Жабинковский торфобрикетный завод выходит на зарубежные рынки

Жабинковский торфобрикетный завод выходит на зарубежные рынки

Паліўныя брыкеты, якія вырабляюцца на ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, карыстаюцца попытам не толькі ў мясцовых спажыўцоў. Менавіта пра рынкі збыту прадукцыі ішла гаворка з намеснікам дырэктара прадпрыемства Міхаілам Мікалаевічам Кляўзо.
— Сёлетні год для нас склаўся даволі ўдала. Гадавая праграма выпуску тарфяных брыкетаў перавыканана за дзевяць месяцаў: на 1 кастрычніка выраблена ўжо 54500 тон іх пры запланаваных на год 54 тысячах. За чацвёрты квартал мяркуем выпусціць яшчэ 18 тысяч тон брыкетаў.
Ці будзе задаволены попыт, цяжка сказаць. Адно зразумела: жабінкаўскім спажыўцам нашага паліва хопіць. Філіялу “Жабінкаўскі райпалівазбыт” пастаўлена ўжо 3244 тоны брыкетаў, а паводле дамоўленасці неабходна 4600. Так, прадпрыемствы райгарпалівазбыту Брэстчыны з’яўляюцца асноўнымі пакупнікамі нашай прадукцыі. Ацяпляюцца дамы брыкетам, выпушчаным на торфапрадпрыемстве “Гатча-Осаўскае”, на Кобрыншчыне і Маларытчыне, Пружаншчыне і Іванаўшчыне, Драгічыншчыне і Камянеччыне… Найбольш завозіцца яго ў Кобрынскі раён — дастаўлена ўжо 5 тысяч тон пры запланаваных 7 тысяч.
Партнёрскія адносіны склаліся ў нас і з іншымі абласцямі Беларусі, у прыватнасці — з Магілёўскай і Віцебскай. Супрацоўніцтва такое доўжыцца ўжо каля сямі гадоў, асноўныя пакупнікі паліва тут Полацкі, Клімавіцкі, Горацкі і Крычаўскі райпалівазбыты. Хоць у нашай краіне на 18 заводах выпускаецца брыкет, аднак найбольш іх на Брэстчыне. Так што мы маем магчымасць пашыраць рынкі збыту. Напрыклад, на Магілёўшчыне ёсць толькі адно торфапрадпрыемства, таму брыкету не хапае спажыўцам. Мы заключылі дагаворы на пастаўку туды паліва з нашага завода, дамоўленасці выконваем. З гэтай прычыны з’явіліся партнёры і на Віцебшчыне.
Летась выйшлі і на замежныя рынкі збыту. Польшча, Літва, Чэхія пачалі купляць нашы тарфяныя брыкеты. Найбольш пастаўляем паліва палякам. Калі летась адгрузілі ў Польшчу 7,5 тысячы тон брыкетаў, то сёлета за дзевяць месяцаў 12120 тон іх. Згодна з дамоўленасцямі, замежным партнёрам да канца года будзе адгружана 4500 тон. Дарэчы, з замежжам працуем пры стопрацэнтнай перадаплаце, што зручна.
На ўнутраным рынку цэны зацвярджае міністэрства энергетыкі пры ўзгадненні з міністэрствамі фінансаў і эканомікі. Прадпрыемствам райгарпалівазбыту брыкет адпускаецца без падатку на дабаўленую вартасць, іншым суб’ектам гаспадарання з ім.
На заводзе я ўжо шмат гадоў. Яшчэ ў памяці той час, калі аўтамабільная чарга па брыкет “расцягвалася” ажно да трасы. Цяпер такога няма. Прадукцыя вывозіцца вялікагрузнымі аўтамашынамі ці па чыгунцы, працуем у спакойным рэжыме. Праблем з яе рэалізацыяй няма: выраблены брыкет дастаўляецца адразу ж спажыўцам. Маем, канечне, бункеры, у якіх складзіруюцца пэўныя запасы. У кожным з іх можна захаваць сутачны выпуск паліва. Цяпер рэгулярна ў суткі вырабляецца да 270 тон тарфяных брыкетаў. Магутнасці мы не можам павялічваць з-за зношанасці тэхналагічнага абсталявання, хоць попыт на заводскае паліва ўзрастае. Новых тэхналогій і абсталявання ў паліўнай прамысловасці пакуль што не з’явілася. А наяўнасць сыравіны залежыць ад таго, як будуць адводзіцца ўчасткі для здабычы тарфакрошкі. Торфапрадпрыемства цяпер працуе ў зладжаным рытме.
Запісала Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top