45 гадоў таму, 23 снежня 1970 года, ЖАБІНКА СТАЛА ГОРАДАМ

45 гадоў таму, 23 снежня 1970 года, ЖАБІНКА СТАЛА ГОРАДАМ

Тры самыя
папулярныя пытанні

Адкуль узялася ў Жабінкі назва?
— Назву паселішчу дала рэчка Жабінка, якая згадваецца ўпершыню ў старадаўніх дакументах з XVII стагоддзя. А вось імя самой ракі, як лічаць навукоўцы, паходзіць ад балцкіх слоў, якія азначаюць імклівую, нястрыманую ваду, альбо раку, што мае запруды, створаныя бабрамі.
Што азначаюць відарысы кветак і сярэбраныя палосы на сучасным гербе Жабінкі?
— Герб горада Жабінка, створаны на памежжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, канчаткова быў зацверджаны 2 снежня 2008 года Указам №659 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
З апісання герба: “Тры сярэбраныя паласы сімвалізуюць вусце ракі Жабінка пры ўпадзенні яе ў раку Мухавец — месца, дзе ў ХІХ стагоддзі былі закладзены вытокі паселішча, што дало пачатак сучаснаму гораду. Відарысы кветак жабніка азначаюць імя рэчкі Жабінка, ад якой пазней атрымаў назву населены пункт. Колькасць кветак сведчыць аб трох Жабінках — фальварку (хутары), пасёлку і чыгуначнай станцыі, што першапачаткова ўзніклі на гэтай зямлі. У 1970 годзе яны канчаткова зліліся ў адзіны населены пункт, раённы цэнтр Брэсцкай вобласці”.
Колькі гадоў Жабінцы?
— Першая дакладная пісьмовая згадка, што сведчыць пра існаванне на нашых землях паселішча Жабінка адносіцца да 1811 года. Гэты дакумент дасюль захоўваецца ў Нацыяльным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне. Такім чынам у наступным годзе Жабінка мае поўнае права адсвяткаваць 205-ыя ўгодкі з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах.

Ад карчмы пры дарозе
да горада-спадарожніка

У 60-ыя — 90-ыя гады мінулага стагоддзя час ўзнікнення Жабінкі звязвалі з 1871 годам, калі пачаўся рух па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы. У сувязі з гэтым летам 1971-га павінна было адбыцца свята, прысвечанае сотым угодкам Жабінкі. Гэта стала падставай, каб 23 снежня 1970 года з’явілася Пастанова Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні гарадскому пасёлку Жабінка катэгорыі горада раённага падпарадкавання.
Пазней, дзякуючы навукоўцам, стала вядома — гісторыя Жабінкі як мінімум на 60 гадоў даўжэйшая. За два стагоддзі свайго існавання яна прайшла вялікі і складаны шлях — ад невялічкай яўрэйскай прыдарожнай карчмы і панскай мызы (хутара) да сучаснага населенага пункта — горада з развітай інфраструктурай, значнага адміністрацыйнага, чыгуначнага, прамысловага, адукацыйнага і культурнага цэнтра, сапраўднай маленькай сталіцы жабінкаўскага краю.

