Юбілей узорных “Каруначкаў”

Юбілей узорных “Каруначкаў”

IMG_0563У дзень, калі вернікі-католікі святкавалі Раство Хрыстова, жабінкаўскі ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Феафанаўны Румко адзначыў сваё 30-годдзе.

У зале гарадскога Дома культуры амаль не было вольных месцаў — столькі тут сабралася людзей, неабыякавых да танцавальнай творчасці “Каруначкаў”. Падтрымаць і павіншаваць юных танцораў прыйшлі таты і матулі, бабулі і дзядулі, брацікі і сястрычкі. Прысутнічалі ў зале і былыя выпускнікі Ірыны Феафанаўны, іх бацькі.
Вядучая канцэрта Васіліса Паўлаўна Каралец узгадала далёкі 1983 год, калі з прыходам на працу ў аддзел культуры Ірыны Румко быў створаны гэты танцавальны калектыў, які ўжо літаральна праз два гады атрымаў высокае званне ўзорнага, першы ў нашым раёне. Дарэчы, 25 снежня 1985 года менавіта Васіліса Паўлаўна вяла канцэрт на атрыманне “Каруначкамі” звання ўзорнага ансамбля.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Жабінкаўскага райвыканкама — загадчык сектара культуры Наталля Іванаўна Бернат павіншавала калектыў з юбілеем, уручыла яго кіраўніку Ірыне Феафанаўне Румко Ганаровую грамату райвыканкама і нагадала, што жабінкаўскія танцоры неаднойчы ўдзельнічалі ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і вярталіся з дыпломамі. У 2014-м юныя танцоры заваявалі гран-пры Сусветнага фестывалю ў Польшчы, летась міжнароднага.
Далучылася да він-шаванняў удзельнікаў ансамбля і яго нязменнага кіраўніка і галоўны спецыяліст па клубнай рабоце ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама Лілія Аляксееўна Свідуновіч. Яна заўважыла, што Ірына Феафанаўна маладзее год ад году, назвала яе яркай, творчай асобай Берасцейшчыны і ўручыла Прывітальны адрас і падарункі ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама.
Лілія Аляксееўна падзякавала Ірыне Феафанаўне за плённую працу на ніве культуры, захаванне народных традыцый, адзначыла разнастайнасць і прыгажосць касцюмаў юных танцораў, выдатную школу харэаграфіі, нагадала прысутным, што былыя ўдзельнікі “Каруначкаў” з’яўляюцца ўпрыгажэннем лепшых дзяржаўных ансамбляў танца Беларусі, напрыклад, “Харошак”. Выступоўца пажадала танцавальнаму калектыву росквіту, поспехаў і новых перамог.
Пасля цёплых, прыемных слоў зала апынулася ў атмасферы музыкі і танцаў. Пад час канцэрта гледачы трапілі ў “Лета”, выцягнулі “Рэпку”, пабывалі на “Палескіх вячорках”, станцавалі вясковую кадрыль і польку-весялуху. Бурнымі апладысментамі яны сустрэлі харэаграфічныя замалёўкі “На пажары” і “Пеўнічак”. Хлопцы з “Каруначкаў” выдатна пераўвасабляліся то ў маракоў, то ў казакоў, радавалі залу сваімі танцамі. Запамінальна, ярка выступілі і салісткі ўзорнага ансамбля народнага танца Лізавета Карпук, Кацярына Гаўрылковіч, Наталля Волк і Злата Лукашэвіч. А самыя маленькія ўдзельнікі калектыву парадавалі прысутных танцавальнай пастаноўкай “Самавар”. У невялікіх перапынках спявала дыпламантка конкурсаў рознага ўзроўню Марына Базылюк, чароўны голас якой заварожваў залу.
Першая частка канцэрта сімвалічна скончылася нумарам “Наш край”, а другая пачалася з танцаў “Украіна” і “Гапак”. Мовай танцавальных рухаў хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі пра сяброўства суседніх славянскіх народаў, якія жывуць адной сям’ёй.
