Untitled-13Зноў ялінка завітала
на гарадскую плошчу

Гэты звычайны цуд паўтараецца штогод: навагодняя ёлка-прыгажуня, сімвалізуючы набліжэнне святаў, “прыйшла” на галоўную гарадскую плошчу Жабінкі. Да гэтага яна расла паблізу раённай бальніцы. Як паведаміла майстар участка добраўпарадкавання і саначысткі КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Людміла Раманюк, сёлета набыты новыя ўпрыгажэнні, гэта створыць яшчэ больш святочны настрой для гараджан і гасцей горада. Уласнымі сіламі камунальнікі вырабляюць вялікага белага мядзведзя — героя мультфільма пра Умку, які таксама будзе радаваць і дарослых, і дзяцей.

Адборачны этап завяршыўся

Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны прынялі актыўны ўдзел у адборачным этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”. У яго раённым этапе ад навучальна-адукацыйнай галіны будуць удзельнічаць 15 работнікаў, якія захапляюцца дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасцю. Сярод іх кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі Вольга Гацкевіч і Наталля Сізаненка, памочнікі выхавальнікаў Ірына Дылюк і Таццяна Ліцкевіч, намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце Ганна Кулагіна, настаўнікі Тамара Войнаш, Людміла Рудніцкая, Уладзімір Амяльчук, Валянціна Хітрынцава, Наталля Салівончык, псіхолагі Наталля Бабінец і Ірына Коваль, прыбіральшчыца службовых памяшканняў Святлана Царук.
Выставяць свае работы таксама і лідары прафсаюзных арганізацый — старшыня пярвічкі Старасельскай сярэдняй школы Святлана Кухарчук, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан.
У намінацыі “Сцэнічная творчасць” свае здольнасці пакажуць педагогі Ленінскай адзінаццацігодкі: дырэктар Ірына Гурская з сынам Дзмітрыем, яе намеснік у вучэбнай рабоце Аксана Шалягейка з дачкою Валерыяй, настаўнік пачатковых класаў Ала Панасюк з дочкамі Варварай і Настассяй, старшыня прафкама Яніна Бухоўская, малады спецыяліст Віктар Журомскі, ветэран педагагічнай працы Ала Давідзюк. У гэтай намінацыі выступяць таксама калектывы ДУА “Яслі-сад №3 г.Жабінка” і “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”.

Заапарк на Савецкай

25 снежня ў Брэсце пачынае працаваць кантактны заапарк сеткі “КРАІНА ЯНОТіЯ”. Адна з яго мэтаў — пазнаёміць гарадскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з дзікай прыродай, прывіць любоў і павагу да жывёл, пра якіх трэба клапаціцца. Знаходзіцца ён у гандлёвым цэнтры “Дзідас Персія” на вуліцы Савецкая.
У гэтым заапарку можна будзе не толькі назіраць за жывёламі, але і свабодна гладзіць, гуляць і нават карміць іх, а невялікіх звяркоў браць на рукі. Дзеці, якія жывуць у гарадах, часта не ведаюць, наколькі цудоўны і разнастайны жывёльны свет. На трэцім паверсе гандлёвага цэнтра будуць прадстаўлены розныя звяры і птушкі, у тым ліку яноты-паласкуны, янотападобныя сабакі, камярунскія авечкі і козы, алтайскія вавёркі, лісіцы, афрыканскія вожыкі. У заапарку ёсць дзіцячая зона з дошкай, на якой дзеці змогуць маляваць жывёл і вучыцца пісаць іх назвы без памылак. У звярынцы будуць працаваць аніматар, фатограф, грымёр. Юных наведвальнікаў таксама чакаюць гульні на веданне жывёльнага свету.

Кралі рыбу з зімавалаў

Супрацоўнікі Брэсцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету выявілі крадзёж 552 кілаграмаў рыбы з зімавалаў “Рыбгаса “Сакалова” ААТ “Палессегіправодгас”. Незаконным промыслам паблізу вёскі Сакалова ў цёмны час сутак займаліся двое беспрацоўных жыхароў райцэнтра пры садзейнічанні дзяжурных рыбаводаў. Нанесены матэрыяльны ўрон ацэньваецца ў больш як 22 мільёны рублёў. Матэрыялы па факце крадзяжу рыбы прыродаахоўная інспекцыя перадала ў Жабінкаўскі аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У адносінах злодзеяў узбуджана крымінальная справа паводле ч.2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць выпраўленчыя работы, арышт, абмежаванне свабоды і максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top