Год заслужаных перамог

Год заслужаных перамог

Размова з дырэктарам ДУА “Ліцэй г. Жабінка” Аляксандрам ПАЛЕШЧУКОМpoleszyk2

— Аляксандр Рыгоравіч, завяршэнне года — заўсёды добрая нагода, каб падвесці нейкія вынікі, вызначыцца ў тым, якім накірункам рухацца надалей. Нядаўна ў раёне прайшло ўганараванне пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд. Якія вынікі сёлета паказалі ліцэісты?
— Так, з 11 лістапада па 5 снежня праходзіў другі этап рэспубліканскіх алімпіяд. Каманда ліцэя, у склад якой уваходзілі 24 навучэнцы нашай установы адукацыі, паказалі выдатныя веды. Дастаткова сказаць, што дзесяці- і адзінаццацікласнікі раёна ўсяго атрымалі 29 дыпломаў, з іх 16 папоўнілі скарбонку ліцэя, а астатнія 13 адправіліся ў іншыя школы Жабінкаўшчыны. Пагадзіцеся, гэта важкая перамога нашых ліцэістаў. З ёю віншую юнакоў і дзяўчат, што паказалі вельмі высокі ўзровень сваіх ведаў, адстаялі гонар роднай навучальнай установы. Падкрэслю: гэта прыемны і цалкам заслужаны вынік вялікай працы не толькі вучняў, але і іх педагогаў.
— Школьны год адрозніваецца ад года каляндарнага. Мы жывём чвэрцямі і паўгоддзямі. Раскажыце пра планы на другое паўгоддзе. Ці трэба чакаць удзелу выхаванцаў гарадскога ліцэя ў традыцыйнай навукова-практычнай канферэнцыі?
— Шэсць навучэнцаў нашага ліцэя будуць прадстаўляць Жабінкаўшчыну ў абласным этапе рэ-спубліканскай алімпіяды ў вучэбных прадметах. Зараз ідзе эфектыўная падрыхтоўка да гэтых сур’ёзных іспытаў. У перспектыве, як звычайна, у маі будзе ладзіцца ўнутрыліцэйская алімпіяда для навучэнцаў 10 класаў. Адзінаццацікласнікі ўдзельнічаюць у алімпі-ядным руху не будуць, паколькі іх чакае адказны перыяд падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання.
Яшчэ раней, у красавіку, у нас запланавана навукова-практычная канферэнцыя для старшакласнікаў. Будзем рыхтавацца вельмі сур’ёзна. Ёсць чым ганарыцца і да чаго цягнуцца, бо на мінулай раённай канферэнцыі нашы навучэнцы заваявалі чатыры дыпломы.
— Якія ліцэйскія мерапрыемствы, што праходзілі сёлета, вам запомніліся больш за астатнія?
— Гарадскі ліцэй прымае навучэнцаў старэйшых класаў на два гады. Гэта надзвычай адказны час, калі юнакі і дзяўчаты рыхтуюцца да дарослага жыцця, да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Таму колькасць мерапрыемстваў, якія адцягваюць увагу ад навучальнага працэсу, стараемся мінімізаваць.
Аднак, у той самы час, усё, што адбываецца ў сценах ліцэя, хочацца арганізаваць і правесці на годным узроўні. Найперш згадваецца калектыўна-творчая справа, у якой паўдзельнічалі ўсе навучэнцы і настаўнікі нашай установы адукацыі, — гэта ўрачыстае пасвячэнне ў ліцэісты. Акрамя таго, у нас традыцыйна ладзіўся “Кірмаш”, які таксама ўсім спадабаўся і, думаю, надоўга запомніўся. Цяпер, вядома, рыхтуемся да вялікага і вясёлага святкавання Новага года. Гэта дазволіць нашым навучэнцам праявіць свае шматлікія таленты.
— Аляксандр Рыгоравіч, што вы хочаце пажадаць настаўнікам і навучэнцам ліцэя напярэдадні Новага 2016 года?
— У першую чаргу жадаю ўсім без выключэння здароўя, а таксама паспець у чароўную навагоднюю ноч загадаць сваё самае патаемнае жаданне, і няхай яно абавязкова выканаецца. А будучым выпускнікам зычу паспяхова вытрымаць усе іспыты і паступіць у ВНУ. Гэта стане найлепшым падарункам не толькі для вас і вашых бацькоў, але і для ўсяго нашага роднага ліцэя. Як гаворыцца, з Новым годам, з новым шчасцем!
Гутарыла
Алена БАБРОВА, навучэнка 11 класа ліцэя г. Жабінка.
На здымку: дырэктар гарадскога ліцэя Аляксандр Паляшчук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top