Ганначка Сідарук узнялася на п’едэстал

Ганначка Сідарук узнялася на п’едэстал

DSC00998

Хто ў дзяцінстве з хлопчыкаў і дзяўчынак не любіць гуляць у валейбол, скакаць у даўжыню ці вышыню, бегаць кароткія дыстанцыі ці крос? У будучым некаторыя з іх становяцца зоркамі спорту. Праўда, шлях на Алімп у кожнага свой. Часам дастаткова маленькага штуршка, каб праявіўся талент, якім на-дзелены хлопчык ці дзяўчынка ад нараджэння. І хто ведае, можа лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, якое праводзілася ў Беларусі сярод малодшых школьнікаў з мая па верасень мінулага года, стане для некаторых стартавай прыступкай у вялікі спорт – у лёгкую атлетыку, якую называюць “Каралевай”.
Дарэчы, амаль 210 тысяч беларускіх дзетак здалі нарматывы і прайшлі “агледзіны” спачатку ў раёне, потым у вобласці. Самыя таленавітыя і перспектыўныя ў калядныя дні сабраліся ў лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і прадэманстравалі свае навыкі і ўменні. Сярод юных лёгкаатлетаў, якія выступалі за Берасцейшчыну, была вучаніца чацвёртага класа Ракітніцкай адзінаццацігодкі Ганна Сідарук.
– Дзяўчынка ўдала выступіла ў першым
этапе мерапрыемства, у якім вызначаліся пераможцы па суме балаў за вынікі, што былі паказаны дзецьмі пад час тэсціравання ў праграме ўрока па фізічнай культуры і здароўі, – расказаў яе настаўнік Віктар Айгаравіч Цікумс. – Ганначка трапіла ў лік найлепшых паводле вынікаў і другога этапу, што арганізоўваўся на базе СШ №1 Брэста. Потым былі падрыхтоўчыя зборы ў аздараўленчым лагеры “Каласок”, што працуе ў Кобрыне. З добрымі вынікамі ў спартыўным тэсціраванні дайшла да завяршальнага этапу – фіналу, што ператварыўся ў сапраўднае спартыўнае свята ў беларускай сталіцы. Адбылося яно ў калядныя дні, а спартыўныя задаткі хлопчыкаў і дзяў-чынак ацэньвалі чэмпіёны лёгкай атлетыкі. Вучняў падтрымлівалі настаўнікі, якія суправаджалі юных спартсменаў.
– Ганначка Сідарук, – сказалі ў школе, – выдатна вучыцца, пластычная, раней займалася танцамі, іграе на акардэоне, спявае, сціплая і добрая дзяўчынка.
Пацікавілася ў юнай ракітчанкі, якія спартыўныя практыкаванні ёй давялося выконваць пад час розных этапаў акцыі “300 талентаў для Каралевы”.
– Многія, – заўважыла Ганначка. – Бегала 30 метраў, скакала ў даўжыню з месца, нахілялася наперад, кідала мячык, абавязковымі былі спараваныя скачкі, бар’ерны і чаўночны бег. Найцяжэй мне было ў кіданні мячыка.
У выніку дзяўчынка заняла другое месца ў спрынтарска-бар’ерным бегу сярод чацвёртакласнікаў з Беларусі. Атрымала сярэбраны медаль, дыплом і кубак.
Перамога для дзяўчынкі ў фінале вельмі важная. Яна паверыла ў свой лёгкаатлетычны талент, знайшла аднадумцаў, сяброў, стала больш самастойнай, смелай. Гэта заўважылі не толькі педагогі, але й аднакласнікі.
Быць у кагорце самых спартыўных жадалі ёй не толькі родныя, трымалі за яе кулачкі вучні, настаўнікі. І дзяўчынка з Ракітніцкай школы на п’едэстале. У гэты час на яе нахлынулі радасць, гонар за сябе, а ў галаве круціліся словы. “Я змагла перамагчы”.
Пад час гаворкі мама юнай пераможцы Наталля Мікалаеўна заўважыла:
– Гэтыя праекты патрэбныя дзеткам. Тут яны знаёмяцца адзін з другім, ад такіх сустрэч з’яўляюцца новыя цікавыя ўражанні. Спорт для сям’і – добрае сумеснае правядзенне вольнага часу. Дзеці, калі займаюцца фізкультурай, робяцца больш вынослівымі, свядомасць іх занята пазітыўнымі думкамі.Пад час падрыхтоўкі да праекта яны пачынаюць больш уважліва адносіцца да сваіх слабых бакоў, імкнуцца да перамогі, хоць шлях да яе цяжкі, складаны, патрабуе вялікіх высілкаў, стараюцца дасягнуць узроўню больш развітых равеснікаў. Я задаволеная сваёй дачкой, радуюся, што ў яе другое месца.
– Мне таксама было вельмі прыемна бачыць на п’едэстале нашу вучаніцу, – дадае Віктар Айгаравіч Цікумс. – Радасць перапаўняла душу, а ў думках – адно слова: “Малайчынка!”. Адзначу, што некаторыя дзеткі адразу пасля фіналу былі ўзяты “на аловак” трэнерам зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы.
А яшчэ ракітніцкі педагог заўважыў, што праекту “300 талентаў для Каралевы” менш як год, але ёсць надзея – ён прыжывецца. Тым болей, што на Брэстчыне, хутчэй за ўсё ў Белавежскай пушчы, плануюць стварыць школу лёгкай атлетыкі, куды будуць запрашацца таленавітыя дзеці. Яна стане знаходкай для самародкаў, якія маюць вялікія лёгкаатлетычныя здольнасці.
Пра гэта ўзгадаў Віктар Айгаравіч развітваючыся. А пачуў ён такую думку на падвядзенні вынікаў фіналу ад Вадзіма Дзевятоўскага, старшыні Беларускай Федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: Ганначка Сідарук на п’едэстале (трэцяя справа).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top