Напоўнім слова шматгранным зместам!

Напоўнім слова шматгранным зместам!

IMG_5954Напярэдадні Новага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 522 “Аб абвяшчэнні 2016-га Годам культуры”. Пытанне, што ўзнікае адразу: якія фарбы гэта дадасць у палітру нашага жыцця?

Сёння навукоўцы налічваюць больш за сотню тлумачэнняў слова “культура”. І найстаражытнейшае з іх звязана зусім не з танцамі, песнямі ці кніжным светам, а з апрацоўкай зямлі (нездарма дасюль ужываюцца ўстойлівыя выразы “культурная ніва” альбо “культура вядзення гаспадаркі”). Менавіта таму лацінскае слова cultura найперш перакладаецца як “апрацоўка, догляд, хлебаробства”, затым — “адукацыя, развіццё, выхаванне,” і, нарэшце, тлумачыцца словамі “павага, раскоша ды шанаванне”.
Відаць, усё гэта мелі на ўвазе прадстаўнікі Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў краіны, якія 7 снежня 2015 года звярнуліся да Кіраўніка дзяржавы з прапановай абвясціць 2016-ы Годам культуры. У выніку 28 снежня названы ўказ быў падпісаны, і краіна ўступіла ў новы год, абвешчаны Годам культуры.
Ён прызваны аб’яднаць інтэлектуальныя і духоўныя сілы грамадства для рашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання любові да Айчыны, падтрымкі творчых ініцыятыў. Прычым Год культуры будзе закранаць усе без выключэння сферы чалавечай дзейнасці, у тым ліку культуру вытворчасці і земляробства, сямейных адносінаў і быту, уладкавання і добраўпарадкавання нашых гарадоў ды вёсак. І, канечне ж, асаблівая ўвага — мерапрыемствам мастацкай культуры, якая спрадвеку была і застаецца дасюль дзейсным сродкам выхавання патрыятызму і павагі да Радзімы.
Вядома, не застануцца па-за ўвагаю знакавыя для культуры Беларусі юбілейныя даты. Сярод іх — 25-годдзе Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску і 75-ыя ўгодкі беларускага песняра Уладзіміра Мулявіна, юбілеі народных пісьменнікаў Івана Шамякіна і Кандрата Крапівы, 125-годдзе Максіма Багдановіча, інш. Дарэчы, ужо шмат часу ідуць размовы пра перазахаванне з Крыму ў Беларусь астанкаў аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай паэзіі. Ёсць спадзяванне, што славуты сын нашай зямлі нарэшце знойдзе ў ёй спачын менавіта ў Год культуры.
Усё гэта і многае іншае дазволіць напоўніць старажытнае слова “культура” шматгранным сучасным зместам.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*