Санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт. Ад чаго ён залежыць?

Санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт. Ад чаго ён залежыць?

101_47472015-ы выйшаў на фінішную прамую. У многіх вытворчых калектывах, арганізацыях і ўстановах падсумоўваюць зробленае. Аб тым, як сёлета выконваліся мерапрыемствы ў забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва на Жабінкаўшчыне расказала карэспандэнту галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік.

— Надзея Палінараўна, бадай, найчасцей нашы людзі хварэюць на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Як забяспечваецца дабрабыт па захваральнасці сярод насельніцтва ў раёне?
— Тыя мерапрыемствы, што праводзяцца на Жабінкаўшчыне аддзеламі райвыканкама, прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, былі накіраваны на забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, садзейнічалі захаванню ў раёне стабільнай і кіруемай сітуацыі па большасці інфекцыйных і паразітарных хвароб. Высокі ўзровень ахопу насельніцтва імунізацыяй прывёў да стабілізацыі захваральнасці вакцынакіруемымі інфекцыямі: у нас на працягу пяці гадоў не рэгіструюцца адзёр, дыфтэрыя, поліяміэліт, слупняк, краснуха, коклюш. Не было выпадкаў харчовых атручэнняў, успышак захворванняў сярод арганізаваных калектываў, у тым ліку і ў дзіцячых, звязаных з аб’ектамі гандлю, грамадскага харчавання, водазабеспячэння. Прафілактычная работа, у тым ліку вакцынацыя насельніцтва, прывялі да зніжэння захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў эпідэмічны сезон 2014-2015 гадоў на 32,5 працэнта ў параўнанні з папярэднім перыядам.
З мэтай зніжэння захваральнасці на грып і іншыя прастудныя інфекцыі, напярэдадні сёлетняга эпідэмічнага перыяду праведзена вакцынацыя насельніцтва. Супраць грыпу прышчэплена 40 працэнтаў ад усяго насельніцтва, у тым ліку за кошт прадпрыемстваў 8 працэнтаў.
— Як вядома, здароўе чалавека ў пэўнай ступені залежыць ад асяродку, у якім мы жывём, якую ваду п’ём.
— Гэта так. У раёне больш як 90 працэнтаў гарадскога і больш за 60 працэнтаў вясковага насельніцтва маюць цэнтралізаванае водазабеспячэнне. Пітной вадой насельніцтва забяспечваецца з 19 камунальных і двух ведамасных водазабораў, што знаходзяцца на балансе ДУП “Санаторый “Буг”, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. З мэтай пастаяннага маніторынгу якасці пітной вады суб’ектамі гаспадарання арганізаваны вытворчы лабараторны кантроль у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных правілаў. Паводле яго вынікаў доля нестандартных проб пітной вады з крыніц водазабеспячэння і кантрольных кропак размеркавальнай сеткі палепшылася па мікрабіялагічных паказчыках з 0,7 працэнта ў 2011 годзе да нуля за сёлетні перыяд. Па санітарна-хімічных паказчыках у 38 працэнтах проб выяўлена неадпаведнасць гігіенічным нарматывам, што абумоўлена павышаным утрыманнем жалеза ў вадзе з цэнтралізаваных сістэм сельскага водазабеспячэння, дзе фактычныя паказчыкі яго носяць прыродны характар. Так, пры норме яго не больш як 0,3 мг/дм3 у аграгарадках Ракітніца і Якаўчыцы яго наяўнасць вышэйшая больш чым у два разы. А вось жыхарам Жабінкі, пасёлка санаторыя “Буг”, аграгарадкоў Ленінскі і Азяты, вёскі Пятровічы будаўніцтва станцый абезжалезвання дазваляе выкарыстоўваць пітную ваду, якая адпавядае гігіенічным патрабаванням.
У даследуемай вадзе з калодзежаў зарэгістраваны адхіленні ў 22% проб паводле мікрабіялагічных і ў 62% проб па санітарна-хімічных паказчыках. У 2-3 разы вышэй утрыманне нітратаў. Гэта звязана як з сельскагаспадарчай дзейнасцю (унясеннем угнаенняў), так і з парушэннем правілаў пры размяшчэнні, абсталяванні і эксплуатацыі калодзежаў.
— Ці ёсць вынікі работы па навядзенні парадку ў населеных пунктах?
— Каб падтрымліваць населеныя пункты ў чысціні, арганізуюцца месячнікі і суботнікі добраўпарадкавання, прыняты рашэнні райвыканкамам, якія датычацца навядзення парадку на зямлі, замацоўваюцца за арганізацыямі месцы агульнага карыстання, была зацверджана схема абарачэння з камунальнымі адходамі на 2015 год. Планавай рэгулярнай ачысткай былі ахоплены ўсе 98 населеных пунктаў. КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” заключыла дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў з 99 працэнтамі домаўладальнікаў. Для збору цвёрдых бытавых адходаў на тэрыторыі раёна ўстаноўлена 282 кантэйнеры, з іх для паасобнага — 83. Усё гэта дазволіла зменшыць несанкцыянаванае складзіраванне цвёрдых бытавых адходаў, пазбавіцца засмечанасці палос адводу аўтамабільных дарог, чыгуначных пуцей і прыпынкаў, пагостаў, месцаў масавага адпачынку. “Хваравітымі кропкамі” застаюцца гаражныя масівы ў Жабінцы па вуліцах Чкалава, Камарова, Дачная, Садовая, Заводская, дзе нясвоечасова выдаляецца пустазелле, смецце з іх тэрыторый, кантэйнерныя пляцоўкі і праезды ўтрымліваюцца ў неахайным выглядзе. Сёлета на новым гарадскім палігоне абсталявалі ў адпаведнасці з патрабаваннямі станцыю сартыроўкі адходаў. Дарэчы, у раёне ёсць 8 міні-палігонаў і 2 для захавання камунальных адходаў і адходаў вытворчасці.

