Падарыце дзіцяці зачараванне

Падарыце дзіцяці зачараванне

452626Новы год — адзін з самых любімых святаў дзяцей і дарослых. Ён шырока адзначаецца ў кожным згуртаваным калектыве і ў дружнай сям’і. Як уся гэтая святочная феерыя і вера ў навагоднія цуды адбіваецца на тых, хто знаходзіцца яшчэ ў самым пачатку свайго жыццёвага шляху — на дзецях? Як падрыхтавацца да навагодняй “ёлкі”? Што трэба рабіць, каб малыя не злякаліся незнаёмай ім абстаноўкі? Ці вераць яны ў Дзеда Мароза? Аб гэтым і іншым гутарка нашага карэспандэнта з псіхолагам ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Вольгай Каско.
— Вольга, скажыце, калі ласка, з якога ўзросту дзіцяці можна наведваць навагоднія ёлкі і спектаклі?
— На гэты рахунак адзінай думкі няма, таму што многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, яго псіхічнага развіцця і гатоўнасці сустрэцца з незвычайным светам казачных герояў. Тым не менш, некаторыя спецыялісты — педагогі і псіхолагі — схіляюцца да той думкі, што большасці дзетак лепш пачынаць наведваць навагоднія відовішчы з 2-3-гадовага ўзросту. У гэты час дзіця ўспрымае свята ў цэлым, асабліва не выдзяляючы Дзеда Мароза і Снягурку з агульнай колькасці прыгожа апранутых удзельнікаў. І няхай яно не дачакаецца заканчэння свята ці спектакля, але ў яго памяці ў выглядзе яркага малюнка абавязкова захаваюцца перажытыя хвіліны радасці, усеагульнай весялосці. Узнікае пытанне: ці можна пакідаць мерапрыемства пры першых прыкметах стомленасці ў малога, ці трэба чакаць заканчэння? Адказ адназначны: нельга чакаць. Старэйшым дзецям важна лагічная паслядоўнасць, а для маленькіх дастаткова адчуванне прысутнасці ў незвычайным месцы. Пачуццё стомленасці можа толькі нашкодзіць.
— Як падрыхтаваць малое да мерапрыемства: расказаць яму, што чакае? Папярэдзіць пра магчымыя страхі ці не?
— Падрыхтоўка да свята не павінна быць стамляльнай, але вывучыць верш, песеньку ці намаляваць малюнак на навагоднюю тэму ўсё ж трэба. Дзеці павінны разумець, што Дзед Мароз дарыць падарункі толькі старанным хлопчыкам і дзяўчынкам.
Вядома, што дзеці да чатырох гадоў часта баяцца Дзеда Мароза, асабліва калі ён падыходзіць да іх вельмі блізка ці з’яўляецца ў зале “эфектна”. Віной — незвычайны яго вобраз. Дзеткі намнога мудрэйшыя і больш назіральныя, чым прынята гэта лічыць. Многія з лёгкасцю пазнаюць у героі ранішніка любімую выхавальніцу “МарыВанну” ці вартаўніка “дзядзю Колю”. Арганізатарам свята ў дзіцячым садзе раю захаваць знаёмыя рысы, якія дзіця будзе шукаць у вобразе Дзеда Мароза. Іншымі словамі, старайцеся не перабольшыць з грымам і талентам да пераўвасаблення.
Назіраючы за дзіцячымі навагоднімі відовішчамі, прыйшла да высновы, што для дзяцей, якія старэй за 3 гады, ролю Дзеда Мароза лепш даручаць мужчыне, а не жанчыне: не трэба разбураць веру малых у цуд. Навагодні чараўнік павінен гаварыць сапраўдным барытонам ці басам, а не жаночым голасам.
— Вольга, як вы лічыце, колькі павінна доўжыцца навагодняя ўрачыстасць?
— Адказ тут кароткі: для дзяцей 2-3 гадоў відовішча не павінна займаць больш як 20-30 хвілін; для 4-5-гадовых — 30-40 хвілін; для больш дарослых — адну гадзіну.
— Калі Дзед Мароз прыходзіць дадому, то як арганізаваць усё, каб дзіця не злякалася, каб яму госць прынёс задавальненне, а не стрэс. Паводле якіх крытэрыяў трэба выбіраць Дзеда Мароза і Снягурку?
