Майстар-клас ад выратавальнікаў

Майстар-клас ад выратавальнікаў

IMG_6942

Бяспека дзяцей — прыярытэтная задача дарослых: і бацькоў, і педагогаў, і прадстаўнікоў іншых службаў. Настаўнікі і адміністрацыя Крыўлянскай сярэдняй школы адказна ставяцца да яе выканання, таму мерапрыемствы Тыдня па асновах бяспекі жыццядзейнасці былі насычанымі і разнастайнымі. Вучні прынялі ўдзел у конкурсе творчых работ “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, у акцыі “Я заўсёды нашу флікер”, у віктарыне “Знаўцы правілаў дарожнага руху”, у конкурсных праграмах “Правілы пажарнай бяспекі” і “Маленькая запалка — вялікая бяда”. Класныя кіраўнікі правялі ў кожным класе інфармацыйныя гадзіны “Бяспечны адпачынак зімой”.
Аднак самым запамінальным для вучняў Крыўлянскай школы быў майстар-клас ад выратавальнікаў Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый. Начальнік каравула Віталь Раманоўскі і пажарны Валерый Пятручык пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі сваёй прафесіі, прадэманстравалі пажарную тэхніку і абсталяванне, гідраўлічны інструмент.
Кожны вучань — ад першакласніка да адзінаццацікласніка — пабываў унутры пажарнай машыны, найбольш смелыя падавалі ваду з пажарнага рукава, тушылі ўмоўнае вогнішча, рэзалі металічную бочку. Самыя цікаўныя прымяралі спецвопратку выратавальнікаў, процівагазы, спецыяльныя маскі, дыхалі з дапамогай апарата на сціснутым паветры.
Супрацоўнікі РАНС нагадалі дзецям пра меры тэхнікі пажарнай бяспекі, якія асабліва актуальныя напярэдадні навагодніх і калядных святаў, расказалі, што ў раёне праходзіць акцыя “Бяспечны Новы год”.
Нягледзячы на халоднае надвор’е, у двары Крыўлянскай сярэдняй школы ў той дзень было горача. Гучалі пажарныя сірэны, вочы дзяцей гарэлі ад цікаўнасці і захаплення. Усе з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне пажарнай машыны. Думаецца, што пасля такога майстар-класа колькасць крыўлянскіх школьнікаў, якія пажадаюць стаць выратавальнікамі-пажарнымі, рэзка ўзрасце.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымку: начальнік каравула Віталь Раманоўскі расказвае дзецям пра пажарнае абсталяванне; пажарны Валерый Пятручык тушыць умоўнае вогнішча.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top