Твораць дабро паводле сумлення і поклічу душы

Твораць дабро паводле сумлення і поклічу душы

IMG_8077Калі чалавек трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, — напаткала хвароба, страціў карміцеля, працу ці мае вялікія матэрыяльныя цяжкасці — заўсёды можа звярнуцца ва ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва райвыканкама, дзе яму акажуць кваліфікаваную дапамогу. Ягоныя спецыялісты — прадстаўнікі адной з самых высакародных прафесій, таму што нясуць людзям дабро і працягваюць руку дапамогі кожнаму, хто не мае сіл і магчымасцей перайсці з чорнай паласы жыцця на белую.
З 2010 года ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама ўзначальвае Любоў Селівонік. Сёння яна госць “Сельскай праўды” і распавядзе аб арганізацыі работы ў гэтай сферы, якая з’яўляецца прыярытэтным накірункам у дзейнасці мясцовай улады. Любоў Фёдараўна
IMG_8091расказала:

— Свой аповед пачну з 1986 года, калі на Жабінкаўшчыне быў закладзены падмурак, на якім сфарміравалася сацыяльная служба. Пры райсабесе было створана аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома. Пачала фарміравацца база дадзеных адзінокіх пажылых людзей, якім патрэбна надомнае абслугоўванне. Значны ўклад у станаўленне і развіццё сацыяльнай службы ўнеслі Вольга Міхайлаўна Струк (начальнік), Наталля Уладзіміраўна Іваноўская (загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома), першыя работнікі Соф’я Уладзіміраўна Клімушка са Стаўпоў, Раіса Іванаўна Якубовіч і Марыя Іванаўна Буснюк з Жабінкі. Таццяна Кірылаўна Суцько з Залуззя. Гэтыя жанчыны з чулымі сэрцамі былі ля вытокаў стварэння службы спагадлівасці, міласэрнасці ў раёне.
У 2002 годзе на базе аддзялення стварылі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што дазволіла значна павялічыць колькасць лю-дзей, якім патрэбна ўвага і дапамога; пашырыць пералік і якасць паслуг, што аказваюцца нямоглым людзям. Калі ў 1986 годзе сацыяльныя паслугі атрымалі каля 90 чалавек, то ў 2003-ім спецыялістамі цэнтра было аказана іх больш як двум тысячам жабінкаўцаў, а летась — больш чым сямі тысячам.
Нават за тыя пяць гадоў, як я ўзначальваю ўпраўленне, шмат чаго змянілася. Мы сталі займацца і
аховай працы, і пытаннямі занятасці насельніцтва. Адбыліся змены ў налічэнні пенсій, чым займаюцца ва ўпраўленні работніцы аддзела сацыяльнай абароны Любоў Зубачова (яго начальнік) і галоўныя спецыялісты Ірына Андрасюк, Ірына Кіпцілая і Вольга Корзан. Менавіта яны стараюцца, каб кожны своечасова атрымаў пенсію ці то па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў; выконваюць адміністрацыйныя працэдуры па назначэнні дапамог. На 1 снежня 2015 года на ўліку ва ўпраўленні знаходзілася 6848 пенсіянераў, у тым ліку 1186 інвалідаў. Сярэдні памер пенсій у раёне складае 2,7 мільёна рублёў. Штомесячна на іх выплату з пенсійнага фонду выдаткоўваецца 18,9 мільярда рублёў.
Наступны аддзел, у які часта звяртаюцца пажылыя людзі, — быту, дзе працуюць тры чалавекі, і ўзначальвае яго Святлана Трафімчук. У сваёй працы яго спецыялісты выкарыстоўваюць сучасныя камп’ютарныя праграмы і з’яўляюцца адказнымі за ажыццяўленне 22 адміністрацыйных працэдур. Летась іх было здзейснена 723: выдача пасведчанняў шматдзетнай сям’і і пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ад іншых радыяцыйных аварый, даведак на прадастаўленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, прымаліся рашэнні аб ёй ці адмове, назначэнні сямейнага капіталу і аб аднаразовай выплаце сем’ям пры нараджэнні двух і больш дзяцей на набыццё рэчаў першай неабходнасці.
Асаблівай увагай мы атуляем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асобаў, якія пацярпелі ад войнаў. Напачатку мінулага года сумесна са спецыялістамі Жабінкаўскага ТЦСАН, старшынямі сельвыканкамаў праведзена 100-працэнтнае абследаванне ўмоў пражывання гэтай катэгорыі жабінкаўцаў: наведалі 95 грамадзян, ад 27 з іх паступілі заяўкі і просьбы, якія выкананы ў поўным аб’ёме. Каму трэба было, забяспечылі палівам, спілавалі дрэвы, зрабілі лаўкі, адрамантавалі дах і г. д. 41 ветэрану вайны, які не прайшоў аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне, выплачана грашовая дапамога ў памеры 10 базавых велічыняў, агульная сума склала 62,7 мільёна рублёў. Таксама ў сувязі са святкаваннем 70-ай гадавіны Вялікай Перамогі, паводле ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выплачана аднаразовая матэрыяльная дапамога 89 грамадзянам, што адносяцца да гэтай катэгорыі ветэранаў, на агульную суму 487 мільёнаў рублёў.
