Да Дня выратавальніка

Да Дня выратавальніка

 З гісторыі развіцця пажарнай службы Жабінкаўскага раёна

Дзейнасць пажарнай службы на Жабінкаўшчыне бярэ свой адлік з дня ўтварэння раёна – з 15 студзеня 1940 года.

У гады Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя нашага раёна была акупіравана фашысцкімі захопнікамі. Пасля вызвалення ў вёсцы Жабінка пачала адра-джацца мясцовая пажарная каманда, на ўзбраенні якой у той час знаходзіліся ручная помпа і бочка з вадой, усталяваныя на воз, запрэжаны коньмі.
У сакавіку 1999 года асабовы склад ваенізаванай пажарнай часці горада Жабінка і двух асобных пастоў быў залічаны ў штат Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2000-га ваенізаваная пажарная часць Жабінкі была перайменавана ў пажарную аварыйна-выратавальную часць, а асобныя пасты ваенізаванай пажарнай службы ў вёсках Сцяпанкі і Азяты – у пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты.
У маі 2001 года быў утвораны Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый. У яго штат увайшлі асабовы склад пажарнай аварыйна-выратавальнай часці горада, пажарных аварыйна-выратавальных пастоў вёсак Сцяпанкі і Азяты з замацаванымі пажарнымі аўтамабілямі, рабочыя і служачыя.
Цяпер на баявым дзяжурстве ўвесь час знаходзіцца асабовы склад падраздзяленняў аддзела на 4 адзінках тэхнікі, яшчэ 4 знаходзяцца ў рэзерве.
З уваходжаннем у склад Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь пашырыліся паўнамоцтвы і дадаліся новыя функцыі ў органах і пад-раздзяленнях надзвычайных сітуацый. Выратавальнікі раённага аддзела надзвычайных сітуацый з поспехам прымяняюць новыя інструменты, акрамя тушэння пажараў неаднаразова выязджалі на аварыі, па сігналах у сувязі з пагрозай тэрарыстычных актаў (у тым ліку на размініраванне аб’ектаў), ліквідацыю надзвычайных сітуацый, удзельнічалі ў выратаваннях на вадзе і інш.
Ранейшы будынак пажарнай часці існаваў да 60-х гадоў і знаходзіўся па адрасе: г.Жабінка, вул.Кірава, д.59 (у двары райвыканкама, за будынкам склада былога Жабінкаўскага райспажыўтаварыства).
Кіраўнікамі пажарнай службы г.Жабінка былі: з лютага 1946 года – А.М.Засімук, з сакавіка 1947-га – Ф.П.Мацюшэнкаў, з лістапада 1949-га – Цярохін, з кастрычніка 1950-га – А.М. Засімук, з ліпеня 1951-га – Д.А.Берлаус, з чэрвеня 1954-га – Б.М.Рагінскі, са снежня 1965-га – Н.І.Гуль, з чэрвеня 1988-га – Н.П.Царук, са студзеня 1990-га – В.А.Арабейка, са жніўня 1997-га – Г.Г.Дзяркач, з верасня 2001-га – В.П.Маркоўскі, з мая 2008-га і па сённяшні дзень А.А.Бутрым.
Жабінкаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях складаецца з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці, пажарных аварыйна-выратавальных пастоў, інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду.
Штатная колькасць Жабінкаўскага РАНС складае 50 чалавек, з іх 11 зай-маюць афіцэрскія пасады, 34 – пасады радавога і малодшага кіруючага саставу, 5 пасад рабочых і служачых.

