Паверыць у казку і цуды навагодняй ночы

Паверыць у казку і цуды навагодняй ночы

_DSC6183 (1)Новы год — самае цудоўнае і незабыўнае свята, якога з нецярпеннем чакаюць і дарослыя, і дзеці. Свае спадзяванні і надзеі на перамены да лепшага яны загадваюць у чароўную ноч, вераць у цуд. Дзеткі звязваюць свята найперш з казачнымі героямі Дзедам Марозам і Снягуркай, якія прыносяць пад ёлку падарункі і дапамагаюць спраўдзіцца марам.

За тыдзень да Новага года на цэнтральнай плошчы Жабінкі адбылося адкрыццё галоўнай ёлкі горада. 24 снежня ля яе сабралася шмат дзетвары: старэйшыя прыйшлі самі, маленькія з мамамі ці з бабулямі… Настрою і весялосці хлопчыкам і дзяўчынкам дадавалі не толькі Дзяды Марозы і іх унучкі Снягуркі, іншыя казачныя героі, а й сонечнае, крышачку марозлівае, надвор’е. Адметнасцю тэатралізаванай музычнай праграмы “Году Новаму ўсміхніся, Жабінка!” быў парад шасці пар самых чароўных і жаданых навагодніх герояў, якія дараць свята весялосці, музыкі і песні толькі зімою.
Як дзеці, так і дарослыя цёпла сустракалі і віталі Дзядоў Марозаў і Снягурак, якія ў гэтыя пераднавагоднія дні займелі казачную прафесію. Завіталі яны сюды з ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, першай, другой і трэцяй гарадскіх школ, Жабінкаўскага гарадскога Дома культуры і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. І, шчыра кажучы, прынеслі хлопчыкам і дзяўчынкам нямала радасці.
Напачатку ўсе, хто прыйшоў на гарадскую плошчу, пачулі віншаванні з надыходзячым святам ад чараўнікоў, якія неўзабаве на ранішніках, на іншых відовішчах запаляць прыгажуню-ёлку, ля якой закружацца ў карагодзе Сняжыначкі, Зайчыкі, Вавёрачкі, Лісічкі, Ваўкі, Мядзведзікі…
Самі Дзяды Марозы і Снягуркі таксама любяць танцаваць. Таму наступны конкурс для іх і дзяцей так і называўся “Вясёлы і заліхвацкі танец”. Пяць каманд разам з віноўнікамі ўрачыстасці вакол ёлкі танцавалі ламбаду, танец качанят, рухаліся гуськом, скакалі як зайчыкі, выконвалі канкан. Выдзелілі самую артыстычную калону.
У конкурсе “Заскокні ў Новы год” перамогу атрымала каманда, якая найдалей скокнула.
Калі закончылася вясёлае навагодняе выпрабаванне для ўдзельнікаў відовішча, адбылося ўзнагароджванне дыпломамі Дзядоў Марозаў і Снягурак. Былі названы самы сучасны, казачны, энергічны і вясёлы, стыльны, арыгінальны Дзед Мароз, а Снягурка — краса доўгая каса, рамантычная, вясёлая, снежная, сучасная, лепшы сцэнічны вобраз…
Настрой стваралі і ча-роўнасць мерапрыемству надавалі песні, выкананыя Ганнай Макавецкай, Аксанай Пракошынай, Наталляй Лосевай, Алесяй Жукавай, іншымі спевакамі ГДК і гасцямі, гульні і забавы з роставымі лялькамі.
Вясёлае, забаўнае мерапрыемства закончылася. Удзельнікі яго пачалі фатаграфавацца ля ёлкі з рознымі казачнымі героямі, а я скарыстала момант, каб пагутарыць з некаторымі Дзядамі Марозамі і Снягуркамі. з адказаў на пытанне, калі ўпершыню пераўвасобіліся ў навагодніх герояў, высветлілася — “кар’ера” ў некаторых пачалася яшчэ ў школьныя гады, потым былі перапынкі, цяпер вырашылі зноў павесяліць дзетвару, адчуць чароўнасць навагодніх святаў, паверыць у казку. Хто ўпершыню атрымаў такую ролю, то лічыць для сябе, што трэба пастарацца развесяліць хлопчыкаў і дзяўчынак, прымусіць паверыць іх у навагоднія цуды.
Адзін з Дзядуляў заўважыў: “Я ўжо некалькі гадоў спрабую сябе ў гэтай ролі. Нельга сказаць, што прызвычаіўся да яе, бо кожнае свята мае свае асаблівасці. Больш за ўсё я люблю здзіўляць дзятву, несці ёй сапраўдную шчырую радасць. Малыя ўсё бачаць, запамінаюць, таму мая гульня павінна быць бездакорнай. Навагодняе свята яшчэ адна нагода ўзгадаць сваё дзяцінства зімой. Я памятаю, як чакаў Дзеда Мароза”.
А ці давярае малышня казачным героям? Пачула ў адказ: “Многія ведаюць і паважаюць чараўнікоў Новага года, асабліва выхаванцы дзіцячых садзікаў. Калі, паводле сцэнарыяў, дзядуля і яго ўнучка трапляюць у бяду, то дзеткі ім заўсёды стараюцца дапамагчы. Адсюль вынікае: мы змаглі стварыць казку, напоўненую чарадзействам, шчырасцю. Дарыць радасць, усмешкі — для нас гэта самае важнае ў нашай навагодняй прафесіі”.
Ад сябе хачу дадаць: “Няхай Новы 2016-ы прынясе ў кожны дом шчасце, радасць, добры настрой і абавязкова ажыццяўленне мараў”.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top