Алена Панасюк, артыстка са Шчэглікаў
Мінчанка Алена Іванаўна Панасюк стараецца як мага часцей прыязджаць на Жабінкаўшчыну, дзе прайшло яе маленства, дзе жыве яе бацька. Адчувае настальгію і ў родных Шчэгліках, і калі бывае ў мікрараёне цукровага завода: акурат тут калісьці знаходзілася музычная школа, у якой яна вучылася. Урокі ў класе баяна давалі педагогі Вячаслаў Мікалаевіч Чырко і Уладзімір Іванавіч Вайцюк.
Талент яе праявіўся рана, у сям’і. Маці працавала ў рабочай сталоўцы, санітаркай у бальніцы. Вось ужо год як яе не стала. А менавіта Соф’я Сцяпанаўна першая навучыла Лену спяваць — развучыла песню “Шэры шынель”, з якою дзяўчынка ў шэсць гадоў выступіла на сцэне гарадскога Дома культуры.
— Не шкадую, што ў дзяцінстве замест таго, каб лішні раз пагуляць на вуліцы, асвойвала эцюды на баяне. Бабуля Аляксандра спявала ў царкоўным хоры, а дзед Сцяпан добра іграў на гармоніку. Можна сказаць, дзякуючы ім ды маме, я стала музыкантам, — расказвала пры сустрэчы Алена.
Вучылася яна ў СШ №1 г.Жабінка. З цеплынёю згадвае настаўніка спеваў Сяргея Васільевіча Баўта, які заўважыў вакальныя здольнасці вучаніцы. У роднай школе і ў раёне часта праходзілі агляды і конкурсы мастацкай самадзейнасці. Спярша яна ўдзельнічала ў іх з Сяргеем Васільевічам, а пасля таго, як у 9-гадовым узросце пачала вучыцца ў музычнай школе, акампаніятарам у Лены стаў Іван Ісакавіч Пішчук.
З цікавасцю разглядваю тагачасныя Аленіны ўзнагароды. 1976 год — дыплом на абласным тэлевізійным аглядзе дзіцячай творчасці, трэцяе месца ў рэспубліканскім аглядзе; тады юная спявачка ўпершыню выступіла на сцэне опернага тэатра, яе паказалі на тэлебачанні. 1977 — дыплом як аднаму з лепшых выканаўцаў на раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці і дыплом за ўдзел у аглядзе ваенна-патрыятычнай песні. 1978 — грамата РК ЛКСМБ за выкананне маладзёжнай песні…
Пасля заканчэння школы Лена Панасюк паступае ў Брэсцкае музычнае вучылішча. Вучыцца там у класе вакалу ў Рэгіны Казіміраўны Сакалоўскай, якая, са слоў выхаванкі, дала асноўную падрыхтоўку. Навучэнка музвучылішча ўдзельнічае ва Усесаюзным конкурсе патрыятычнай песні і становіцца яго лаўрэатам. Затым яна паступае ў філіял Ленінградскай дзяржкансерваторыі ў Петразаводску. Вучыцца тры гады, а потым пераязджае ў Мінск і працягвае адукацыю ў Беларускай акадэміі музыкі, удасканальвае вакал у дацэнта Ксеніі Аляксееўны Драздовай. І нарэшце — праца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дакладней — у Камерным хоры Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Ігара Мацюкова.
— Камерны хор, — кажа Алена, — заўсёды быў запатрабаваны як прапагандыст музыкі беларускіх кампазітараў. У іх спісе — Эміль Наско, Андрэй Мдывані і многія іншыя аўтары. У гісторыі калектыву — канцэрты з зоркамі сусветнай велічыні. Напрыклад, за дырыжорскім пультам стаяў Інго Райль (Германія). Гучала музыка Баха, Гендаля, Гайдна. З хорам я была на гастролях у Польшчы, Германіі, Люксенбургу. У польскай Гайнаўцы мы сталі лаўрэатамі конкурсу духоўнай музыкі.
Зараз Алена Панасюк працуе ў капэле “Санорус” (мілагучныя спевы) пад кіраўніцтвам Аляксея Аляксандравіча Шута, які быў і заснавальнікам калектыву. Гастралявалі ў Іспаніі, Германіі, Францыі. У складзе капэлы — хор, аркестр, салісты. Такое творчае спалучэнне дазваляе ствараць разнастайныя ў стылі і змесце праграмы. У рэпертуары — вядомыя творы айчынных і замежных класікаў, а таксама сучасных аўтараў. Алена Панасюк выступае як салістка-вакалістка і як удзельніца хору. Яна падкрэсліла ў гутарцы, што толькі сапраўднае мастацтва заклікана дарыць радасць і надзею, а задача любога артыста — несці як можна больш цяпла і любові са сцэны. Гэтага правіла і трымаецца “Санорус”. Асабліва даспадобы гледачам і слухачам невялікі камерны тэатр-опера. Скажам, вельмі прыхільна яны сустрэлі сучасную оперу А.Мдывані “Маленькі прынц”, у якой Алена выконвала партыю Ружы. Пасля прэм’еры паявіўся артыкул у часопісе “Мастацтва”, выступленне паказвалася Беларускім тэлебачаннем.
