“Залацінкі малой радзімы”

“Залацінкі малой радзімы”

karta_raona

28-30 студзеня ў сталічнай гасцініцы “Турыст” упершыню пройдзе прафсаюзная экскурсійна-турыстычная выстаўка “Прафтур–2016”, у рамках якой лідзіцца конкурс “Беларусь у новым абліччы”. Жабінкаўскі раён прэзентуе сябе праектам “Залацінкі малой радзімы”.

Гэты арыгінальны турыстычны маршрут паспрачаецца за права стаць лепшым, паколькі, бяспрэчна, будзе цікавы як гасцям, што ўпершыню наведаюць наш раён, так і тым, хто вырашыць адкрыць яго з новага боку.

Яшчэ да свайго пачатку “Прафтур–2016” ужо займеў высокую адзнаку і пэўны ажыятаж. Па-першае, экспазіцыі, прадстаўленыя ўдзельнікамі з усёй краіны, сведчаць пра адраджэнне прафсаюзнага экскурсінага турызму, арыентаванага не толькі на выкананне індывідуальных заявак, але і на арганізацыю экскурсій для працоўных калектываў. Па-другое, плануецца, што ўпершыню з часу распаду СССР на адной пляцоўцы збяруцца прафсаюзныя тураператары краін бліжняга і дальняга замежжа.

У якасці арганізатараў выступаюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з Турыстычна-экскурсійным унітарным прадпрыемствам “Беларустурыст” і УП “Белпрафсаюзкурорт”.

Будуць паказаны турыстычныя магчымасці ўсіх без выключэння рэгіёнаў краіны. На працягу мінулага года раённыя і гарадскія аб’яднанні прафсаюзаў распрацоўвалі ўнікальныя, невядомыя раней экскурсіныя маршруты. На аснове гэтых арыгінальных матэрыялаў ФПБ выдасць зборнік з картай турмаршрутаў кожнага раёна.

Што ж будуць прадстаўляць у сталіцы жабінкаўцы?

Наш турыстычны маршрут ахоплівае цікавыя гісторыка-культурныя мясціны раёна: вёску Чыжэўшчына, дзе месцяцца мемарыяльная Крупчыцкая капліца і Свята-Уладзіміраўскі храм, прысвечаныя знакамітай бітве 1794 года; вёску Здзітава са старажытнай Свята-Мікіцкай царквой; райцэнтр, дзе сіламі ПМК-19 створаны гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў; вёску Малыя Сяхновічы, у якой размешчаны Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей; мемарыяльны комплекс “Драмлёва”; Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр; таксама ў Хмелеве наведвальнікі могуць пазнаёміцца з народным абрадам “Ваджэнне куста” ў выкананні самабытных артыстаў з калектываў “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца”.

“Беларустурыст” і прафсаюзныя здраўніцы прэзентуюць увесь спектар сваіх паслуг, пазнаёмяць не толькі напрамкамі экскурсійнага турызму і аздараўлення, што ўжо палюбіліся людзям, але й з навінкамі. Да слова, і “Беларустурыст”, і “Белпрафсаюзкурорт” на шэраг сваіх паслуг прапануюць 25% скідку сябрам прафсаюза. 28–30 студзеня ў гасцініцу “Турыст” запрашаюцца не толькі індывідуальныя наведвальнікі, але і працоўныя калектывы. Прычым адразу на выстаўцы кожны можа выбраць маршрут па густу і адразу аформіць на яго заяўку.

Нагадаем, санаторна-курортнае ўнітарнае прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт” — гэта холдзінг, што аб’ядноўвае 12 санаторыяў, у тым ліку адзін дзіцячы, і аздараўляльную арганізацыю “Турыстычны комплекс “Нарач”. Сістэма здраўніц заключае санаторыі “Прыдняпроўскі”, “Беларусачка”, “Крыніца”, “Нарач”, “Буг”, “Летцы”, “Імя У.І. Леніна”, “Чэнкі”, “Свіслач”, “Нарачанскі бераг”, “Нёман-72”, “Лясныя азёры”. На базе прафсаюзных санаторыяў штогод аздараўляюцца да 100 тысяч чалавек, у тым ліку нямала іншаземцаў.

У сваю чаргу “Беларустурыст” можна лічыць пачынальнікам айчыннага турызму. Яго гісторыя адлічваецца з 1951 года, калі стварылася Мінская экскурсійная база Цэнтральнага турысычна-экскурсійнага ўпраўлення ВЦСПС. Такім чынам сёлета холдзінг, які аб’ядноўвае 8 гасцініц з рестаранамі, 8 турыстычна-аздараўленчых комплексаў, 17 бюро падарожжаў і экскурсій у найбуйнейшых гарадах краіны, мае ўласнае аўтатранспартнае прадпрыемства, адсвяткуе значны юбілей — 65 гадоў з часу заснавання.

Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top