Дзіцяткі-блізняткі — Божы дар

Дзіцяткі-блізняткі — Божы дар

28 (1)

Нагода для сустрэчы з Аленай Дзяркач была прыемнай, і адбылася яна ў пераднавагоднія дні. Якая жанчына не марыць пра шчаслівае замужжа»?! Кожная хоча мець мужа, на якога можна абаперціся; дом, дзе ўтульна, пануюць каханне і згода; дзетак, якія выхоўваюцца ў бацькоўскай любові, з імі нішто не параўнаецца. У Алены ўсё гэта ёсць. Адыходзячы ў гісторыю 2015-ы год, у маладую сям’ю Дзеркачоў прынёс двайную радасць: “буслік заляцеў… у дом” і падарыў двух сыночкаў-блізнят маме і тату, а Настачцы брацікаў. Было гэта 17 лістапада.

Алена і Аляксей нараджэнцы зямлі жабінкаўскай. Апошняе месца працы маладой жанчыны — ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, да гэтага яна закончыла Брэсцкі ліцэй лёгкай прамысловасці, працавала ў адной з прыватных фірмаў горада над Бугам. Аляксей вось ужо дзесяць гадоў працуе слесарам у лакаматыўным дэпо абласнога цэнтра. Адразу пасля школы ён вучыўся ў Брэсцкім чыгуначным каледжы, а потым у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, дзе атрымаў прафесію будаўніка-дарожніка.
Сустрэліся ў моладзевай кампаніі, прыглянуліся адзін другому, пакахалі і пажаніліся. Адразу пасля вяселля пачалі жыць самастойна (бабуля Вера падарыла ўнуку свой дом на вуліцы Суворава ў Жабінцы). Маладыя перарабілі ў ім усё на свой густ, стварылі ўтульнасць, гадуюць траіх дзетак.
— Двайная радасць — гэта й двайныя клопаты, — заўважае Алена Генадзьеўна. — З Насцяй мне было складаней у тым плане, што я многага, як мама, не ведала, не ўмела рабіць. З хлапчукамі тут ужо прасцей, горш у іншым: немагчыма адразу дваіх карміць, дый, відаць, груднога малака маім сыночкам малавата, часта прачынаюцца, адзін аднаго бу-дзяць. Увесь дзень праходзіць у клопатах пра дзяцей. Але нягледзячы ні на што, выхоўваць іх — вялікія радасць і шчасце. Дапамагае муж, свякроўка часта прыходзіць, дый Настачка, якой ужо чатыры з паловаю гады, не застаецца ўбаку: сосачку ўкладзе маленькаму плаксуну ў роцік, памперс ці крэм паднясе.
Папрасіла Алену ўспомніць пра рэакцыю родных на навіну аб тым, што яна выношвае двух хлопчыкаў. Сама была вельмі здзіўлена, таму што ні ў яе родных, ні ў Аляксеевых блізняты не нараджаліся. “Дзеці ж — гэта шчасце, а яго многа не бывае”, — падумалася. Ра-
зам з радасцю на яе нахлынула і роспач. Перажывала жанчына, як будзе спраўляцца з двума немаўляткамі.
Муж, як Алена пасля ўльтрагукавой дыягностыкі паведаміла пра блізнят, доўга смяяўся, маўляў, сам напрарочыў. Калі ў сям’і чакалі першынца, ён часта ўсур’ёз, а можа й смехам гаварыў: “Няхай бы адразу нарадзіліся два хлопчыкі, фізічная мужчынская сіла ў гаспадарцы вельмі патрэбная”.
Абедзве цяжарнасці былі не выпадковыя, а плануемыя. Калі Аленіна мама нечакана пайшла ў іншы свет, у горы жанчына адчула спачуванні і падтрымку ад самых родных людзей, у тым ліку вельмі шчырыя ад брата. Тады яна захвалявалася пра Насцю. “У дачушкі павінны быць брацік ці сястрычка, — так сказала сабе Алена Генадзьеўна. — Двое дзетак абавязковыя ў сям’і. Іх бацькі выхоўваюць сабе на змену, а вось трэцяе дзіця і наступныя — гэта след, які пакінуць яны на зямлі пасля сябе”.
Цяжарнасць у Алены працякала нармальна. Калі ўжо была ў перадродавым дэкрэтным адпачынку, то некалькі разоў ляжала на захаванні. Нараджаць яе накіравалі ў Кобрынскі раддом, дзе й зрабілі аперацыю, калі настала пара. Аперыраваў жанчыну хірург па прозвішчы Мех. Спачатку пра сябе абвясціў звонкім крыкам Мікітка (яго вага 3 кілаграмы 20 грамаў), а потым Давід (вагою 2 кілаграмы 880 грамаў). Пазней урач-хірург многім гаварыў, што дапамог нарадзіцца цудоўным хлопчыкам. Літаральна праз тыдзень Алена разам з сыночкамі была дома. Забіралі іх з раддома муж і, вядома, Насця. Мне прызналася, што любіць Мікітку і Давіда і нікому іх не аддасць. Гэта нічога, што часам ноччу будзяць яе, маленькія ж, плачуць. Калі вырастуць, то яна з імі будзе сябраваць. Хлопчыкам другі месяц, бацькі адвозілі іх у дзіцячую кансультацыю. Абследаванне паказала — дзеткі растуць, набіраюць вагу, пра што ўвесь месяц вельмі хвалявалася мама.
Запыталася ў гаспадыні шматдзетнай сям’і (пасведчанне аформлена, засталося яго толькі забраць), чаго яна хоча ў жыцці? І пачула адказ: “Мару, каб мае дзеці дый усе ў свеце раслі здаровымі, дружнымі, падтрымлівалі адзін аднаго. Здорава, калі ёсць брат ці сястра. Цікава назіраць, як малыя падрастаюць, якія змены адбываюцца ў іх паводзінах”.
Перад развітаннем пацікавілася, хто імёны такія даў хлопчыкам, як мама распазнае дзетак? На гэта Алена Дзяркач адказала: “Абмяркоўвалі з мужам як назваць, побач была дачушка. З пералічаных імёнаў выбрала яна Мікіту і Давіда. У хлопчыкаў розны разрэз вачэй, Давід крышку меншанькі. Менавіта так і адрозніваю”.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: Алена і Аляксей Дзяркач з дачкою Насцяй і сыночкамі-немаўлятамі на парозе Кобрынскага радзільнага дома.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top