Алена Іванаўна разгортвае перада мною тэатральныя афішы, якія захоўвае тут, у Шчэгліках, на сваёй малой радзіме. Сярод іх аперэта Ё.Штраўса “Цыганскі барон”, 1993 год. Тады яна здавала дзяржэкзамен у опернай студыі акадэміі музыкі — выконвала партыю Арсены. Рэжысёр-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, народны артыст Беларусі дацэнт Сямён Аляксандравіч Штэйн. Шмат каму ўдзячная спявачка! Пасля заканчэння акадэміі займалася ў артыста Беларускай дзяржаўнай оперы Аляксандра Рыгоравіча Рудкоўскага, лаўрэата Міжнароднага конкурсу П.Чайкоўскага ў Маскве, уладальніка першай прэміі конкурсу ў Барселоне.
Працуючы ў “Санорусе”, Алена Панасюк любіць больш за ўсё выступаць як салістка.
— Трэба забыць пра хваляванне, — разважае яна, — трэба паказаць усё, на што ты здатная. Наша капэла — гэта 45 яркіх музыкаў-салістаў, якім пад сілу самыя розныя тэмы, жанры, настроі: ад рэквіема і оперы да папулярнай песні і раманса. У калектыве — лаўрэат двух міжнародных конкурсаў Вольга Мілюта. Калі працуеш з захопленымі прафесіяналамі, дык цікава ўсюды і заўсёды. Пастаянны пошук — вызначальная рыса “Саноруса”.
Музычная капэла здзейсніла канцэртнае турнэ па Беларусі: выступала ў Сафійскім саборы ў Полацку, у драмтэатрах Віцебска, Гродна, Магілёва. На канцэрт у горадзе над Бугам прыйшлі сваякі Алены Іванаўны, яе былы канцэртмайстар з Брэсцкага музычнага вучылішча. У Жабінцы “Санорус” таксама выступаў, праўда, адзін раз, у 2000 годзе.
— Найлепшыя гастролі былі ў Іспаніі, — згадвае артыстка. — Запомнілася добразычлівая зала, спяваць было прыемна і лёгка. Спадабаўся фестываль класічнай музыкі ў Францыі. Выступалі з аркестрам на беразе мора. І раптам — прапала асвятленне. Мы працягвалі спяваць, і як нам пасля апладзіравалі слухачы!.. Фестывалі, конкурсы многае даюць у абмене вопытам. А нашы перамогі паказваюць: усё, што мы робім, робім не марна.
Так, людзям падабаюцца выступленні нашай зямлячкі, якая валодае прыгожым і мяккім сапрана. Артыстка верыць у сваю шчаслівую і творчую зорку, якая свеціць зараз і капэле “Санорус”, лаўрэату міжнародных конкурсаў. Капэле хутка 20 гадоў. Не такі вялікі тэрмін, і ўсё ж ён дазваляе шмат што ўспомніць. Напрыклад, Дні культуры Расіі ў Беларусі і Дні культуры Беларусі ў Расіі, у час якіх было нямала незабыўных сустрэч. Алена Іванаўна ахвотна паказвае фотаздымкі, дзе яна сфатаграфавана са знакамітымі артыстамі: Васіліем Ланавым, Мікалаем Баскавым, Максімам Галкіным і іншымі.
Што яшчэ пра яе? Алена спрабуе ўсюды паспяваць. З музвучылішча любіць бег, удзельнічала ў абласных спартыўных спаборніцтвах. Яна ходзіць у басейн, трэнажорную залу, ёй вельмі даспадобы саўна, салярый, масаж… Яна ўпэўненая, што ў яе добрая спадчыннасць, што менавіта ад бацькоў перадаліся працаздольнасць і вынослівасць.
— Я, як яны, моцны чалавек. Да здароўя нельга ставіцца грэбліва. Актыўны лад жыцця дапамагае жанчыне заўсёды быць на вышыні і не страчваць энергіі. Важна таксама чым-небудзь захапляцца і расці творча! З задавальненнем спяваю ў царкоўным хоры. Хачу навучыцца выдатна кіраваць машынаю, шафёрскія правы атрымала паўтара года назад. Нямецкую мову я вучыла ў школе, італьянскую — у музвучылішчы і музакадэміі. Маю намер больш сур’ёзна заняцца самаадукацыяй, каб удасканаліць веды ў італьянскай мове.
Слухаю яе і думаю яшчэ пра адну мову — сусветную, мову мастацтва. Яе не трэба перакладаць, на ёй душа гаворыць з душою, на ёй, мусіць, гамоняць і высокія зоры.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.