Усё пра нашу маленькую радзіму

Усё пра нашу маленькую радзіму

Першы тыдзень навучальнай чвэрці 2010 года ў Хмелеўскай школе быў прысвечаны 70-годдзю ўтварэння Жабінкаўскага раёна. Ён пачаўся з агульнашкольнай лінейкі “Маёй маленькай радзіме — 70”. Да гэтай даты ў школьнай бібліятэцы была падабрана літаратура і перыёдыка пра гісторыю і развіццё нашага краю, аб людзях, дзякуючы працы якіх жабінкаўская зямля з кожным годам становіцца багацей, прыгажэй і цікавей.
Члены лектарскай групы “Ветразь”, у якую ўваходзяць вучні-старшакласнікі выступалі ў класах з інфармацыяй аб гісторыі Жабінкаўшчыны, памятных мясцінах краю, расказалі пра знакамітых землякоў.
Усе вучні пабывалі на экскурсіях у райцэнтры. Школьнікі 1-х — 6-х класаў убачылі, як працуе ЦПР. Дырэктар А.К.Скрыпка пазнаёміла з работай гурткоў цэнтра пазашкольнай работы і з выставай работ гурткоўцаў. У дзіцячай школе мастацтваў дзеці расказалі, як навучаюцца і што ўмеюць рабіць іх равеснікі, якія займаюцца тут у вольны час.
Вучні сярэдняй ступені наведалі раённы аддзел МНС, дзе іх пазнаёмілі з работай службы, паказалі навейшую апаратуру і тэхніку. А сустрэча старшакласнікаў з супрацоўнікамі РАУС пачалася каля мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на будынку райаддзела. На ёй выбіты імёны першых работнікаў правапарадку А.Д.Дзмітрука і С.С.Ануфрыюка, якія загінулі ў Вялікую Айчынную, абараняючы сваю Радзіму. Знаёмства з аддзелам пачалося ў дзяжурнай часці. Гаворка ішла пра тое, што задача работнікаў міліцыі — забяспечваць парадак на тэрыторыі раёна і абараняць людзей, што ў любы час сутак пры неабходнасці за 5 мінут аператыўная група выязджае на названы адрас. Размова працягвалася ў актавай зале. Начальнік міліцыі У.П.Жук пазнаёміў школьнікаў са зброяй, якая ёсць у супрацоўнікаў міліцыі, але заўважыў, што выкарыстоўваць яе можна толькі ў самым крайнім выпадку. Вучні цікавіліся, дзе і якія спецыяльнасці можна атрымаць у нашай рэспубліцы.
“Сёння і заўтра Жабінкаўскага краю” — тэма выступлення начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.А.Старыцкага на сустрэчы з вучнямі 8-11 класаў. Ён цікава расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну, аб станоўчых зменах у сацыяльнай сферы, якія, у прыватнасці, адбыліся ў вёсцы ў сувязі з будаўніцтвам аграгарадкоў.
Заключным мерапрыемствам тыдня стала віктарына “Ведай свой край”.
Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць ад усіх вучняў адміністрацыі школы і нашым настаўнікам, што арганізавалі і правялі для нас цікавыя мерапрыемствы і экскурсіі, якія дазволілі нам больш даведацца пра родную Жабінкаўшчыну. Яна заўжды была і будзе часцінкай Беларусі, а жабінкаўцы — часцінкай беларускага народа. Я ўпэўнена, што да яго слаўных спраў будуць мець адносіны і нашы землякі.

Г.ЛОСЬ, старшыня савета старшакласнікаў Хмелеўскай сярэдняй школы, вучаніца 11 класа.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top