“НЯХАЙ УСІМ БУДЗЕ ДОБРА!”

“НЯХАЙ УСІМ БУДЗЕ ДОБРА!”

Што агульнага паміж 1932, 1944, 1956, 1968, 1980, 1992 і 2004 гадамі? Усе яны, як і 2016-ы, што надыходзіць, паводле ўсходніх календароў — Гады Малпы. Таму й вырашылі: няхай сённяшнія пераднавагоднія віншаванні скажуць нараджэнцы гэтых гадоў. Адначасова прыгадаюць значныя жыццёвыя падзеі, раскажуць пра памятныя сустрэчы Новага года і падарункі на чароўнае свята.

 

1932 год

 

Мяне кружыў у танцы Містэр Ікс

Зоя Мікалаеўна ЯРОЦКАЯ, колішняя настаўніца ў горадзе Карл-Маркс-Штат і Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце:

IMG_7610— Мы прыйшлі ў свет адначасова, і толькі перад пенсіяй я задумалася: “Як жа так атрымалася? Мы з Ленай двайняты, але яна нарадзілася 17 чэрвеня, а я… 15 ліпеня!” Высветлілася: у сорак чацвёртым зніклі нашы метрыкі, і пазней нейкі сумленны чыноўнік запісаў яе дзень нараджэння правільна, а мой пісарчук аказаўся менш сумленным… Памыліўшыся ў даце, ён міжволі змяніў мой лёс, які склаўся больш шчасліва, чым у сястры. Калі яна памерла, упэўнілася — праўду кажуць: двайняты знітаваныя паміж сабой. Так перажывала страту, што ледзь не пайшла следам… Аднак, як гаворыцца, гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Сапраўды, Гады Малпы былі для мяне лёсавырашальнымі. Са сваім Аляксандрам Фёдаравічам пазнаёмілася ў Доме афіцэраў у Брэсце. Прыйшла ў кіно, трапіла на 10-ае месца ў 10-ым радзе, а праваруч падсеў малады лейтэнанцік… Улетку 1956-га згулялі вяселле, а восенню яго накіравалі служыць ва Усходнюю Германію. Хутка даведалася, што муж былы суворавец, сірата. Асірацеў вясной 1944 года. Тады я страціла толькі паперы, а ён — родных. Яроцкія жылі пад Адэсай, за якую ішлі жорсткія баі. Сям’я расселася абедаць, маці разліла першае, калі ў дом забеглі Сашавы сябры і сталі клікаць у двор. Матуля запярэчыла: “Спярша паесці павінен!” А тата дазволіў: “Пакуль боршч астыне, няхай збегае па газеты”… Вярнуўся хлопец са свежымі навінамі, а дом разбураны бомбай — і нікога жывога…
…Запамінальнымі сталі праводзіны 1956 года і сустрэча новага ў Карл-Маркс-Штаце. Быў “Блакітны агеньчык” у Доме афіцэраў: віншаванні, сталаванне, танцы. Дрэс-код для афіцэраў: абавязковая ваенная форма, але дапускалася (усё ж карнавальная ноч!) маска. І вось у разгар вечарыны падыходзіць да мяне старшы лейтэнант, запрашае на танец і вальсуе так, што я пахваліла: “Вы так выдатна танцуеце!” А ён: “У нас у сувораўскім былі абавязковыя заняткі ў бальных танцах”. Тут я трохі насцярожылася… А Саша (гэта быў, безумоўна, ён!) здымае маску і шырока ўсміхаецца. Аказалася, вырашыў зрабіць мне сюрпрыз, памяняўся з некім кіцелем, крышку “падрабіў” голас, паходку і жонку разыграў! Вось такая “іронія лёсу”.
Але ж было і “з лёгкай парай”. У 1980-ым (ой, гэта ж таксама Год Малпы!) я моцна захварэла. Трапіўся мне разумны доктар-яўрэй, які сказаў: “Праблемы ёсць, з часам яны будуць узмацняцца, аднак для вас існуе паратунак — лазня з парылкай”. З тае пары штопятніцы наведваюся туды, і хапае, каб тыдзень адчуваць сябе здаровай. Здзіўляюся, чаму большасць жабінкаўцаў ігнаруюць такі просты рэцэпт, каб здаравець. Хіба лекары і лекі таннейшыя? Таму й пажадаць усім хочацца: будзьце здаровымі ў Новым годзе і — усё жыццё!