Пра што марылася і як тое сталася

Адразу як Жабінка стала горадам, Мінскі інстытут будаўніцтва і архітэктуры распрацаваў Генеральны план яе развіцця на дзесяць бліжэйшых гадоў і на перспектыву — да 2000-га. Як тое спраўдзілася, можа бачыць кожны, хто зараз жыве ў Жабінцы.
Праектам прадугледжвалася пабудаваць тры новыя мікрараёны. Першы — у раёне бальніцы, дзе была распрацавана дэталёвая планіроўка кварталаў з 3-х і 5-павярховымі будынкамі на 18, 30 і 60 кватэр.
Гэтыя планы ажыццявіліся, хоць, як высветлілася пазней, калі ў горадзе замест 18 (!) аўто, як было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, стала больш дзесяці тысяч, вельмі востра паўстала праблема паркоўкі.
Другі мікрараён планавалася размясціць у зоне гарадскога парку, дзе павінна была ўзнікнуць цэнтральная плошча. Яна арганізавалася за лік будынка Дома Саветаў, Дома культуры на 600 месц і вузла сувязі, размешчанага на месцы танцпляцоўкі.
Дом Саветаў так і не быў узведзены, колькасць месцаў у ГДК меншая, чым планавалася, а вузел сувязі паўстаў менавіта там, дзе і прапанавалі сталічныя “стратэгі” — паблізу прыгожай (і пакуль безыменнай) плошчы.
Трэці мікрараён быў запланаваны ў зоне камбікормавага завода: з абодвух бакоў вуліцы Свабоды — ад завода да вуліцы Чыгуначная. Тут у першую чаргу павінен быў узнікнуць дзіцячы сад на 140 месцаў, а ў перспектыве і шматпавярховыя гмахі. У цэнтры Жабінкі і новых мікрараёнах капітальнай забудовы павінны былі вырасці нават 9-павярховыя дамы. У мікрараёнах, адведзеных для індывідуальных забудоўшчыкаў меркавалася ўзводзіць дамы толькі мансарднага тыпу і двухпавярховыя з кватэрамі ў двух узроўнях.
Калі дзеці “падарунку” ад будаўнікоў дачакаліся, дык сем’і ніколі не ўехалі ў “жабінкаўскія хмарачосы”, што засталіся толькі на паперы. Акрамя таго, планавалася і гарадская гасцініца на 208 месцаў. Пытанне пра яе ў Жабінцы не вырашана дасюль.
Зона адпачынку прадугле-джвалася ўздоўж ракі Мухавец з азеляненнем значнай паласы ўздоўж яе. Планавалася расшырыць гарадскі парк, узвесці плавальны басейн, арганізаваць пляж і лодачную станцыю на Мухаўцы. У радыусе 3-5 км вакол горада трэба было стварыць лесапаркавы пояс з зонай адпачынку для гараджан. Галоўнай вуліцай заставалася Кірава, але яе хацелі расшырыць да 36 м, а з абодвух бакоў пакласці тратуары па тры метры шырынёй.
Для бяспекі руху пешаходаў з уводам у строй новай сярэдняй школы №1 патрабавалася праз раку Пяну (Жабінку) пабудаваць бетонны мост, каб людзі не выходзілі на праезджую частку вуліцы, пераходзячы праз рэчку. А вось ад моста праз Мухавец патрабавалася правесці разгалінаванне дзвюх адводных вуліц для грузавога транспарту. Існавала думка, што ў цэнтры горада будзе дазволены праезд выключна аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў.
Многае з гэтага спраўдзілася. Хіба толькі басейн і лодачная станцыя не былі пабудаваныя, ды вуліца Кірава засталася значна вужэйшая, чым хацелася. Затое ўзнік новы цудоўны мост над Мухаўцом, праз які прыемна патрапіць у наш прыгожы гарадок.
Схемай водазабеспячэння прадугледжвалася будаўніцтва на ўсходзе горада, па дарозе на Багуславічы (Залуззе) адзінага пітнога і супрацьпажарнага водаправода. Для забеспячэння Жабінкі цяплом было запланавана, акрамя існуючай пры школе-інтэрнаце, узвядзенне трох квартальных кацельняў (ля “Сельгастэхнікі”, паблізу цэнтральнай плошчы і ў новым мікрараёне ля бальніцы). Генпланам прадугледжвалася газіфікацыя горада, перавод яго кацельняў на газ, а таксама газазабеспячэнне ўсіх жыльцоў.
У ХХІ стагоддзі можна канстатаваць: чыстая вада, утульная цеплыня і “блакітнае паліва” прыйшлі ў дамы і кватэры жабінкаўцаў.
Анатоль РОСТАЎ.

IMG_7589“Наш горад крочыць у будучыню”

