Год Міласэрнасці прынясе ачышчэнне

Год Міласэрнасці прынясе ачышчэнне

IMG_7735Размова з ксяндзом Юрыем ДРAЗДОМ, вікарыем парафіі імя Багародзіцы ў Брэсце, памочнікам ксяндза-пробашча парафіі Святога Юзафа ў Жабінцы Тадэвуша Альшэўскага

— Ксёндз Юрый, наша сустрэча адбываецца напярэдадні каталіцкага Раства. Што нясе з сабою гэтае вялікае свята?
— Дзень Хрыстова Нараджэння — адзін з найгалоўнейшых для веруючага чалавека, калі прыгадваецца таямніца нашага Адкуплення. Бо Сын Божы прыняў чалавечае цела, а гэта значыць, Ён увайшоў ў прастору чалавечай гісторыі, увабраў боль цярпення людзей, падзяліўшы іх лёсы. Гэтае свята — наша падзяка Богу за Дар збаўлення.
Свята мае вельмі вялікую сімволіку: Хрыстос нарадзіўся сярод ночы, у хляве, а не ў каралеўскім палацы. Гэты стан ночы, убогай стайні сімвалізуе стан чалавека, які знаходзіцца ў граху. І Сын Божы ўваходзіць у гэтую цёмную рэчаіснасць, каб прынесці святло. І тое, бадай, ёсць істотай Раства Хрыстова.
— Нядаўна Папа Рымскі Францыск абвясціў Год Міласэрнасці. У чым сутнасць гэтага рашэння?
— Год Міласэрнасці распачаўся ва ўсім каталіцкім Касцёле 8 снежня, на свята Беззаганнага Зачацця Багародзіцы. Ён завершыцца ва ўрачыстасць Хрыста Уладара Сусвету 20 лістапада 2016 года. Яго Святасць Папа Рымскі Францыск жадае, каб кожны з нас зразумеў: Бог любіць чалавека, чакае перамен у нашым жыцці і хоча ў тым нам дапамагчы. Ва ўсіх IMG_7698дыяцэзіях (епархіях) Беларусі ўжо прайшлі ўрачыстасці, звязаныя з пачаткам Года Міласэрнасці. Біскупамі былі выбраны некалькі касцёлаў, дзе праводзіліся абрады адкрыцця Дзвярэй Міласэрнасці, на ўзор таго, як гэта зрабіў Папа ў Ватыкане.
У нашай, Пінскай дыяцэзіі, якую ўзначальвае Яго Эксцэленцыя біскуп Антоній Дзям’янка, Дзверы Міласэрнасці адамкнутыя ў кафедральным касцёле ў Пінску, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, а таксама ў каталіцкіх храмах Лагішына, Бярозы, Іванава, Гомеля. Кожны вернік, які наведае названыя касцёлы і шчыра паспавядаецца, атрымае ласку поўнага адпушчэння грахоў.
— Сто гадоў таму ў Жабінцы было прыблізна шэсць соцень рыма-каталікоў, а колькі цяпер вернікаў наведвае касцёл Святога Юзафа? Хочацца таксама пацікавіцца, якое ўражанне пакідае ў вас наш раённы цэнтр?
— Сёння каля сотні чалавек штонядзелю рэгулярна наведваюць святую імшу ў Жабінцы. А на вялікія святы, такія як Вялікдзень, Божае Нараджэнне, збіраецца яшчэ больш вернікаў. У Брэсце я толькі два тыдні, але ўжо тройчы за сваю пакуль яшчэ нядоўгую службу бываў у вашым горадзе, дапамагаючы ксяндзу Тадэвушу Альшэўскаму, давялося і самому праводзіць набажэнствы.
Вельмі падабаецца сваёй архітэктурай касцёл у Жабінцы. З першага погляду прыемнае ўражанне пакінуў і горад, утульны, з добрай інфраструктурай. Кажу гэта не дзеля прыгожага слоўца, Жабінка — вельмі пазітыўны горад, адчуваецца ягоны рух наперад.
— Ксёндз Юрый, напярэдадні шматлікіх святаў, на якія багата памежжа гадоў, што б вы хацелі пажадаць чытачам нашай газеты?
— Жадаю ўсім радасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай рэалізуюцца ўсе добрыя задумы, а Божы спакой валадарыць у сэрцах. Віншую з Раством і Новым годам!
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top