1944 год

Мандарын, гармонь і “трэці” дзік

IMG_7768Алег Іванавіч ХРАМЦОЎ, былы на-чальнік аддзела культуры райвыканкама:

— Нават у цяжкі пасляваенны час чакалі Новага года як сапраўднай казкі. Помніцца пах мандарынаў — сапраўднага аранжавага сонца на дзіцячай далоні пасярод халоднай зімы… Альбо канькі “Снягурка”, атрыманыя ў пяць гадоў. Адчуванне свята ў маленстве непаўторнае! Жылі ў Пінску, і найвялікшым падарункам было запрашэнне на гарадскую ёлку з цудоўным тэатралізаваным відовішчам. Калі сям’я пераехала ў Кончыцы, дзе было ажно 700 двароў, я быў уражаны, як многа ў вёсцы самародкаў-музыкаў. Захацелася і мне навучыцца іграць. Першы гармонік, бліскучы, палакаваны, атрымаў пад новы 1956 год. Хутка развучыў народныя танцы — польку, сербіянку, кракавяк, абэрак — і падлеткам “запальваў” на вячорках! Гэтак Год Малпы прадвызначыў маю далейшую прафесію, звязаную з культурай.
Яшчэ прыгадваецца паляўнічая байка, што адбылася 31 снежня (“нумар” года ўжо не памятаю). Сабраўся тузін жабінкаўскіх аматараў, якія мелі ліцэнзіі на адстрэл дзікоў. Прычым аднаго павінны былі абавязкова здаць дзяржаве, а другі — сабе. Усё складвалася проста выдатна: неўзабаве завезлі першага ўпаляванага кабана, хутка падстрэлілі і другога. Узяў нас азарт. Пагрузілі дзіка ў багажнік ды вырашылі: да Новага года часу шмат — паспрабуем здабыць і трэцяга! Кружляем па заснежаным лесе гадзіну, другую. Раптам — вось яна, удача! Ляжыць проста на дарозе забіты вяпрук. Відаць, нехта падстрэліў, а падранак бег, пакуль не памёр. Здабычу — за “ногі”, за “рукі”. Адчыняем багажнік — і-і-і, як у Гогаля, нямая сцэна. Багажнік пусты… Вось вам і “трэці” дзік! Пакуль па лесе маталіся, другога свайго кабана згубілі, а цяпер зноў “упалявалі”…
Што ж пажадаць пад Новы год? Каб быў мір. Каб мужчыны заставаліся сапраўднымі мужыкамі, а жанчыны іх за тое цанілі. Больш за 30 гадоў даводзілася сустракаць Новы год у ГДК. Не ў адпачынку, а на працы, адчуваючы адказнасць за парадак і людзей. Дамоў вяртаўся, калі іншыя ўжо адпачывалі пасля бурнай ночы. Таму асобныя віншаванні культработнікам. Вам — адпачываць, а ім — ствараць святочны настрой. Ёсць, калі можна, і асабістае пажаданне — унучцы Ані, якая сёлета стала студэнткай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Адразу пасля Новага года ёй здаваць першую ў жыцці сесію. Няхай іспыты будуць для яе лёгкімі і паспяховымі. Усім і кожнаму — шчасця, поспехаў, здароўя ў Год Малпы!