 

Верныя свайму прызванню

IMG_8296Прафесіі выратавальніка і пажарнага адны з самых рамантычных. І адначасова гэта праца для людзей мужных, моцных, рашучых, вынослівых, гатовых рызыкаваць уласным жыццём, дапамагаючы людзям у надзвычайных сітуацыях, дарожна-транспартных здарэннях, пад час стыхійных бедстваў.
Выратавальнікі – гэта незвычайныя людзі, якія, не задумваючыся, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля выратавання чалавека. І ў той жа час гэта звычайныя людзі, праўда, для якіх характэрныя энергічнасць, запал, вынаходлівасць, адвага, мужнасць, рашучасць, цягавітасць, адказнасць.
Супрацоўнікам нашага аддзела даводзіцца тушыць пажары, ратаваць людзей. Многае ў такіх сітуацыях залежыць ад вадзіцеляў. Як хутчэй даставіць выратавальнікаў-пажарных на месца здарэння, як захоўваць тэхніку спраўнай, у поўнай баявой гатоўнасці, ведае вадзіцель раённага аддзела надзвычайных сітуацый Андрэй Варанчук. Сваю службу ў сістэме МНС ён пачынаў у 1993 годзе кіроўцам Жабінкаўскай ваенізаванай пажарнай часці. На рахунку Андрэя Віктаравіча сотні выездаў на пажары і аварыі, на ліквідацыю наступстваў прыродных стыхій. Калегі здзіўляюцца яго працаздольнасці, кажуць, што з ім не толькі лёгка працаваць, але і на любы пажар нястрашна ехаць.
Дэвіз вопытнага вадзіцеля: “Заўсёды наперад, ні кроку назад!” Ніякіх ваганняў у адказных сітуацыях, толькі правільная іх ацэнка, сабранасць, рашучасць, зладжанасць дзеянняў.
– Самае складанае, – дзеліцца Андрэй Варанчук, – і спачуваць людзям у бя-дзе, і заставацца спакойным, стрыманым, не паддавацца паніцы ў надзвычайных сітуацыях. А самае страшнае – калі гінуць дзеці. Дагэтуль памятаю, як згарэлі двое малых пад час пажару ў Булькове.
Назапашваючы вопыт, год за годам удасканальваючы майстэрства, Андрэй Віктаравіч стаў прыкладам для моладзі, а затым і настаўнікам для маладых супрацоўнікаў. Да яго парад прыслухоўваюцца, звяртаюцца па дапамогу ў розных сітуацыях.
Пра работнікаў, адданых сваёй справе, якія пры выкананні службовых абавязкаў не лічацца з часам, марыць любая арганізацыя. Да такіх адносіцца і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Жабінка Юрый Андросенка. Два дзясяткі гадоў таму ён прыйшоў на пасаду камандзіра аддзялення асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы ў вёсцы Сцяпанкі, затым перавёўся ў райцэнтр пажарным. Ускладзеная на яго адказнасць умацавала ў Юрыя Мікалаевіча жаданне дапамагаць людзям і імкненне дасягаць усё большых вынікаў. Надзейны, адказны, ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу – у экстрэмальнай сітуацыі ці ў паўсядзённым жыцці.
– Работа выратавальніка мне падабаецца, – прызнаецца Юрый Андросенка. – Яна складаная, але цікавая і непрадказальная: ніколі не ведаеш, што цябе чакае сёння, заўтра. Займацца даводзіцца многім: ратуем людзей на пажарах, пацярпелых у дарожна-транспартных здарэннях, спілоўваем аварыйныя дрэвы. Зімой выцягваем аўтамабілі са снежных сумётаў, мінулагоднім летам, калі прайшоў ураган, ліквідавалі яго наступствы ў аграгарадку Ленінскі. Да нас часта звяртаецца жыллёва-камунальная гаспадарка з просьбамі дапамагчы, тэлефануюць “дальнабойшчыкі”, якія трапілі ў бяду.
Прафесія выратавальнікаў заўсёды была і застаецца паважанай у народзе. Выпадковыя людзі ў пажарнай службе не затрымліваюцца, застаюцца толькі верныя свайму прызванню, такія як Андрэй Варанчук і Юрый Андросенка.
Алег БУТРЫМ, начальнік райаддзела надзвычайных сітуацый.
На здымку: вадзіцель Андрэй Варанчук і камандзір аддзялення ПАВЧ №1 горада Жабінка Юрый Андросенка.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top