Напрыканцы святочнай вечарыны адбылася прэм’ера танца “Вясковая плясавая”, якая таксама была цёпла сустрэта гледачамі.
Трэба сказаць, танцоры і прысутныя ў зале ўвесь вечар абменьваліся шчырымі ўсмешкамі, цяплом і святлом. За цудоўныя выступленні прыхільнікі народных танцаў дзякавалі выступоўцам гучнымі, дружнымі апладысментамі. Пасля канцэрта, калі юныя танцоры выйшлі на паклон, іх доўга не адпускалі са сцэны, з усіх бакоў гучалі “брава” і “біс”. Ірыну Феафанаўну віншавалі былыя вучні, калегі, муж, бацькі сённяшніх танцораў.
У заключэнне кіраўнік узорнага танцавальнага калектыву “Каруначкі” па-дзякавала сваім памочнікам: канцэртмайстру Таццяне Мікалаеўне Кіневай і гукааператару Віктару Віктаравічу Дзірыну, усім прысутным і сказала:
— У першую чаргу мы хацелі стварыць свята для дзяцей, аб’яднаць усе ўзроставыя групы — іх жа нямала, а таксама арганізаваць свята для бацькоў, якія нас заўсёды падтрымліваюць. Хацелася павіншаваць усіх з надыходзячым Новым годам, пажадаць здароўя і шчасця.
Свята сапраўды атрымалася. Гэты цудоўны танцавальны вечар падарыў усім усмешкі і добры настрой. Нікому не хацелася разыходзіцца. Таму ў мяне была выдатная магчымасць пагутарыць з некаторымі ўдзельнікамі ансамбля і гледачамі.
Прыгажуня-танцорка Злата Лукашэвіч, вучаніца СШ №3, займаецца пад кіраўніцтвам Ірыны Румко тройчы на тыдзень па тры гадзіны ў дзень шэсць гадоў. Вось такая матэматыка. Дзяўчынка прызналася, што танцы — справа нялёгкая, але любімая. Асабліва падабаецца Злаце яе сольнае выступленне “Агнявушка-паскакушка”.
Дзевяцікласніца трэцяй гарадской школы Кацярына Гаўрылковіч танцуе ў ансамблі 8 гадоў і не ўяўляе без яго свайго жыцця. Дзесяцікласнік першай гарадской адзінаццацігодкі Іван Лаўранюк займаецца танцамі 10 гадоў, шкадуе аб тым, што хутка давядзецца расстацца з калектывам.
Сярод гледачоў вылучыла жанчыну, якая эмацыянальна рэагавала амаль на кожнае выступленне юных танцораў: часта апладзіравала выступоўцам стоячы, гучна выкрыквала “брава” і паўтарала раз-пораз: “Малайцы!”. Пазнаёміліся. Святлана Сцяпанаўна Раманчук, намеснік загадчыка ясляў-сада №5 г.Жабінка, расказала, што 30 гадоў таму ў адным з першых набораў “Каруначкаў” танцаваў яе сын Андрэй, які сёння працуе ў аддзеле маркетынгу Жабінкаўскага камбікормавага завода. На жаль, у той дзень ён не змог прыйсці павіншаваць былога выкладчыка, а сама Святлана Сцяпанаўна нібыта вярнулася ў памяці на тры дзясяткі гадоў таму, калі адпраўляла сына з танцавальным калектывам на гастролі ў Польшчу. Святлана Раманчук з гонарам адзначыла, што ў цяперашнім саставе “Каруначкаў” танцуюць Ліза Карпук, Наташа Волк і іншыя дзяўчаты, якія наведвалі калісьці пяты садзік.
Раіса Макараўна Мышкавец прыйшла на канцэрт, каб падтрымаць сваю ўнучку, дачку пляменніка, Аляксандру Скарына.
— Мы не прапускаем з Сашынымі бабулямі і дзядулямі ніводнага выступлення калектыву і атрымліваем задавальненне і асалоду ад танцаў хлопчыкаў і дзяўчынак, — сказала яна.
Напэўна, пад словамі Раісы Макараўны падпісаўся б кожны, хто прысутнічаў на канцэрце, таму што па тварах і дзяцей, і дарослых было бачна, што задаволеныя святам засталіся ўсе.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: узорны танцавальны калектыў “Каруначкі”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top