Ярос

Ярос

Часам, калі нахлынуць успаміны, на вачах у былога салдата з’яўляюцца слёзы. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пакручыстыя жыццёвыя дарогі прывялі Яраса Пятровіча Казачэнку ў Азяты, дзе ён жыве пад наглядам родных. Яго нязвыклае імя азначае “любоў”. Мо таму, што не аднойчы быў на валасок ад гібелі, ветэран горача любіць жыццё.
Нерасстраляны
Быў снежань 42-га. На світанку вёску Смалегаў на Гомельшчыне акружылі немцы. Карнікі, што прыехалі машынамі, на матацыклах і вазах, узялі вёску ў клешчы.
— Паліць будуць, — паляцела жахлівая пагалоска.
З паўсотні паліцэйскіх хадзілі па хатах: “палявалі на партызан”. Веснічкі скрыпнуць — блізка ўжо крокі чутно, аж сэрца хлапечае замірае. Мама Яўгенія і цётка Кацярына ўчора выбраліся ў суседнія Калінічы, пакінулі сыноў-пагодкаў: Алёшу і яго, з дзіўным імем Ярас. У хаце яны ўтрох: яшчэ наймалодшы Валодзька гуляе на прыпечку. Маці іх пайшлі, ды прасілі на прамілы бог спаць класціся, не распранаючыся, прыслухоўвацца, што на сяле робіцца. Браты грэліся каля печы, калі пачулі, як зайшлі паліцаі. Набілася іх поўная хата, памітусіліся ў сенцах, каморы, нікога не знайшлі і запатрабавалі:
— Вядзіце нас да Карпа Ядчанкі.
Хлопцы толькі паціснулі плячыма:
— Не ведаем, дзе такі жыве.
Не манілі. У Смалегаве два Карпы: аднаго ўсе звалі Карпам Піліпішыным, другога — Дзямідчыкавым. А хто з іх у сапраўднасці Ядчанка?
— Бандыта хаваеце? Дык вы партызаны! — рыкнуў паліцай, затым сказаў напарніку са злосцю: — Вядзі на двор, я іх расстраляю.
Той пацягнуў юнакоў, бы кацянят, на другі бок вуліцы, паставіў ля плота. Ярас на імгненне нават заплюшчыў вочы. Але пакуль паліцай нешта рабіў з вінтоўкай, патрон выпаў. Нагнуўся, шукаючы ў снезе, а той, другі, што стаяў побач з хлопцамі, вызваўся дапамагчы:
— Чакай, я падсвячу.
Зыркнуў фанарык па сумёце, паліцэйскія пачалі адзін аднаго папракаць.
Ярас успамінае праз гады:
— А мне зрабілася раптам зусім нябоязна, быццам мяне не на расстрэл прывялі, а гульню нейкую зрабілі. Адно толькі думаю: “Во, каб мама дома была, яна не дала б нас расстрэльваць. А так заўтра прыйдзе, будзе плакаць”… Стаялі, чакалі. Паліцаі снег варочаюць, а мне раптам думка ў галаву стрэліла: “Трэба ўцякаць, пакуль насамрэч не забілі”.
Хлопец штурхнуў сябрука ў бок:
— Бяжы, — а той быццам чакаў каманды.
Сыпанулі яны ў розныя бакі ад сваёй пагібелі.
Ярас сігануў у суседскі двор, шуснуў уздожд калодзежа, за хлеў, а адтуль — у кусты. Там перавёў дух: ніхто не гоніцца. Сеў-пасядзеў, падумаў: трэба пабачыць, дзе ж Алёша? Па-над платамі, агародамі пасунуўся да ягонай хаты, ціха свіснуў, і пачуў з грушы посвіст у адказ:
— Ідзі сюды, зверху лепей бачна.
Зноў Ярас гаворыць:
— Як паліцаі пайшлі з сяла, вярнуліся ўжо ў Алёшкаву хату, зноў на печ залезлі ды заснулі, бы забітыя.
Спім. Зранку мамы папрыходзілі. Малы Валодзя сказаў: “Алёшу і нашага Яраса забралі паліцаі ды казалі: “Расстраляем”. Мама залямантавала, пабегла да цёткі, а тая шэпча: “Ціха, Жэня, не крычы, яны спяць на печы”.
Мама нас ад радасці разбудзіла:
— Сыночкі, паехалі немцы.
А я кажу:
— Чаго ж вы нас раней, мама, не пабудзілі? Мы б пабеглі, мо нешта там знайшлі б: вінтоўку або гранату.
