Стварылі святочную атмасферу

Стварылі святочную атмасферу

пмк 19 006 IMGL1830пмк 19 119 пмк 19 103 пмк 19 075 пмк 19 043 пмк 19 035

IMGL1867

IMGL1914

Зрабілі экскурсію па гарадскіх вуліцах, да адміністрацыйных будынкаў прадпрыемстваў і арганізацый, каб напярэдадні старога Новага года яшчэ раз адчуць атмасферу святаў. Яна, дарэчы, складаецца з многіх элементаў. Снег і мароз у зімовыя дні не залежаць ад людзей, а вось упрыгажэнне вуліц, уваходаў у адміністрацыйныя будынкі, тэрыторый ля іх, балконаў і вокнаў у кватэрах, прыватных дамах – справа рук чалавека, яго творчасць і фантазія.
Неўзабаве будзе чатыры дзясяткі гадоў, як жыву ў Жабінцы. За гэты час пабачыла нямала навагодніх ёлак у цэнтры горада. На мой погляд, сёлета самая чароўная зялёная прыгажуня, якая зіхаціць цудоўнымі гірляндамі, шарамі. Па вуліцы Кірава ўпрыгожаны дрэвы, на плошчы з’явіліся розныя лясныя звяры з далікатнай падсветкай, казачныя дрэўцы сакуры. У гэтым, вядома, заслуга работнікаў камунальнай службы, майстэрства і творчасць якіх узбагачаецца з гадамі.
Святочна ля райбальніцы, ля вузла паштовай сувязі і «Белтэлекама», дзе ілюмінацыя ўмела спалучаецца з блакітнай падсветкай. Фірменнымі бела-зялёнымі колерамі падсвечаны будынак “Беларусбанка”, а “Аграпрамбанка” – шэра-аранжава-белага. Паклапаціліся пра святочнае светлавое афармленне гандлёвыя прадпрыемствы, рэстаран “Вясёлка” і атэлье райбыткамбіната, кінатэатр “Юбілейны”, Жабінкаўская дыстанцыя пуці.
Экскурсія працягваецца. Перад намі будынак райвыканкама. Калоны ля ўваходу ў яго аздоблены залацістымі гірляндамі, што нібы сонейка саграваюць у зімовы час, вечназялёныя дрэвы таксама зіхацяць-пераліваюцца зялёна-белымі колерамі.
Ля адміні-страцыйнага будынка раённай падатковай інспекцыі прыгожа не толькі ў зімовыя святочныя дні, а й круглы год. Цяпер туі “апрануліся” ў далікатна белыя гірлянды. Уваход таксама аздоблены зіхоткай ілюмінацыяй, а ў фае за вокнамі віднеецца ёлка, расквечаная агнямі.
Светлавая ілюмінацыя ёсць не толькі ў цэнтры горада. Дарога прывяла да ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” і УП “Жабінкаўская ПМК-10”. Там паўсюдна шыкоўнае святочнае ўбранства. Адчуваецца, што з густам падышлі да стварэння святочнай атмасферы. У ПМК-10 сёлета абнавілі ўбранства, а пастараліся прыгожа яго развесіць электрыкі разам з галоўным энергетыкам Сяргеем Бабарыкавым.
У райсельгастэхніцы таксама ўсё заварожвае разнаколернасцю гірляндаў, прыгожай падсветкай будынка, дарожак. Дзед Мароз і казачны алень вітаюць кожнага, хто па справах заходзіць у вытворчы калектыў. Зачароўвае бялюткая ёлачка ля ўваходу. Пра стварэнне навагодняй утульнасці тут праклапаціліся многія, асабліва галоўны энергетык Юрый Васілюк.
Наступны прыпынак – ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Любы, хто праходзіць паўз яго будынак, зверне ўвагу на аздоблены гірляндамі казачны млын, на аленя і Дзеда Мароза, што ўзвышаюцца над галоўным уваходам. Зіхацяць туі рознымі агеньчыкамі. Словам, святочна, міла!
Дарэчы, ва ўсіх гэтых калектывах нам абавязкова гаварылі: “Наведайцеся да меліяратараў, сапраўды ў святочную казку трапіце. Там ужо палова жабінкаўцаў сфатаграфавалася”. Мы, канечне, завіталі ў ПМК-19.
Старшыня прафкама Валянціна Ляўчук расказала: “Ініцыятыва ўпрыгожваць тэрыторыю прадпрыемства гірляндамі, рознай ілюмінацыяй, казачнымі героямі з’явілася ў нашым калектыве больш за пяць гадоў таму. І сыходзіла яна ад начальніка Пятра Уладзіміравіча Вайноўскага. Штогод святочнае ўбранне папаўняецца. Сёлета, як мне здаецца, цудоўна выглядае гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі. Усе туі, елкі ўпрыгожаны гірляндамі, ілюмінацыяй, падсветка ў далікатных танах. Чатыры Дзяды Марозы вітаюць прахожых, адзін іграе на гітары і спявае “В лесу родилась елочка…”, другі – з саксафонам, два іншыя стаяць ля цэнтральнага ўваходу і робяць розныя рухі.
У тым, што ўсе зачараваны святочным убраннем, вялікая заслуга калектыву і асабліва інжынера Мікалая Манчука. Менавіта ён праявіў умельства, фантазію, творчасць. Так наша тэрыторыя будзе выглядаць да Вадохрышча”.
Як цудоўна бачыць такую прыгажосць ля будынкаў! Творчы падыход і фантазія адчуваюцца паўсюдна.
Людміла Косціна.
Фота Паўла Ядрэўскага і Ірыны ЖУК.­

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*