1956 год

Сям’я — галоўная каштоўнасць

Аляксандр Васільевіч СЕМЯНЮК, старшыня СВК “Рагазнянскі”:

IMG_7787— Цаню святы, яшчэ больш — працу. Гэта з няпростага дзяцінства, у якім маё пакаленне пале-шукоў зведала нішчымніцу і неўлад-каванасць. Вядома ж, у памяці старэйшых незалечнымі засталіся жахі вайны, і тагачасная вёска не была заможнай. Сённяшняя нейкая напышлівасць у адзежы, што апранаю, — даніна маленству, якое прайшло ў сям’і, дзе не мог адчуць прывабнасці дастатку. Таму й працую апантана, каб усе ў “Рагазнянскім” адчувалі: ёсць не толькі гаспадар у сельгаспрадпрыемстве, але й кожны павінен быць гаспадаром на ўчастку, які яму давераны. Люблю чытаць, разважаць над прачытаным, свет пабачыў, магу параўнаць: як тут — як там.
Склалася так, што ў “малпачкавыя” гады адбываліся найважнейшыя падзеі ў жыцці.
15 ліпеня 1980 года (у дзень, калі святкаваліся 570-ыя ўгодкі Грунвальдскай бітвы) пабраўся шлюбам са сваёй Галінай Васільеўнай. І ніякіх “бітваў” у хаце! Жывём хораша, без хітрыкаў, тым больш сварак. Моцна прывязаны да сям’і — гэта найгалоўнейшая каштоўнасць. Не ўлада, не багацце — толькі сям’я і яшчэ — веды!
Пасля шлюбу доўгія 12 гадоў чакалі, спадзяваліся, што завітае з падарункам бусел. Улетку дзевяноста другога нарадзілася наша Таня. Цяпер дачка працуе ў іншаземнай фірме ў Мінску, цешыць бацькоў сваімі поспехамі. Пасля навагодняй ночы, нібыта маленькія, бяжым да хатняй ялінкі па Таніны падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі: тату — шкарпэткі, маме — шалік. Ой, як цёпла!
Паўтаруся: людзі, трымайцеся сем’яў, у іх адно выратаванне. Не трэба нам ніякіх рэвалюцый, я — за эвалюцыю. Толькі так, без слёз і разбурэнняў, можна дайсці да заможнага і вольнага жыцця. Усім шчасця і здароўя ў Новым годзе!

1968 год

Мае цудоўныя “малпачкі”

Ларыса Уладзіміраўна ХАРС, старшыня Азяцкага сельвыканкама:

IMG_7776— Неяк так у жыцці складваецца (мо таму, што сама нарадзілася ў Год Малпы), навокал мяне нярэдка гуртуюцца “малпачкі”.
Самай памятнай застаецца сустрэча 1992 года. Час — асаблівы, у нашу бытнасць уваходзіла талонная сістэма, скончыўся СССР, адкрывалася новая старонка ўжо незалежнай беларускай гісторыі, многія разгубіліся ў віруючых падзеях, лічылі сябе няшчаснымі. А я была самай шчаслівай на Зямлі. Бо насіла пад сэрцам другое дзіця і хвалявалася нібыта ўпершыню. Звычайна ў навагоднюю ноч выказваюць пажаданні, каб быў ён шчаслівым, прыбытковым. А я дакладна ведала: гэта абавязкова спраўдзіцца — і будзе ў мяне хутка вялікае шчасце ды найлепшы “прыбытак”.
Сашка нарадзіўся роўна праз тры месяцы, а калі падрос і пайшоў у школу, мама-педагог стала для яго яшчэ і класнай. У тым класе, дзе ўсе былі “малпачкі” (і настаўніца, і вучні), жылося весела, з прыдумкай. Нездарма ўсе мае выхаванцы нечага дабіліся ў жыцці: ёсць сярод іх ваенны, выратавальнік, урач, авіятар, некалькі сталі настаўніцамі, будаўнікамі альбо добра шчыруюць на роднай зямлі.
Што б людзі ні казалі, Малпа — міралюбівая, хоць і надта актыўная, без дайпрычыны нікога не пакрыўдзіць, а самой ёй крыўдаваць няма часу — трэба бясконца карабкацца на “пальмачку”, а сёння — яшчэ і падарункі рыхтаваць. Калі шчыра, не вельмі люблю іх атрымліваць, а вось дарыць — іншая справа. Асабліва тое, што створана ўласнымі рукамі. Вось ёлачку трымаю. Яна зусім не колецца, бо зроблена са стужкі, бісеру ды паперы. Усяго гадзіна — і рукатворны падарунак гатовы!
Жадаю ў Новым годзе кожнаму, не зважаючы на гараскопы і прадказанні, знайсці гармонію ўнутры сябе. Калі спакой паселіцца ў тваёй душы, стане сэрцу лёгка. Тады ўсім, хто побач, будзе цёпла ўзімку, мякка ў дарозе, шчасліва ў жыцці!

