Ва ўсіх на свята ёлачка, а ў нас — ананас

Ва ўсіх на свята ёлачка, а ў нас — ананас

 

У дружнай сям’і Нікірыных на падаконніку “пасялілася” незвычайная расліна. У белай вазонніцы ва ўсе бакі раскінута пругкая зялёная лістота, а ў цэнтры, як на кіёчку, “сядзіць” невялічкі, з дзіцячы кулачок, ананасік.
— Мы жартам называем яго “эксперыментальны экзэмпляр нумар два”, — тлумачыць малады гаспадар Аляксей. — Нумар два — таму што гэта наша другая спроба вырасціць ананас у хатніх умовах. Першая, між іншым, удалася.
Як аказалася, параіў пасадзіць гэтую расліну дома сябар, калі прыйшоў сюды з гасцінцамі. Сярод пачастункаў быў ананас. Ніжнюю яго частку пакаштавалі, а вярхушку, як сказаў знаёмы, выкруцілі, апусцілі ў слоік з вадой. Праз некалькі дзён паказаліся першыя белыя нітачкі — карэньчыкі. _DSC6309Крыху пазней пасадзілі ў вазонніцу з зямлёй. Асаблівага клопату вазон-“замежнік” не патрабаваў, хіба што палівалі яго дажджавой вадой.
— Недзе паўгода нічога дзіўнага ў ім не заўважалі, — кажа жонка Вольга. — Расце ды расце. Аднойчы вечарам прыцягнуў увагу незвычайным ярка ружовага колеру бутонам. А раніцай ён імкліва, стралою, выцягнуўся над вазонам недзе на 15 сантыметраў і зацвіў. Пакрысе былая кветка стала набываць абрысы ананаса.
Дарэчы, ад цвіцення да выспявання пакаёваму ананасу спатрэбілася амаль… 9 месяцаў! Калі зрэзалі плод, на смак ён аказаўся такім жа, як ягоныя ўсходнія “сабраты”, толькі зусім не салодкі.
Цяпер у вазоне расце другі “экзэмпляр”. Гаспадары спадзяюцца, што праз некалькі месяцаў змогуць і яго пакаштаваць.
Увогуле, Нікірыны любяць эксперыментаваць. На кухні, напрыклад, расце звычайная на першы погляд пальма. Як аказалася, вырасла яна з фінікавай костачкі. Сыночкі Стас і Дзіма праводзяць свае “эксперыменты” — пасадзілі костачкі апельсіна і лімона. Іх любімая бабуля ў захапленні ад архідэй і кактусаў, усяляк падтрымлівае цікавасць унукаў да раслін. Хто ведае, з глабальным пацяпленнем што будзе расці на нашых падаконніках і градках у бліжэйшыя 10-20 гадоў?
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: вось такі ананас расце на падаконніку ў сям’і Нікірыных.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*