014 года нам падаравалі залатыя рукі Васіля Кліменцьевіча Панько. Мінулы год быў скупым на снег, таму майстар, як толькі сёлета зямля пакрылася белым пухам, вырашыў зноў парадаваць землякоў сваім талентам. Цяпер ля ўваходу ў райбальніцу ўсіх сустракае вясёлы Мядзведзік, што іграе на гармоніку. Перад ім ляжыць снежная шапка-вушанка, куды можна пакласці пачастункі для ляснога гаспадара. З дапамогаю скрабка і нажа Васіль Кліменцьевіч ператварае сумёты ў цудоўныя фігуркі. Іх вобразы дапаўняюць упрыгажэнні з грэцкіх арэхаў, жалудоў ды іншых прыродных матэрыялаў, якія майстар назапашвае яшчэ летам і восенню.
Месца жыхарства для Мядзведзіка выбрана невыпадкова. Ён “дапамагае” свайму стваральніку ў адказнай працы: ахове тэрыторыі раённай бальніцы. А як жа ствараюцца вобразы? Спачатку Васіль Панько сам прыдумляе свайго героя, затым пераносіць яго на паперу, вымалёўвае кожную дэталь і толькі пасля гэтага пераходзіць да скурпулёзнай работы. Ствараць эскізы дапамагае любоў да малявання (шмат карцін ужо сабрана ў творчым архіве Васіля Кліменцьевіча). Але ж на гэтым шматграннасць талентаў майстра не заканчваецца! Яго любімы занятак – чаканка – адзін з варыянтаў мастацкай апрацоўкі металу. Як правіла, для матэрыяла Васіль Кліменцьевіч выбірае медзь і стварае дзіўныя малюнкі прыроднага свету. Сваіх родных ён таксама радуе вырабамі з дрэва і лазы. Найбуйнейшай работай стала ўтульная альтанка ў двары дома. Можа, нехта не паверыць, але Васіль Панько – самавучка. Ён падзяліўся, што ў ягонай сям’і талент перадаецца па жаночай лініі і многія сваякі надзеленыя ад прыроды гэтым цудоўным дарам. Васіль Кліменцьевіч надзвычай ганарыцца сваёю дачкою, якая неаднойчы арганізоўвала ў горадзе Ліда свае персанальныя выставы. А жыхароў Жабінкі цешаць незвычайныя вулічныя снежныя героі, створаныя ўмелымі рукамі Васіля Панько.
Зіма толькі-толькі падарыла нам снег. І мы спа-дзяемся, што ў Жабінцы з’явяцца і новыя казачныя фігуркі, вырабленыя таленавітым майстрам. Наперадзе яшчэ люты!
Тэкст і фота Дар’і НІКАНЧУК, студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top