Untitled-13Пісьмо падзякі
“За прафесійнае майстэрства”

Жабинка1З мэтай паляпшэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з рэдакцыямі СМІ, актывізацыі падпісной кампаніі і ўтрымання падпісных тыражоў Брэсцкі філіял РУП “Белпошта” сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама 13 студзеня правёў прэс-мерапрыемства з прадстаўнікамі тэлерадыёкампаній і газет Берасцейшчыны.
У рамках яго адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Лепшы матэрыял пра пошту”, які праводзіўся летась і быў прымеркаваны да святкавання 20-годдзя РУП “Белпошта”. Наш карэспандэнт Наталля Аляксейчык атрымала з рук дырэктара Брэсцкага філіяла прадпрыемства Валянціны Пух Пісьмо падзякі і каштоўны падарунак за нататку “Лепшая ў раёне і вобласці” пра аператара першага аддзялення паштовай сувязі горада Жабінка Ганну Балан.

Першы блін не комам –
вярнуліся з дыпломам

10-11 студзеня ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці ў дзясяты раз адбыўся міжнародны фестываль-сустрэча мастацкай творчасці “Мы разам”.
Сёлета на яго прыехалі прадстаўнікі з розных рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Польшчы і Грузіі. Ад нашай краіны прымалі ўдзел творчыя калектывы з усіх абласцей і са сталіцы.
Юныя жабінкаўскія танцоркі з дзіцячай школы мастацтваў, якія займаюцца пад кіраўніцтвам педагога Алены Калюшык, упершыню ўдзельнічалі ў гэтым фестывалі. На сцэне цэнтра моладзевай творчасці яны з запалам выканалі тры нумары: “Матылькі”, “Рок-н-рол” і “Жоўтыя чаравікі” – і былі ўганараваны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Харэаграфія. Эстрадны танец”.
На развітанне хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты з розных краін абмяняліся сувенірамі, адрасамі, пафатаграфаваліся на памяць і паабяцалі адзін аднаму сустрэцца зноў, паўтараючы ва ўнісон назве фестывалю-сустрэчы: “Мы зноў будзем разам!”

У рэйтынгу папулярных –
Сафія і Арцём

2015 год выдаўся багатым на дзетак – у нашым раёне нарадзіліся 154 хлопчыкі і 160 дзяўчынак. Шчаслівыя бацькі далі прыгожыя і мілагучныя імёны нованароджаным. У лідарах па папулярнасці імёны для хлопчыкаў Арцём, Андрэй, Ілля, Канстанцін, Максім. Сярод дзяўчынак найбольш Сафій (ажно 14!), Ганнаў, Настассяў.
Ёсць у нас і зусім рэдкія імёны: Елеазар, Марк, Мірон, Радыён, Стэфанія, Саламія, Эмілія, Іларыя, Агнія, Агата.

Арыштавалі тавараў
больш як на мільярд

Летась спецыялісты падатковай інспекцыі ў Жабінкаўскім раёне правялі 55 пазапланавых тэматычных аператыўных праверак, пад час якіх выяўлена 12 фактаў захоўвання і транспарціроўкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з парушэннем устаноўленага заканадаўствам парадку: без наяўнасці патрабуемых у прадугледжаным выпадку дакументаў, што пацвярджаюць набыццё тавару: таварна-транспартнай накладной (ТТН-1) і таварнай накладной (ТН-2). Было арыштавана тавару на 757,6 мільёна рублёў. Вінаватыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ў памеры 20 мільёнаў рублёў.
Было выяўлена 18 выпадкаў парушэння парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў і парадку выкарыстання касавага абсталявання, а таксама 25 выпадкаў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.
Людміла Грузіна, намеснік начальніка інспекцыі – начальнік аддзела падаткаабкладання арганізацый і іншых даходаў інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне, падсумавала: “Было арыштавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на 1,1 млрд. руб., да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 21 вінаватая асоба, адміністрацыйныя штрафы склалі 39 мільёнаў рублёў, вынесена 24 папярэджанні аб адказнасці за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Top