1980 год

“Ёлачныя злодзеі”,
альбо Свята,
якое заўсёды з табой

Ірына Пятроўна ГАНЧАР, дырэктар Жабінкаўскай ЦБС:

IMG_7763— Яркія ўспаміны дзяцінства — гэта навагодняя ёлка ў бабулі. Па-першае, ялінка заўсёды была жывой, па-другое, акрамя цацак, яе ўпрыгожвалі цукеркі, і мы з сястрой употайкі кралі іх з галінак. На працягу года таксама збіралі фальгу і цукерачныя фанцікі, а ў снежні загортвалі ў іх грэцкія арэхі, мандарыны, якія вешалі на ёлку. Феерычным момантам станавіўся прыход “сапраўднага” Дзеда Мароза. Мне са стрыечнай сястрой было па чатыры гады. Хоць на дзядулю была маміна шапка-вушанка з белага труса, барада з парыка, светлы авечы кажух, у якім тата хадзіў на рыбалку, і не было ніякай Снягуркі, у сапраўднасці Мароза Іванавіча ў нас сумненняў не ўзнікала. Мы вельмі стараліся яму дагадзіць, чыталі вершыкі і нават спрабавалі спяваць песенькі. Канечне ж, былі шчодра ўзнагароджаны падарункамі. Зараз, калі ўжо сама мама, хачу, каб такія ж станоўчыя ўспаміны пра дзяцінства і Новы год захаваліся і ў маёй дачкі. Таму не першы год да нас на дом прыходзяць Дзед Мароз і Снягурка. Ім заўсёды рыхтуем верш і песню, а яны нам — падарункі.
Асаблівым для меня стаў 2004 год, які ўпершыню сустракала на плошчы Незалежнасці ў Мінску, ля галоўнай ёлкі краіны. Было цікава, весела, пазітыўна. Пазней адзін малады чалавек з тагачаснай кампаніі Вячаслаў стаў маім мужам.
Новы год — цудоўнае свята, калі збываюцца пажаданні, загаданыя пад бой курантаў, карэта не становіцца гарбузом, а Папялушка абавязкова апранае свае крышталёвыя чаравічкі. Гэта — казачная ноч, напоўненая пахам ялінак, выбухамі хлапушак, смакам шампанскага. Няхай, калі нават нейкія непрыемнасці сустрэнуцца на вашым шляху, прынясуць яны каштоўны вопыт, а натхненне дапаможа зрабіць жыццё больш яркім, насычаным. Ідзіце па ім поруч з сябрамі. Жадаю, каб вашы дамы напаўняліся шчасцем. Будзьце прыгожымі, каханымі і паспяховымі!