Інтэрв’ю з галоўным архітэктарам раёна Сцяпанам КАНДРАЦЮКОМ

— Сцяпан Якаўлевіч, якой вы памятаеце Жабінку 70-ых гадоў мінулага стагоддзя?
— Помню яе нават з часоў больш ранніх, я ж мясцовы нараджэнец — федзькавіцкі. Тады яшчэ і не ведаў, што некалі стану архітэктарам, і прыйдзе час — буду “маляваць” жабінкаўскія вуліцы, плошчы, дамы… У семдзясят чацвёртым, пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, меў магчымасць як лепшы выпускнік размеркавацца ў любую кропку Савецкага Саюза, абраў беларускую сталіцу. Працаваў у “Мінскграмадзянпраекце”, затым (пасля войска) — у “Мінскіх рэстаўрацыйных майстэрнях”. Аб’ездзіў усю Беларусь, робячы абмеры цэркваў, касцёлаў, іншых культавых будынкаў, што патрабавалі аднаўлення. Але ўсё ж малая радзіма цягнула, і 13 верасня 1977 года заняў пасаду архітэктара Жабінкаўскага раёна.
— Жабінка толькі-толькі стала горадам. Якой яна, тагачасная, паўстае ў памяці?
— Афіцыйна горад існаваў ужо шэсць гадоў, але ж — толькі на паперы. Вясковы ўклад жыцця, вялікія каржакаватыя таполі паабапал дарог, якія, нібыта снегам, засыпалі сваім пухам вузкія вулачкі. Не хапала нават галоўнай плошчы, парк неўладкаваны, у самым цэнтры — паўсюль зарослыя вялізнымі клёнамі, кустоўем месцы, нават помнік салдату-вызваліцелю патанаў у зарасніках: толькі адна галава віднелася!
— “Горад на паперы”… Што ж рабіць?
— Патрэбна было горад ствараць у сапраўднасці. Пачалі з комплекснай рэканструкцыі вуліцы Свабоды, найперш прыбралі старыя бярозы, клёны, расшырылі праезджую частку. Пасля дажджу лужыны — па калена (і гэта ў самым цэнтры Жабінкі!) — зрабілі ліўнёўку. З’явіліся тратуары, асвятленне, заасфальтавалі дарогі — пачала вымалёўвацца перспектыва. А затым — мадэрнізацыя і добраўпарадкаванне помніка на вуліцы Кірава, які цяпер стаў месцам для найбольш значных гарадскіх мерапрыемстваў, што ладзяцца на Дзень Перамогі, да 22 чэрвеня, у Дзень вызвалення Жабінкі… Нарэшце, абнаўленне дайшло да райбальніцы, будынак якой сіратліва стаяў на ўскрайку, а тутэйшы мікрараён складаўся з лічаных дамоў (зараз, праз трыццаць пяць гадоў, у ім жывуць тысячы жабінкаўцаў). Адкрыўся прыгожы ўезд з боку моста праз Мухавец.
Пакуль існаваў Жабінкаўскі гарсавет змяніліся тры старшыні: Ніна Іванаўна Кавальчук (1971-1981), Міхаіл Іванавіч Варановіч (1981-1986), Уладзімір Паўлавіч Цупа (1986-1995). Кожны з іх рабіў, што мог, каб горад аднаўляўся. Але ж, вядома, “першую скрыпку” заўжды ігралі кіраўнікі раёна.
У часы, калі старшынёй райвыканкама была Валянціна Іванаўна Рай, узніклі такія знакавыя аб’екты, як будынак новай раённай бальніцы, трэцяя гарадская школа, пачалося ўзвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Бадзёрасць”. Мэтанакіраваная работа ў добраўпарадкаванні ажыццяўлялася, як раён узначальваў Сяргей Васільевіч Мартысюк. Вырасталі будынкі не толькі грамадскія, але, што вельмі важна, жылыя, у тым ліку індывідуальныя. Адным словам, Жабінка развівалася, набываючы рысы, уласцівыя райцэнтру. З’явіліся цэлыя кварталы сядзібнай жыллёвай забудовы: “Паўночны”, “Паўднёвы”, “Усходні”, “Абрамавічы”, “Пралеска”, мікрараён цукровага завода.
— Яшчэ на памяці ў жабінкаўцаў тыя змены, што адбываліся напярэдадні абласных “Дажынак”. Калі ласка, крышку пра гэта.
— Так, асаблівы імпульс абнаўленне набыло ў нашым горадзе менавіта ў час падрыхтоўкі і правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2007”. Вялізная заслуга ў тым была, безумоўна, тагачаснага старшыні райвыканкама Мікалая Васільевіча Токара. (Дарэчы, калі адсвяткавалі “Дажынкі”, работы не спыніліся. Прынамсі, добраўпарадкаванне адбывалася ў мікрараёне цукровага завода.)
Увогуле, нават цяжка пералічыць усё тое, што было зроблена для горада і гараджан у той памятны час. Трэба проста выйсці на вуліцы, плошчы, паглядзень на дамы, платы (асабліва на вуліцах Кірава, Свабоды, Леніна), адрамантаваныя амаль дзесяць год таму — і многае стане зразумелым. Таму й госці горада захапляюцца Жабінкай, калі бачаць нашы дасягненні і тое, як падтрымліваецца парадак. Асабліва прывабна выглядае цэнтральная плошча. Думаецца, будзе справядлівым, калі з часам яна атрымае імя найбольш слыннага нараджэнца жабінкаўскай зямлі — Героя Сацыялістычнай працы, кавалера шасці ордэнаў Леніна, Лаўрэата трох Дзяржаўных прэмій СССР і Расійскай Федэрацыі, акадэміка, слыннага вучонага-геолага Андрэя Аляксеевіча Трафімука.
Раней у Жабінкі фактычна не было гістарычнага цэнтра. Сапраўдным “акном у свет” ад самых пачаткаў паселішча была чыгунка. Але ж нават станцыя і плошча навокал былі закрытыя высачэзнымі старымі дрэвамі. Каб адбыліся змены да лепшага, правялі архітэктурнае паляпшэнне з мадэрнізацыяй фасадаў будынка, і галоўнае — з часам зрабілі добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы з боку вуліцы Піянерская і чыгуначных пуцей.
Гэткім чынам горад атрымаў твар, які не сорамна і гасцям паказаць, і самім, бы ў люстэрка, паглядзецца.
— Сцяпан Якаўлевіч, што чакаць гораду і ягоным жыхарам у бліжэйшы час?
— Усе ведаюць, што летась Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім Жабінка абвешчана горадам-спадарожнікам абласнога цэнтра. Зноў, як і сорак з нечым гадоў назад, распрацаваны Генплан яе развіцця. Распрацоўшчык — тая самая ўстанова, што і раней. Праўда, цяпер яна называецца “Беларускі навукова-даследчы інстытут па праектаванні гарадоў”. Генеральны план Жабінкі ўзгоднены з усімі зацікаўленымі Міністэрствамі. Зараз ён знаходзіцца на канчатковым зацвярджэнні ў Кіраўніка дзяржавы.
Ужо на будучы год у сувязі з наданнем нашаму гораду новага статусу плануецца распрацаваць Схему комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі раёна (СКТА) менавіта ў прывязцы да развіцця горада над Бугам.
Такім чынам, Жабінка ўпэўнена рухаецца ў будучыню, і спадзяюся, год ад году будзе набываць усё больш сучаснае аблічча, уласцівае усялякаму еўрапейскаму гораду.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top