Дровы — у печ, цяпло — у дамы

Дровы — у печ, цяпло — у дамы

_DSC5076Кацельня №9 “Азяты” амаль тры дзясяткі гадоў дапамагае азятчукам камфортна адчуваць сябе пад час халадоў і на працы. Напярэдадні бягучага ацяпляльнага сезона яе задача засталася ранейшай: падаваць цяпло ў дамы і аб’екты сацкультбыту. Змяніўся від паліва: з блакітнага агеньчыка перайшлі на дровы. Правялі сёлета рэканструкцыю кацельні, на якую было выдаткавана з абласнога бюджэту звыш 2,5 мільярда рублёў.
— Цяпер у нашу кацельню прыемна заходзіць, — расказвае Васіль Трафімук, які працуе тут качагарам з 1987 года. — Замянілі вокны, дзверы, пафарбавалі сцены, аднавілі бытоўку. Створаны добрыя ўмовы для качагараў: ёсць новенькая мікрахвалевая печ, электрачайнік, душ.
9 кастрычніка запусцілі два водагрэйныя катлы тыпу КВР-0,45. Каб абслугоўваць іх, Васіль Трафімук і яго калегі Мікалай Пшык, Сяргей Чыбісаў, Аляксандр Цераз прайшлі спецыяльнае навучанне. У іх абавязак уваходзіць не толькі сачыць за дзясяткам манометраў і датчыкаў на абсталяванні, але і падкідваць дровы ў печы, чысціць іх ад попелу.
— Каб у кватэрах азятчукоў было цёпла, спаць у шапку нельга, — жартуе Васіль Трафімук. — Ён спрытна кідае сасновыя дровы ў адкрытую топку вялізнай — вышэй чалавечага росту — печ. Адной загрузкі хапае на хвілін 10-15. За змену печы “з’ядаюць” амаль дзве машыны дроў. Забяспечыць палівам кацельні — задача леснікоў. Балазе, буралому і дрэў “пад знос” у раёне хапае, і пад паветкай побач з кацельняй  створаны тыднёвы запас іх, падвозяцца па меры неабходнасці.
У Азяцкім сельсавеце падкрэслілі, што мясцовыя жыхары задаволены работай рэканструяванай кацельні: у дамах цёпла. Абаграваюцца ФАП, дзіцячы сад, сельсавет, ДК, пажарная часць, магазін, 11 жылых дамоў. Азятчукоў хвалюе, ці не давядзецца плаціць даражэй за “цёплую” паслугу ЖКГ, бо з газу перайшлі на мясцовыя віды паліва. Сяргей Васільевіч Юдчыц, старшы майстар кацельнай гаспадаркі Жабінкаўскай ЖКГ, запэўніў: кошт гігакалорыі фіксаваны, і няма розніцы, газам грэлі ваду ці дровамі.
Ён паведаміў таксама, што ў раёне на балансе ЖКГ знаходзіцца 17 кацельняў, з якіх 4 працуюць на газе, 3 — камбінаваныя, астатнія паляць печы з дапамогай дроў, брыкету або шчэпкі.
Рэканструяваць кацельню №9 “Азяты” трэба было даўно, бо катлы выпрацавалі свой рэсурс. Новае абсталяванне беларускай вытворчасці манціравалі калегі з Бярозаўскай ЖКГ. Вытворца яго гарантаваў бездакорную работу катлоў.
— Новыя воданагравальныя катлы магутнасцю 0,9 мегават і астатняе абсталяванне абышліся нам нятанна, — гаворыць Сяргей Юдчыц. — Спадзяемся, што ўсё яно будзе працаваць без збояў і ў моцныя маразы ў кватэрах і абслуговых арганізацыях будзе цёпла.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: качагар Васіль Трафімук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top