1992 год

Раз у год “працую” Снягуркай

Юлія Сяргееўна АЛЕКСАНДРОВІЧ, медыцынская сястра “хуткай дапамогі” Жабінкаўскай ЦРБ:
009— Самай памятнай стала сустрэча 2014 года. Мой тата працуе на Жабінкаўскім цукровым заводзе, а брат Яўген таксама на цукровым, але ў Гарадзеі. Была марозная і снежная зіма, зусім не такая, як зараз. На сямейным савеце вырашылі ехаць у Гарадзею, паколькі ў Жэні і Волі нарадзіўся Кірылка, вырашылі: лепш — мы да вас, чым вы да нас. Гэтак усе Александровічы паселі за агульным святочным сталом, каб сустрэць Новы год. Пасля поўначы нас чакала экскурсія па цукровым заводзе, дзе начная змена святкавала надыход Новага года. Было хораша, весела, цукерачна. За перамогу ў адным з конкурсаў і я атрымала саладосці. А затым пайшлі ў заводскі клуб на танцы, там і дачакаліся світанку.
Найлепшы падарунак, які атрымала пад Новы год, — уласны партрэт, выкананы сяброўкай Ірай. Калі раптам бывае дрэнны настрой — зірну, быццам у люстэрка, на сябе, усмешлівую, — і зноў усё добра! Яшчэ з часоў вучобы ў другой гарадской школе захапляюся вязаннем. Найлепшыя мае пераднавагоднія сувеніры сяброўкам, сваякам, калегам — гэта сурвэткі, лялькі, звязаныя кручком, карціны, вышытыя крыжыкам.
Другі год пад Новы год “працую” Снягуркай. Разам з Дзедам Марозам (Аляксандрам Мікалаевічам Людынам) абыходзім палаты ў дзіцячым аддзяленні і адорваем хлопчыкаў і дзяўчынак, якім даводзіцца сустракаць свята ў бальніцы.
Атрымліваецца, ніякіх значных падзей (калі не лічыць нараджэння) пакуль у Гады Малпы ў мяне не адбывалася… Але ж — набліжаецца 2016-ы. І я спадзяюся, што спраўдзяцца дзве запаветныя мары… Толькі я пра іх не скажу. Няхай збудуцца!
Перад Новым годам хочацца пажадаць, каб людзі часцей усміхаліся, і калі нават з’явяцца на вачах слёзы — хай гэта будуць слёзы радасці.

2004 год

Несапраўдных Дзядоў Марозаў не бывае!

Канстанцін НАЗАРУК, вучань 6 “А” класа першай гарадской школы:

017— Мы заўсёды сустракаем Новы год сям’ёй: тата, мама, бабуля і мы з Максімкам. Рыхтуем, канечне, святочную вячэру. Стараюся ўсю гэтую ноч не спаць — трымацца да раніцы. Ялінку ставім насупраць каміна, бывае сапраўдную, бывае штучную, маем многа-многа ёлачных цацак, якімі ўпрыгожваем навагодняе дрэва. І што цікава, хоць адна цацка ў навагоднюю ноч абавязкова разбіваецца… Быццам нехта чароўны, але нябачны кранае ялінку.
Сам я ніколі не бачыў Дзядулю Мароза, але веру ў яго. (Аднойчы суседзі расказвалі, што ў Новы год моцна брахаў сабака, а потым каля свайго дома бачылі сляды, пакінутыя на снезе Дзедам-чараўніком). Кажуць ён, як Санта-Клаус, залазіць праз комін і кладзе пад ёлку тое, што ты пажадаў. Мы з Максімам гарэзлівыя, але пад Новы год заціхаем, каб не спалохаць чаканага госця з падарункамі.
Заўсёды пішу яму ліст з просьбай, аднак Дзядуля Мароз не заўсёды выконвае пажаданні. Двойчы прасіў тэлефон, але атрымаў толькі на трэці Новы год — ад бацькоў.
Люблю дарыць паштоўкі з добрымі пажаданнямі. Сёння жадаю людзям верыць у цуды, прытрымлівацца сямейных традыцый. І абавязкова сёлета папрашу ў Дзядулі Мароза падарункі не толькі для сябе, але і для іншых. Няхай усім будзе добра!
З нараджэнцамі розных Гадоў Малпы сустракаліся, каб паразмаўляць і сфатаграфаваць,
Анатоль БЕНЗЯРУК і Ірына ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Тётю Зою и покойного дядю Сашу Яроцких знаю с детства. Эти люди одни из немногих моих знакомых на кого хотелось ровняться. Образец человеческих и семейных отношений.

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top