“Шукаюць пажарныя, шукае міліцыя…”

“Шукаюць пажарныя, шукае міліцыя…”

IMG_4237

Гэтыя памятныя з дзяцінства радкі Сяргея Міхалкова не аднойчы згадваліся пад час рэйду, праведзенага супрацоўнікамі аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна. Аднак, калі ў дзіцячай кнізе пра дзядзю Сцёпу ўсе шукалі сціплага героя, каб падзякаваць за добры ўчынак, у жыцці бывае зусім інакш: судовыя выканаўцы наведваюцца ў дамы гора-“герояў”, што маюць запазычанасці перад дзяржавай, юрыдычнымі або фізічнымі асобамі.
У дзяржаўнай электроннай базе каля 8000 вытворчасцяў, здзейсненых жыхарамі нашага раёна. Рэйды, праводзімыя супрацоўнікамі аддзела прымусовага выканання Аляксандрам Крукам і Настассяй Лукашэвіч перш-наперш маюць прафілактычнае значэнне: нагадваюць асобам, што маюць запазычанасці, — доўг плаціць давядзецца абавязкова. Нярэдка да злосных неплацельшчыкаў прыходзяць на дом. Але ж тых бывае цяжка застаць у хаце, некаторыя, адчуваючы сваю віну, IMG_4242нават не адчыняюць дзверы перад прадстаўнікамі ўлады. Бо калі іх адамкнеш, павінен будзеш тлумачыць, чаму дасюль не аплачаны поўнасцю розныя спагнанні. Пры гэтым супрацоўнікі АПВ выконваюць толькі тыя рашэнні суда, іншых дзяржаўных устаноў, што ўступілі ў сілу.
На працягу снежня было праведзена 12 рэйдаў, кожны з іх меў станоўчыя вынікі. Найперш таму, што такая форма работы з даўжнікамі нечаканая для іх. У выніку былі выяўлены каля 600 асобаў, што адмаўляліся ад ліквідацыі сваіх даўгоў.
Вось некалькі прыкладаў.
Жыхара вёскі Ёжыкі, які больш за год не працуе і не пагашае запазычанасці, застаць у хаце не атрымалася. Пасля наведвання судовых выканаўцаў яго цяпер чакае позва з патрабаваннем тэрмінова прыйсці ў аддзел прымусовага выканання. Калі гэтага не адбудзецца, да грамадзяніна, каб прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці, прымусова прывядуць.
Даўжнік з Буснёў не плаціць аліменты на трох дзяцей, завінаваціўся ім больш за 10 мільёнаў рублёў. У доме праваахоўнікі засталі сужыцельку. У хаце — пустэча, паўсюль хлам, святло адключанае за няўплату. Аднак знайшоўся плазменны тэлевізар, які быў апісаны і забраны за даўгі па аліментах.
Жыхарка Філіпавічаў завінавацілася больш за 7 мільёнаў рублёў “ЮлаБелГруп”, што раздавала грамадзянам грашовыя пазыкі пад вялікія працэнты. Аднак, як гаворыцца: бярэш чужыя, а вяртаць давядзецца свае, і цяпер жанчыне, якая не стрымлівала слёзы, калі судовыя выканаўцы пачалі апісваць маёмасць, давядзецца расплачвацца за ранейшыя неабдуманыя ўчынкі.
Яе аднавясковец — злосны аліментшчык. У хаце застаць яго не атрымалася. Адкуль грошы бярэ беспрацоўны — загадка. Зараз, паводле слоў сваякоў, разам са знаёмым паехаў на будоўлю, каб падзарабіць і пагасіць запазычанасць перад былой жонкай і непаўнагадовым сынам, які, вядома, “былым” не бывае.
А вось жыхарцы вёскі Чыжэўшчына плаціць пакуль не давядзецца. Справа ў тым, што яна была затрымана ў Брэсце за безбілетны праезд у грамадскім аўтатранспарце. Аднак па неахайнасці кантралёраў, якія выпісвалі штраф, у яе прозвішчы была дапушчана памылка. Усяго адна літара, але, атрымалася, што аштрафаваная была зусім іншая асоба! І такія выпадкі, як сведчаць судовыя выканаўцы, сустракаюцца ўжо не ўпершыню, калі штрафуюць прадстаўнікі “Брэстгартрансу”.
Іншай парушальніцы ўсё ж раскашэльвацца давядзецца. Бо нават нязначныя, на першы погляд, даўгі могуць стаць прычынай непрыемнасцяў. У гэтым упэўнілася жанчына пенсійнага ўзросту, якая на час прыходу судовых выканаўцаў не заплаціла 54 тысячы рублёў штрафаў. Гэта нават менш, чым каштуе бутэлька “вогненнай вады”, якая стала прычынай штрафу. Жанчына нападпітку трапіла на вочы супрацоўніку міліцыі, які наклаў спагнанне, і цяпер перад ёю стаяла дылема: ці выпіць яшчэ, ці штраф заплаціць? Пасля сустрэчы з судовымі выканаўцамі вырашыла: правільней зрабіць апошняе.
Нават гэтых прыкладаў, здаецца, дастаткова, каб прыблізна чатыром тысячам неплацельшчыкаў, унесеных у дзяржаўную электронную базу па Жабінкаўскім раёне, пераканацца: плаціць па даўгах перад дзяржавай, юрыдычнымі альбо фізічнымі асобамі патрэбна, каб вас не шукалі пажарныя, міліцыя і судовыя выканаўцы.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК, карэспандэнт газеты “Сельская праўда”.
На здымку: судовыя выканаўцы Настасся Лукашэвіч і Аляксандр Крук пад час рэйду.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top