Жыццё без шкодных звычак – шчаслівае!

Жыццё без шкодных звычак – шчаслівае!

IMG_3821

У дзяцінстве Алінка Палівода часта хварэла, ляжала ў лякарнях, але ні кропелькі не баялася лю-дзей у белых халатах, смела ішла на ўколы і іншыя працэдуры. Дзяўчынка бачыла, што медыкі робяць усё для таго, каб пацыенты выздараўлівалі. “Я ў будучым таксама хацела б людзей лячыць”, – марыла Алінка.
Аднойчы гэтую думку ў дзіцячай галаве замацаваў хірург-артапед сталічнай клінікі Уладзімір Кручкоў, які пры выпісцы сказаў сваёй юнай пацыентцы: “Ты такая смелая. Ты абавязкова павінна стаць урачом, каб дапамагаць людзям, як мы табе. Здаровы чалавек – шчаслівы чалавек, памятай пра гэта”.
Словы Уладзіміра Рыгоравіча запалі ў дзіцячую душу. З той пары Аліна ўпэўнена ішла да сваёй мары. Пачынаючы з 9 класа дзяўчына стала сур’ёзна рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі. Больш увагі надавала тым прадметам, якія патрэбна было здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні, наведвала школьныя факультатывы. На дадатковыя заняткі па хіміі ездзіла ў Жабінку да Ніны Міхайлаўны Вішнявецкай, біялогіяй і рускай мовай зай-малася з настаўнікамі сваёй Крыўлянскай школы – Вольгай Іванаўнай Марчук і Марыяй Рыгораўнай Марковіч. Руплівая праца дзяўчыны мела выдатны вынік на ЦТ. Дакументы ў медыцынскі ўніверсітэт Аліна павезла ў Гродна. Гэты горад даўно падабаўся ёй сваім спакоем, утульнасцю і прыгажосцю, ведала яна і яго багатую гісторыю.
Гады вучобы ва ўніверсітэце былі для Аліны адначасова і цікавымі, і складанымі. Самым няпростым выдаўся першы курс, на якім адбывалася своеасаблівая адаптацыя, прывыканне. На павышаным узроўні вывучаліся хімія, матэматыка, фізіка, а дзяўчыне хацелася хутчэй перайсці да спецпрадметаў. На трэцім курсе ў яе ўжо былі свае, любімыя: тэрапія, хірургія, дэрматавенералогія, іншыя. Нарэшце пачалася і доўгачаканая практыка. Сястрынскую і даўрачэбную Аліна праходзіла ў Жабінкаўскай ЦРБ, урачэбную – у Брэсцкай абласной бальніцы і раддоме, інтэрнаўскую – у Бярозаўскай райбальніцы. Пасля атрымання дыплома ў 2010 годзе ўрач-тэрапеўт Аліна Уладзіміраўна Палівода засталася ў Бярозе яшчэ на год, пакуль у дэкрэт не пайшла, бо ў ліпені 2011-га выйшла замуж за хлопца Сашу з Вялікіх Якаўчыцаў і змяніла прозвішча на Місюра.
У Бярозаўскай бальніцы малады ўрач працавала ў тэрапеўтычным аддзяленні, вяла прыём у паліклініцы. З цеплынёй узгадвае сваіх бярозаўскіх калег, якія па-бацькоўску адносіліся да маладога спецыяліста, ва ўсім дапамагалі: урача-пульманолага Алену Рыгораўну Вашчанка, участковага тэрапеўта Валянціну Уладзіміраўну Тышкевіч.
Маладая сям’я Місюраў вырашыла пусціць карані ў Жабінцы, дзе будаваўся дом на Блакітнай. Тут напярэдадні Раства 2012 года нарадзіўся сынок Марк.
Калі Аліне надышоў час выходзіць на працу, галоўны ўрач Жабінкаўскай раённай бальніцы Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч прапанаваў ёй наступныя вакансіі: урача агульнай практыкі на вёсцы, рэаніматолага і нарколага. Выбар быў зроблены на карысць апошняй. Наперадзе чакала вучоба ў Медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў сталіцы, дзе чатыры месяцы Аліна Уладзіміраўна вывучала спецыфіку работы ўрача-нарколага. З 27 снежня 2014 года яна на гэтай пасадзе ў Жабінкаўскай ЦРБ.
Як расказала Аліна Місюра, галоўная задача нарколага – прафілактыка цвярозага і здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва раёна. Работа будуецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў у пераадоленні п’янства і алкагалізму, у якой змешчаны комплексны план мерапрыемстваў, звязаных з гэтай праблемай. Урач-нарколаг працуе ў цеснай узаемасувязі з РАУС, ДАІ, уваходзіць у камісію інспекцыі па справах непаўнагадовых. Сумесная работа накіравана на папярэджанне правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, дарожна-транспартных здарэнняў па віне нецвярозых вадзіцеляў, злоўжывання спіртных напояў сярод непаўнагадовых. Даводзіцца займацца абследаваннем і лячэннем пацыентаў з нарказалежнасцю, дапамагаць ім справіцца з гэтай праблемай.
У кабінеце ўрача-нарколага раённай паліклінікі працуе “Школа адмовы ад курэння”. Адзін раз у два тыдні на працягу года Аліна Уладзіміраўна праводзіць у ёй заняткі. Іх наведваюць ад 10 да 15 чалавек. Мяне зацікавіла, як фарміруецца група. У адказ пачула:“Пры праходжанні вадзіцельскіх прафаглядаў выяўляюцца курыльшчыкі, якім і прапануецца дапамога ў адмове ад шкоднай звычкі”. Заняткі праходзяць па-рознаму: яны маюць форму гутарак пра наступствы курэння для арганізма чалавека, наведвальнікі праглядаюць відэафільмы, сустракаюцца з урачамі іншых профіляў. У размове не забыла падзякаваць за дапамогу медыцынскай сястры наркалагічнага кабінета Але Анатольеўне Бычук, якая мае багаты прафесійны вопыт.
– Збылася мая дзіцячая мара, – кажа Аліна Уладзіміраўна. – Я лячу лю-дзей, дапамагаю ім справіцца са шкоднымі звычкамі і стаць здаровымі. Бачу, што многім гэта цяжка зрабіць, але, калі агульныя намаганні прыносяць вынік, атрымліваю задавальненне ад таго, чым зай-маюся. Тады згадваю даўнія словы ўрача Уладзіміра Кручкова, які сказаў: здаровы чалавек – шчаслівы чалавек. І, гледзячы ў вочы сваіх пацыентаў, упэўніваюся, што на самой справе гэта так.
Да ведама: кабінет урача-нарколага №36 паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ працуе штодзённа з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00, акрамя выхадных. Звяртайцеся, тут вам дапамогуць пазбавіцца ад шкодных звычак. Тэлефон для даведак: 6-08-11.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top