Атрымалі запал бадзёрасці, дыпломы і прызы

Атрымалі запал бадзёрасці, дыпломы і прызы

IMG_7631З 18 па 24 снежня ў краіне праходзіць акцыя “Тыдзень прафсаюзнага спорту”, прымеркаваная да 80-годдзя Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў. Турніры, спаборніцтвы, мерапрыемствы арганізуюцца ў школах, на прадпрыемствах, ва ўстановах, словам, там, дзе любяць і сябруюць з фізкультурай і спортам, клапоцяцца пра здароўе. Наш раён не стаў выключэннем.
Свята з нагоды юбілейнай даты Спартклуба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адбылося 19 снежня ў Жабінцы на базе трэцяй гарадской школы. Ідэя памерацца сіламі менавіта ў такім фармаце была прынята на прэзідыуме Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Адгукнуліся і падтрымалі яе прафсаюзныя арганізацыі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”, СВК “Рагазнянскі”, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.
Дзевяць гадзін раніцы. Усе ўдзельнікі спартыўнага свята выстройваюцца, у руках капітанаў каманд шыльдачкі з назвай прафсаюзных арганізацый працоўных калектываў. Сем каманд, у кожнай з якіх дзевяць чалавек. Паказаць свае ўменні, здольнасці яны павінны ў такіх відах спорту, як дартс, стральба з пнеўматычных вінтоўкі і пісталета, кіданне баскетбольнага мяча ў кальцо, чаўночны бег, скачок у даўжыню з месца і фінальная эстафета. Прыемна было бачыць сярод дарослых, хто прыйшоў памерацца сіламі, спрытам, іх дзяцей, якія, вядома, хваляваліся за матуляў і татаў, сваімі шчырымі ўсмешкамі, воплескамі падтрымлівалі іх у хвіліны перамог.
Судзейская каманда вітае ўдзельнікаў спартыўнага свята. Слова бярэ старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. Ніна Уладзіміраўна сказала: “Сённяшняе свята моцы духу, спрыту, трапнасці праводзіцца з мэтай арганізацыі культурна-масавага адпачынку, прыцягнення працоўных да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод моладзі і ўсяго насельніцтва”. Пажадала перамог, выдатнага настрою, бадзёрасці.
Поспехаў у спартыўным саперніцтве зычылі ўдзельнікам таксама на-чальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко і галоўны суддзя спаборніцтваў Алена Верамей, загадчык сектара дашкольнай адукацыі, спорту і турызму гэтага аддзела.
Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны сцяг і сцяг Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўзнімаюць Ганна Біцюкова і Віктар Якубук — прадстаўнікі ад каманд аддзела ідэалагічнай работы, культуры і IMG_7661спраў моладзі райвыканкама і ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.
Спаборніцтвы адбываюцца ў розных залах СШ №3 г.Жабінка пасля жэрабя капітанаў каманд. Напачатку спартсмены-аматары атрымліваюць тлумачэнні ад суддзяў у розных відах, а пасля даецца старт. У першай зале спрыт і трапнасць паказваюць у дартсе і кіданні баскетбольнага мяча ў кальцо. Хвалююцца не толькі самі ўдзельнікі саперніцтва, але й балельшчыкі. Суддзі — педагогі фізічнай культуры і здароўя Георгій Шкурат і Валерый Кабаш — сочаць за правільнасцю і дакладнасцю выканання заданняў. У другой зале ў гэты час за перамогу змагаюцца прадстаўнікі каманд у чаўночным бегу і скачках у даўжыню з месца. Судзіла ў гэтых спаборніцтвах Ніна Казей.
Трэцяя зала-цір была аддадзена стралкам, за ходам спаборніцтваў сачыў настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №3 г.Жабінка Юрый Лісавец. Першай тут да пнеўматычнай зброі падышла сям’я Куноўскіх з каманды Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Ірына Аляксандраўна страляла з вінтоўкі, а Андрэй Іванавіч — з пісталета. За тату і маму хвалявалася дачка Сафія. Стральба закончана, а гэта тры пробныя і пяць заліковых выстралаў. Стралкі разам з Юрыем Барысавічам разглядаюць мішэні. Што ж няблага!
Пакуль суддзі падлічвалі канчатковыя вынікі ў розных відах, папрасіла падзяліцца сваімі ўражаннямі ад спартыўнага свята некаторых яго ўдзельнікаў. Адна са спартсменак гаварыла, што не асабліва хацела ўдзельнічаць, тым болей прапанавалі паказаць уменне ў дартсе, бачыла як у яго гуляюць, але ўявіць не магла. Пачала трэніравацца і захапілася! IMG_7670Іншыя тлумачылі, што пры кіданні баскетбольнага мяча ў кальцо пробныя кідкі былі больш удалымі. Падобнае назіралася і пры стральбе, рука стамлялася на пробных, на заліковых гублялася трапнасць, хваляванні авалодвалі таксама.
Прыемным момантам свята стала падвядзенне вынікаў і ўганараванне пераможцаў у кожным відзе спорту і сярод каманд у агульным заліку. Давялося пачакаць даўгавата, таму што зацягнулася стральба. Як ніяк ад кожнай каманды ўдзельнічалі па тры стралкі, а потым — “падбівалі ачкі” кожнага і каманды ў цэлым! І што прыемна: ніхто не збег дадому з актавай залы. З запалам паміж сабою абмяркоўвалі спаборніцтвы, іх ход, намаганні кожнага, асабліва камбінаваную эстафету, дзе былі й падзенні, а іншым нават здымалі штрафныя ачкі за парушэнні.
І вось старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская называе пераможцаў сярод мужчын і жанчын у кожным відзе спорту ў асабістым заліку за першае месца: у стральбе з пнеўматычнага пісталета яно ў Віктара Якубука, з пнеўматычнай вінтоўкі — у Наталлі Булай і Яўгена Якавука; у чаўночным бегу — у Наталлі Ткачук (мужчыны не ўдзельнічалі); у скачках у даўжыню з месца ў Мікалая Мікуліка (жанчыны не ўдзельнічалі); у кіданні баскетбольнага мяча ў кальцо ў Аляксандра Казака і Веры Раманюк; у дартсе — у Вольгі Страйсцян і Юрыя Селівоніка; у камбінаванай эстафеце ў каманды прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. Усе яны атрымалі дыпломы і прызы.
У агульнакамандным заліку на вышэйшую прыступку падняліся спартсмены ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”; “серабро” ў УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”; трэцяе месца ў ААТ IMG_7619“Жабінкаўскі цукровы завод”. Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы і прызы.
Адчувалася, што ўсе разыходзіліся з добрым настроем, таму што атрымалі запал бадзёрасці і жаданне паляпшаць свае спартыўныя дасягненні. Я пацікавілася ў Ніны Уладзіміраўны Калыбскай, ці задаволена яна арганізацыяй спартыўнага свята. Яна сказала:
— Усё праведзена цудоўна, тым болей што вопыт маем багаты. Сем гадоў запар мы арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу. Нам пастаянна дапамагалі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя агульна-адукацыйных школ і трэнеры ДУА “Жабінкаўская СДЮШАР”. Сёння саперніцтва судзілі Валерый Кабаш, Георгій Шкурат, Юрый Лісавец, Ніна Казей, Ігар Салей… Асноўным спонсарам спартыўнага свята выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Наогул на прызы было патрачана шэсць мільёнаў рублёў.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top