Усё нам было ў вайну цікава, хай яе ліха возьме…
Бярозавік закапаў…
Слёз тады хапала. Бярозавік закапаў, калі зноў ледзь не расстралялі. Да блізкай станцыі Ельск, як кругом ісці, 18 кіламетраў, а праз лес — дарога напалову карацейшая. Ва ўрочышчы Рубежык, на мяжы паноў нараўлянскага і ельскага, працякала рачулка з драўляным мастком. Партызаны ўзялі і спалілі тую кладку, каб у немцаў быў клопат, як дабірацца да вёскі. Тады фашысты вырашылі гаціць грэблю.
У Яраса быў вол, а воз, каб дровы прывезці, пазычыў у суседа, ды схаваў за хлявом, прыкрыўшы саломаю. Назаўтра нямецкі паслугач загадаў ехаць на грэблю, а юнак заўпарціўся, што не мае вазка. Паліцай патупаў па двары дый знайшоў.
— Чаго брэшаш? Вунь твой воз! Збірайся.
Няма чаго рабіць — пачаў Ярас паціху запрагацца, а паліцай вырашыў у хату зазірнуць. Як ён пайшоў, хлапец кінуўся на ўцёкі. На бяду паліцэйскі пабачыў, выскачыў на ганак і давай смаліць з ружжа. Да ночы бяглец блукаў-хаваўся ў лесе, а потым вярнуўся, пастукаў асцярожна ў шыбу. Маці выйшла, абдымаючы, са слязьмі казала:
— Я ж, сыначка, па слядах тваіх пайшла, забітага не знайшла, то й рашыла — уратаваўся.
Ад Усходняй Прусіі да Далёкага Усходу
Позва паклікала ў лістападзе 1944 года. Праз месяц Ярас Казачэнка прыняў прысягу, бацькі-камандзіры трохі падвучылі з аўтаматам упраўляцца. А затым, пасля Новага года, перакінулі навабранцаў бліжэй да перадавой, у 43-ці запасны прыфрантавы полк.
Толькі пад вясну сорак пятага стаў Ярас франтавіком, ішоў на Кёнігсберг другім нумарам станковага кулямёта. Першым быў пасівелы ў баях салдат, які ўжо і пылу, і пораху ўдосталь наглытаўся.
Ярас згадвае і вочы мокрыя ад успамінаў:
— Ён мяне шкадаваў, зваў сынком. Так і павялося: “Сынок, збегай за абедам. Прынясі, сынок, патронаў, каб наш кулямёт не галадаў. Лягай, паспі, сынок”. Быў я яму, як родны. Сына-аднагодку нагадваў.
Тры дні полк стаяў кіламетрах у шасцідзесяці ад Кёнігсберга: дарогу перагарадзіла моцная нямецкая абарона. Нехта па прыродных прыкметах надвор’е распазнае, а бывалы франтавік свае прыкметы мае: такі прыпынак — зацішак перад бурай, чакай, салдат, моцнага бою.
Увечары нумар першы сказаў другому:
— Бачыш, сынок, цеснавата для нас дваіх у адным акопчыку, ты сабе іншы побач вырый.
А зранку як зашумела, як затрышчала… Малады баец у сваім акопчыку хаваецца, жудасна зрабілася: упершыню на сваёй скуры адчуў, што такое арткананада. Падалося, была яна бясконцай, а калі сціхла, пабачыў на месцы акопа старэйшага таварыша — глыбокая варонка і перакулены кулямёт… Агалошаны, разгублены выпаўз юнак са сваёй схованкі: ніхто не падымае ў атаку, быццам застаўся ён сам-адзіны на цэлым белым свеце.
Але цішыня на вайне падманлівая: хутка пайшлі ў атаку танкі, пяхота дзесьці справа. Родны 43-ці полк быў моцна абяскроўлены, і салдат, і афіцэраў шмат палягло. Увечары ўсе, хто жывыя засталіся, атрымалі загад размініраваць лес, дзе раней стаялі немцы. У тых мясцінах і сустрэў Ярас 9 мая 1945 года.
Аднак для яго вайна на тым не скончылася. Ярас Пятровіч Казачэнка — адзін з нешматлікіх ветэранаў Жабінкаўшчыны, які вайну пабачыў і на захадзе, і на ўсходзе. Праз доўгія тыдні, сярод летняй спёкі іх везлі з Усходняй Прусіі на Далёкі Усход. Міналі дні, ночы, а дарога не канчалася. У Чыце павярнулі на поўдзень, у Манголію. Палаў пажар вайны супраць японцаў, у тых баях Ярас быў санітарам. 8 жніўня 1945 года перайшлі кітайскую мяжу і ўладкаваліся ў Цяньчжоў, недалёка ад Порт-Артура. Імклівы наступ Савецкай Арміі зламіў супраціўленне японцаў. 2 верасня на караблі “Місуры” была падпісана доўгачаканая капітуляцыя. У самай вялікай і крывавай вайне была пастаўлена кропка.
А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top