Праведзены работы ў домаўладаннях сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян па стварэнні бяспечных умоў пражывання; забеспячэнні інвалідаў і дзяцей-інвалідаў сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Летась выдаваліся інвалідныя каляскі, хадункі, гадзіннік з сінтэзатарам мовы і іншыя. Чацвёра грамадзян, якія часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і ім быў патрэбен пастаянны догляд, бытавое і медыцынскае абслугоўванне, былі аформлены ў дамы-інтэрнаты.
Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога летась назначана 950 малазабяспечаным жабінкаўцам на агульную суму 1591,8 мільёна рублёў. Пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года ў нашым раёне для 218 з іх, якія жывуць у 68 шматдзетных сем’ях і навучаюцца ва ўстановах сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, выплачана фінансавая дапамога паводле п. 3 Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады на агульную суму 87,2 мільёна рублёў.
Якія ж паслугі аказвае цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе функцыянуюць пяць аддзяленняў? Гэта надомнае абслугоўванне, аказанне гуманітарнай дапамогі, выдача тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, платныя ра-завыя і паслугі “сядзелкі”, “няні”, “сацыяльнае таксі” і іншыя. З 1 снежня 2014 года тут займаюцца прыёмам і афармленнем дакументаў на назначэнне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі: штомесячнай і аднаразовай, на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, кампенсуюць затраты на набыццё падгузкаў і афармляюць дакументы на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, а з красавіка мінулага — прымаюць дакументы на назначэнне сямейнага капіталу.
З мінулага года пры аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі пачаў сваю дзейнасць камп’ютарны клас для пажылых людзей, галоўная мэта якога — даць магчымасць людзям пенсійнага ўзросту прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства. Навыкі работы на камп’ютары атрымалі 27 чалавек.
Задача сацыяльных работнікаў — атуліць пенсіянераў увагай і клопатам, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі. І гэтую функцыю найперш выконваюць тут спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. Летась на надомнае абслугоўванне былі прыняты 62 чалавекі, з іх 18 — адзінокіх. А наогул на абслугоўванні іх 232, у вёсцы — 148. З дапамогай сацыяльных работнікаў людзі пажылага веку падтрымліваюць сувязь з сельскімі Саветамі, калектывамі, у якіх працавалі да выхаду на пенсію. Тыя ў сваю чаргу аказваюць пасільную дапамогу і вырашаюць пытанні ў рамонце жылля, дастаўцы і складзіраванні паліва. Летась у аддзяленні ўкаранілі інавацыйныя формы сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян і інвалідаў: “патранатная”, “прыёмная” і “гасцявая” сем’і, якіх было адпаведна адна і па дзве.
Работа патрабуе ад спецыялістаў не толькі адказнасці, вопыту, ведаў, але і дабрыні, вялікага цярпення і такту, чалавекалюбства. Ад умення суперажываць, адчуваць чужы боль, знаходзіць пры гэтым патрэбныя словы залежыць жыццё і здароўе кожнага, хто прыходзіць сюды са сваімі праблемамі. Улічваючы сённяшні ўзровень жыцця, колькасць людзей, якім патрэбна сацыяльная падтрымка, з кожным годам усё большае. Летась у аддзяленне тэрміновага сацабслугоўвання цэнтра звярнулася больш за 3 тысячы чалавек.
Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў у тэрытарыяльным цэнтры пачало функцыянаваць 20 снежня 2010 года. Тут арганізавана праца спецыялізаванай швейнай майстэрні, мэтай якой з’яўляецца працоўная адаптацыя, рэабілітацыя інвалідаў. Яе прайшлі ўжо дзевяць чалавек, сёлета яшчэ два чалавекі атрымаюць такую ж магчымасць. Спецыялісты право-дзяць з наведвальнікамі заняткі па навучанні навыкам захавання асабістай гігіены, карыстання кухонным і санітарна-тэхнічным абсталяваннем, сталовымі і бытавымі прыборамі. Маладыя людзі з асаблівасцямі развіцця вучацца гатаваць ежу, прыбіраць у жыллі, карыстацца грамадскім транспартам, рабіць пакупкі ў магазінах…
Карыстаючыся дадзеным мне выпадкам, хачу пажадаць работнікам органаў сацыяльнай абароны цярплівасці, удачы, згоды ў сем’ях, а пажылым людзям — здароўя і ніколі не адчуваць сябе адзінокімі, у любым узросце быць патрэбнымі сваім дзецям, унукам.
Запісала Людміла КОСЦІНА.

На здымках: Любоў Селівонік; Любоў Зубачова, Святлана Трафімчук, Вольга Тарасевіч.

Фота Ірыны ЖУК.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top