Мікола Зімовы

Мікола Зімовы

1_1026

Сёння святкуецца дзень святога Мікалая Цудатворца, архіепіскапа Мір Лікійскіх (альбо па-народнаму Міколы Зімовага), які ў Хрысціянстве лічыцца абаронцам маракоў, купцоў і дзяцей. Гэта таксама адзін з самых папулярных персанажаў еўрапейскага фальклору. Дастаткова сказаць, што ва ўсім свеце ён вядомы як Санта-Клаус — аналаг нашага Дзеда Мароза.
Беларусы таксама шанавалі Міколу Зімовага і ў Божай царкве, і ў панскім палацы, і ў сялянскай хаце. Ён быў багата адлюстраваны ў прымаўках:
“Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета”.
“Хвалі зіму па Міколе”.
“Да Міколы няма зімы ніколі”.
“Варвара (17 снежня) мосціць, а Мікола (19 снежня) марозам гвоздзіць”.
“Зімовы Мікола каня заганяе”.
“Ніводнаму Міколе не вер ніколі”.
Хаця Міколам “не верылі”, аднак складалі шмат прыкметаў і, займаючыся сельскагаспадарчымі работамі, не праміналі зірнуць у народны каляндар.
Так, на Магілёўшчыне запрыкмецілі: калі іней — раней Міколавага дня, дык неабходна сеяць ранні ячмень. А як да Міколы Зімовага не выпадзе снег — доўга трава не будзе зялёнай.
У нас, на Палессі, на Міколу раней разыгравалі “Салоху” — сапраўднае відовішча з маскараднымі элементамі. Па хатах хадзілі “цыганы”, што спявалі песні гаспадарам, просячы “пазалаціць ручку”.
На Міншчыне ў гэты дзень забаранялася снаваць і ткаць. Пад Слуцкам вучоныя-фалькларысты зафіксавалі і іншую ролю святога Мікалая: “Мо ніхто так не ратуе на вадзе, у дарозе або на вайне, як santa-claus-pics-0201Мікола”.
Некалі 19 снежня праводзілі Мікольшчыну — свята свечкі. Гаспадар, што меў мікольскую свечку, частаваў гасцей. А дзяўчаты клікалі хлопцаў на “мікольскія бліны”. Як свята падыходзіла да завяршэння, запаленую свечку ставілі ў лубок з жытам і пераносілі ў суседнюю хату, дзе ў наступным годзе меліся адзначаць чарговую Мікольшчыну. Пры гэтым у дарозе спявалі:
Прашу цябе, Мікола, да сябе,
Штобы ты ў мяне гадуваў,
На коніку прыезджаў,
Хлеба, солі засылаў,
Усякія пашніцы
І яркія пшаніцы.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: святы Мікалай Цудатворац і ягонае народнае ўвасабленне — Санта-Клаус.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top