Неабходна прадоўжыць працу ў навядзенні парадку ў мікрараёне цукровага завода па вуліцы Садовая, дзе часткова ачышчана тэрыторыя ад прыйшоўшых у нягоднасць несанкцыяніраваных гаспадарчых пабудоў, якія з’яўляюцца месцамі антысанітарыі, пражывання грызуноў і бадзячых жывёл.
— Большую частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працы, што, вядома, уплывае на яго здароўе. Ці правярае санітарна-гігіенічная ўстанова стан рабочых месцаў?
— Комплексная гігіенічная ацэнка іх ва ўстановах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях паказала, што для 54,3% чалавек праца звязана са шкоднымі ўмовамі. Яны не адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням для 22,2% ад агульнай колькасці працуючых.
Адміністрацыямі прад-прыемстваў робіцца шмат намаганняў па зніжэнні ўздзеяння шкодных паказчыкаў працоўнага асяроддзя. Значная работа па стварэнні ўмоў працы і быту, навядзення парадку на тэрыторыях, у вытворчых памяшканнях праведзена ў ПМК-19, на цукровым і камбікормавым заводах, ПМК-10, СВК “Рагазнянскі”, “Хмелева” і “Вазнясенскі”. Многія адрамантавалі і рэканструявалі вытворчыя памяшканні, мадэрнізавалі тэхналагічныя працэсы, абсталявалі санітарна-бытавыя памяшканні. Сёлета былі выкананы пэўныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы пунктаў харчавання ў сельгасарганізацыях да пачатку правядзення масавых палявых работ. Так, у СВК “Арэпічы”, “Шпіталі”, “Хмелева”, “Вазнясенскі”, ПУАП “Азяты”, ААТ “Ракітніца” праведзены касметычны рамонт памяшканняў, забяспечаны ўмовы для захавання правілаў асабістай гігіены, заменены інвентар, абноўлены посуд для дастаўкі ежы на палі, падрыхтаваны транспарт у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных правілаў і г. д. Застаюцца нявыкананымі мерапрыемствы па прывядзенні санітарна-бытавых памяшканняў у адпаведнасць з гігіенічнымі патрабаваннямі ў СВК “Шпіталі”, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўскі”, па захаванні ў халодны час года паветрана-цеплавога рэжыму ў вытворчых памяшканнях ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі” і ў Жабінкаўскім райбыткамбінаце, у сельгаспрадпрыемствах.
— На здароўе чалавека ўплываюць таксама якасць і бяспека прадуктовай сыравіны і харчавання. Што можна сказаць пра гэта ў разрэзе нашага раёна?
— Цяпер у раёне рэалізацыяй прадуктаў харчавання займаюцца гандлёвыя аб’екты філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, гандлёвых сетак “Дабраном”, “Еўрагандаль”, індывідуальныя прад-прымальнікі і інш. Да цяперашняга часу ў дзесяці сельскіх магазінах філіяла “Жабінкаўскі” адсутнічаюць умовы для мыйкі і апрацоўкі інвентару, абсталявання, правядзення ўборкі, захавання правілаў асабістай гігіены работнікаў. Асабліва ў непрыглядным стане магазіны ў Шчэгліках і Стаўпах. Яны знаходзяцца ў прыстасаваных і ветхіх будынках з пячным ацяпленнем і прынасной вадой. Вынесены прадпісанні санэпідслужбы аб спыненні дзейнасці іх з адтэрміноўкай.
— Надзея Палінараўна, як у раёне клапоцяцца пра здароўе дзяцей.
— У школьных і дашкольных установах адукацыі выкананы запланаваныя работы па рэканструкцыі сістэм штучнай асветленасці, прывядзенні санвузлоў у належны санітарна-тэхнічны стан. З мэтай стварэння неабходных умоў для прафілактыкі парушэнняў асанкі і зніжэння вастрыні зроку ў дзяцей пад час вучэбна-выхаваўчага працэсу пачатковыя класы ўсіх школ раёна забяспечаны канторкамі. У 90% школ камп’ютарныя класы забяспечаны спецыяльнай мэбляй, неабходна набыць яе ў ДУА “Якаўчыцкая сярэдняя школа” і “Хмелеўская сярэдняя школа”. На пачатак сёлетняга навучальнага года завершаны работы па забеспячэнні гарачай праточнай вадой умывальнікаў перад абедзеннымі заламі. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны бутыліраванай вадой. Адзначаецца станоўчая дынаміка выканання ў арганізаваных дзіцячых калектывах натуральных норм харчавання па асноўных харчовых прадуктах.
Кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва будзе прадоўжаны ў раёне і ў наступным годзе.
— Дзякуй за гутарку.
Інтэрв’ю правяла Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top