Захавальніца сапраўднага дзяцінства

Захавальніца сапраўднага дзяцінства

_DSC5130 _DSC5150 _DSC5171

– Міколка, ты ж павітацца не забудзь, – мама, перш чым адправіць сына ў групу, дае апошнія “настаўленні”. – І слухайся выхавацельку, добра?
– Мамачка, а можна я Святлане Паўлаўне не “Здравствуйте” скажу, а “Прывітанне”?
Пяцігадовы Міколка Макарэвіч смела бяжыць у любімую групу “Сяміколерка” сада №5 і гучна вітаецца з усімі:
– Пры-ві-тан-не!
Выхавальніца цёпла сустракае кожнае дзіця і ўсміхаецца: малайчына, Мікалай, не забывае беларускія словы, якія вывучаюць у садзіку, пастаянна ўжывае “дзякуй”, “да пабачэння” ў размове. У любімай усімі дзецьмі гульні “Перакладчык” і “Што за штучка?” ён – самы актыўны. Як свецяцца радасцю вачаняты хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны правільна называюць па-беларуску загаданыя Святланай Іванюк словы.
– Беларуская мова – мілагучная, пявучая, мяккая, – расказвае выхавальніца. – Згодна з праграмай дашкольнага выхавання, у нашай установе кожны чацвер ўсе размаўляюць на роднай мове. У гульнёвай форме знаёмім дзяцей з беларускім слоўнікам, апісваем прадмет і яго прыкметы, вучым вершы і песенькі. Гарэзы лёгка запамінаюць новыя словы. Галоўнае, каб дзіця чула іх таксама дома, у сям’і, тады ў школе будзе лягчэй вучыцца на ўроках беларускай мовы. Вельмі прыемна, калі бацькі просяць спіс вывучаных слоў і вершаў, каб паўтараць у вольны час, тым самым развіваюць маўленне, пашыраюць слоўнікавы запас.
– А ў нас нават ёсць куточак беларускай мовы! – хваліцца Ягорка Тарасюк, які маляваў побач і, як аказалася, цішком сачыў за размовай. – Вунь колькі ўсяго беларускага нашы мамы і таты прынеслі! І гладышок, і гліняныя свісцёлкі, і лялькі, і нават ручнік вышыты! Усё такое прыгожае…
– А яшчэ ў нас жывуць чарапашкі, – сваю лепту ў размову ўносіць Яначка Літвінюк. – Яны зімой спяць, а калі прачынаюцца, так смешна галавой віляюць, – прашчабятала і праз секунду ўжо скакала з сяброўкамі.
Святлана Паўлаўна ўсміхнулася: за дзень ад “чамучак” такіх “перлаў” наслухаешся – хоць дысертацыю пішы.
Малыя штохвілінна задаюць ёй пытанні і на ўсе атрымліваюць адказы: чаму ў акулы зубы ў два рады, навошта калібры мае такую доўгую тоненькую дзюбку і куды закаціўся чырвоны аловак?
З такімі цікаўнымі малымі сумаваць не даводзіцца. Выхавальніца прызнаецца: іншай працы для сябе не ўяўляе, дзеці – яе сэнс жыцця. Звон дзіцячых галасоў, іх шчабятанне, валтузня, шматлікія “чаму” і “навошта”, што-дзённыя адкрыцці, вядома, стамляюць, але і надаюць сілы, прымушаюць самаўдасканальвацца, цікавіцца навінкамі, ведаць сучасных “мульцяшных” герояў і многае іншае. Самае галоўнае – яна любіць дзяцей, у вачах – юнацкі запал, ёй хочацца зрабіць з малымі значна больш, чым прапісана ў праграме. Не скупіцца на ласкавы дотык да дзіцяці, што засумавала на канапе, на цёплае слова пакрыўджанаму, на пахвалу юнаму мастаку, які паўгадзіны сапеў над мосцікам з кругляшоў, на казку перад “ціхай” гадзінай… Дзеці адчуваюць сябе ўтульна і камфортна і ў групе, і на свежым паветры.
Святлана Паўлаўна прызналася, што быць выхавальніцай хацела з маленства, “здрадзіла саду на некалькі гадоў, пакуль у школе і інстытуце вучылася”. Дарэчы, яна асвоіла грамату і бегла чытала ўжо ў чатыры гады, таму яе часта садзілі на асобны стульчык, давалі кніжку і прасілі чытаць казкі дзецям.
– А група тады была – не ў прыклад сённяшняй – 42 чалавекі! – з усмешкай узгадвае сваё дзяцінства жанчына. – І ніхто не бегаў, слухаліся мяне. Калегі маёй мамы – Ларысы Рыгораўны Вайтовіч (яна, дарэчы, працавала з самага адкрыцця пятага сада) – жартавалі: дастойная змена расце. Вось, як бачыце, тут ужо 26 гадоў з дзецьмі працую. Сын, курсант ваеннай акадэміі, часам жартуе, што я цікаўлюся чужымі дзецьмі больш, чым ім. І гэта праўда. Кожны выпускны плачу: за некалькі год мае выхаванцы становяцца мне роднымі… Растуць, мужнеюць, жэняцца і прыводзяць у сад сваіх карапузаў – маленькіх копій сябе ў дзяцінстве. Прыемна, калі сустракаюць на вуліцы, вітаюцца. Значыцца, змагла пакінуць у сэрцы кропельку прыемных успамінаў з першых гадоў жыцця…
Марыць выхавальніца паступіць у магістратуру і ў чацвёрты раз паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. А чаму б і не?
…Калі пакідала сцены сада, падумалася: гэтым малым вельмі пашанцавала. Святлана Іванюк хутчэй не выхавальніца, а захавальніца дабра, пяшчоты, радасці, смеху – сапраўднага дзяцінства.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: у групе “Сяміколерка” ясляў-сада №5.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top