Святло веры не згасае ў Азятах

Святло веры не згасае ў Азятах

DSC0792019 снежня званы Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы абвяшчалі наваколле пра вялікае свята, прымеркаванае да 145-ых ўгодкаў асвячэння храма.
Са шматлікімі вернікамі радасць урачыстасці падзяліў уладыка Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, што завітаў з нагоды знакавага юбілею ў старажытнае паселішча, якому хутка споўніцца 500 гадоў.
…Як і сотні гадоў таму, у Азятах святкуецца дзень Святога Мікалая Цудатворца. Вялікі банэр, прымацаваны на сцяне храма, распавядае пра гісторыю царквы з часу заснавання па сённяшні дзень. Дарожку да храма ўсцілаюць пялёсткі з руж. Па ёй урачыста ў атачэнні святароў крочыць епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.
Дарагога госця з удзячнасцю сустракаюць дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы Сергій Петрусевіч і прыходскі свяшчэннік Вадзім Літвінюк. Яны выказваюць радасць ад вялікага праваслаўнага свята, згадваючы пра юбілей Азяцкай царквы.
Храм, нібыта вялікая чаша, перапоўнены людзьмі. Усе яны прыйшлі, каб падзяліць у час святочнай службы, якую праводзіў уладыка, вялікую радасць ад таго, што святло веры не згасае ў Азятах.
Як і многія вякі да таго, хросным ходам цячэ вакол Свята-Мікалаеўскай царквы людская рака. Узносяцца малітвы ў памяць азяцкіх святароў, што праводзілі раней службы ў храме. Асаблівая павага выказваецца айцу Адаму Лехачэўскаму, які паклапаціўся ў 60-70-ыя гады ХІХ стагоддзя пра будаўніцтва цэркваў у Азятах і Старым Сяле.
Каб Азяцкі храм жыў і развіваўся, заўсёды патрабаваліся моцная людская вера і дапамога. Таму з рук уладыкі многія вернікі, што садзейнічалі святой справе, атрымалі граматы з нагоды 1025-годдзя хрышчэння Русі.

СЛОВА ВЕРНІКАМ

DSC07933Сяргей і Жанна РАМАНАВЫ з сынамі Маркам і Лукой:
— Чатыры гады таму памянялі горад над Бугам на Старое Сяло. Заўсёды застаемся блізкімі да царквы. Працую старастам Свята-Ціхвінскага прыхода ў Брэсце, рэгулярна наведваю і Азяцкі храм, дзе Жанна актыўная прыхаджанка. Вельмі чакаем, калі і ў Старым Сяле канчаткова адродзіцца царква-капліца Усіх Святых. Безумоўна, не маглі абмінуць гэтае свята. Адчуванне ўзнёслае. Праўда, складаней, што прыехалі з сынамі, а за імі, гарэзамі, даводзіцца назіраць у абодва вокі. Аднак трэба, каб дзеці набліжаліся да царквы з такога вось маленькага ўзросту. Бо калі службу наведваюць бацькі, да святыняў і дабрыні прывучаюцца і малыя. Усім жадаю любові ўзаемнай, братэрскай, якой, на жаль, не хапае ў наш час у неспакойным свеце. Такія святы збліжаюць у духоўным, малітоўным настроі.
Святаслаў ЛІТВІНЮК:
— Мой тата — настаяцель храма. Падабаецца, што шмат людзей сабралася, і дзяцей многа — ёсць з кім пабавіцца… А я епіскапа сустракаў! Верш яму прачытаў. Хочаце, і вам пачытаю?
Мы с нетерпеньем ждали с вами встречи.
Сердца сильнее бьются от волненья.
Сегодня в вашу честь зажгли мы свечи
И просим вашего благословенья!
Першы раз бачыў епіскапа, вельмі спадабалася… Кім хачу стаць? Пчаляром. Вучуся ў 4 класе Старасельскай сярэдняй школы. 12 снежня заняў другое месца ў раёне, калі напісаў даследчую работу пра пчаліныя прадукты. Буду, як тата, мець свой пчальнік!
Ганна ШКАРУПА:
— Усіх эмоцый словамі не перадасі. Патрэбна было бачыць на ўласныя вочы і адчуваць тую атмасферу, што злучала людзей у адзінае цэлае, набліжаючы іх да Бога. Бо колькі б не жыло пакаленняў у Азятах, заўсёды іх яднала і яднае менавіта шчырая вера. Мне падаецца, што сёння быў дадзены прыгожы пачатак святкаванню 500-годдзя Азятаў. Яны ўпершыню згадваюцца ў старых актавых кнігах 27 студзеня 1516 года. Думаецца, будзе лагічна, калі 21 мая наступнага года, на Міколу Вясенняга, аграгарадок шырока адсвяткуе свой вельмі паважаны юбілей. Жадаю землякам радасці ад Божай ласкі, здароўя і ўсяго найлепшага ў жыцці.
Аляксей ФІЛІМАНЮК і Уладзімір МІКАЛАЮК:DSC07893
— Не маглі застацца ў баку ад гэтага свята. Мы ж сваякі. Прыехалі, бо адсюль нашыя карані, дзяды, прадзеды на мясцовых могілках спачываюць. Адчуваем вялікае зада-вальненне ад нейкай прычыннасці да агульнай прыгожай царкоўнай урачыстасці. Цешымся, як бачым натхнёнасць на тварах людзей. Ёсць у гэтым нешта прыцягальнае, сапраўднае, непадробнае. Жадаем усім захоўваць падобны настрой і ў гэтым годзе, і ў тым, што надыходзіць.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час царкоўных урачыстасцяў з нагоды 145-годдзя асвячэння Свята-Мікалаеўскай царквы ў Азятах.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*