— Прыкладна за тыдзень да свята раскажыце сыну ці дачцэ пра тое, хто такі Дзед Мароз, дзе ён жыве, хто яму дапамагае. Зрабіце акцэнт, што ён не толькі мажны, высокі, добры, але й вельмі любіць дарыць дзецям падарункі. Дапамажыце малому напісаць ліст Дзядулю. У выніку “пісака” адчуе сябе гаспадаром становішча: гэта ж сам запрасіў Дзеда Мароза на свята! Такім чынам, вы знімеце напружанне пры сустрэчы яго з зімовым чараўніком.
Мае сэнс паказаць навагоднія фотаздымкі старэйшых братоў ці сясцёр. Цудоўна, калі малое наведае спачатку навагодняе відовішча, а праз некалькі дзён у самы пярэдадзень свята ўбачыць таго ж Дзеда Мароза ў сябе ў гасцях. Святочная атмасфера, створаная ў сям’і, будзе станоўча ўплываць на сустрэчу.
— Як падрыхтаваць дзіця, каб яно было не толькі гледачом, але і ўдзельнікам дзеяння?
— Калі хлопчык ці дзяўчынка ўпершыню прысутнічаюць на свяце, будзьце з імі побач, актыўна ўдзельнічайце ў віншаванні, падтрымлівайце гульні і забавы. Ваша прысутнасць дадасць малому дадатковую ўпэўненасць у сябе і дапаможа пераадолець магчымую сарамлівасць. На працягу ўсяго дня старайцеся нічым не азмрочыць радасці свайго дзіцяці — не сварыцеся на яго, не рабіце заўваг. Іншымі словамі, дазвольце яму рабіць тое, што яму рэдка дазваляецца ў звычайныя дні. І яшчэ адна парада бацькам. Выбіраючы паміж салодкімі падарункамі і цацкамі, лепш аддаць перавагу апошнім. Тады ўвесь наступны год падарунак ад Дзеда Мароза захаваецца ў яго успамі-нах. І гэта, як вы разумееце, стымул для малога паводзіць сябе добра, слухацца дарослых, нікога не крыўдзіць, лепш ву-чыцца, есці і г.д.
— Калі малое не ходзіць у сад, саромеецца іншых, ці трэба выка-рыстоўваць свята як магчымасць “выйсці ў свет” для зносін з аднагодкамі?
— Прыводзіць “хатняга” хлопчыка ці дзяўчынку на свята (любое) трэба абавязкова. Заўважыце, што самыя гарэзлівыя першымі пачынаюць актыўна ўдзельнічаць у свяце, крышачку пазней да іх далучаюцца і астатнія. Свята — гэта заўсёды гульня, а любое нармальнае дзіця любіць і хоча гуляць.
Калі малыш адмаўляецца ісці на мерапрыемства, то ўсё роўна папрасіце намаляваць малюнак ці зрабіць выраб для дзядулі і яго ўнучкі, паабяцайце схадзіць на свята самі і расказаць героям аб тым, якіх поспехаў дасягнуў малы за год і папрасіць для яго падарунак. Калі ваш расказ выкліча жывую цікавасць у дзіцяці, то вы зможаце падрыхтаваць яго да прыходу Дзеда Мароза да вас дадому.
— Некаторыя дарослыя лічаць, што падтрыманне веры ў Дзеда Мароза — гэта падман. Што такія дзеці позна дарослеюць, спадзяюцца на цуд замест таго, каб рэальна глядзець на свет. Ці маюць рацыю тыя, хто прытрымліваецца такой думкі? Ці наносіць дзіцяці шкоду вера ў рэчы, якіх няма?
— Большасць з бацькоў, якія цяпер расказваюць дзіцяці “праўду” пра Дзеда Мароза і Снягурку, некалі самі малымі верылі ў іх. Няўжо яны выраслі дрэннымі людзьмі? Мяркую, што тыя, хто забірае ў дзяцей казку, проста баіцца прызнацца сабе ў тым, што ім не хочацца займацца пераднавагодняй мітуснёй. Па-сапраўднаму клапатлівыя бацькі не разбураць святочнага настрою, абавязкова падараць свайму дзіцяці сустрэчу з добрай зімовай казкай.
Сэнс гэтага свята ў чаканні чароўнасці і забаў. Бацькам трэба шчыра любіць сваіх дзяцей, старацца падтрымліваць у іх цягу да новых адкрыццяў і прыгод, больш расказваць пра старыя традыцыі. Праз гады ўжо ўнукі ці праўнукі прыйдуць пад Новы Год менавіта да вас, таму што некалі пачатак гэтай добрай традыцыі вы прывілі іх бацькам.
— Дзякуй за інтэрв’ю.
Запісала Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top