Плыўцы — малайцы!

Плыўцы — малайцы!

Юныя ПЛЫЎЦЫУ пятніцу, 11 снежня, у Брэсце на Адкрытым абласным першынстве ў плаванні, арганізатарам якога быў Цэнтр алім-пійскага рэзерву, выдатна выступіла каманда навучэнцаў Жабінкаўскай СДЮШАР, якая прывезла са спаборніцтваў 14 медалёў: пяць вышэйшай пробы, шэсць сярэбраных і тры з “бронзавым” адлівам!!!

У складзе каманды, што абараняла гонар нашага горада, — выхаванцы трэнера Людмілы Анатольеўны Гаўрылюк: Сямён Малашэнка і Кірыл Ігнатчык, Аляксандр Шэдаў і Раман Іскрыцкі, Арцём Філіманюк і Вікторыя Ляшко, Наталля Курдзюк і Уладзіслаў Пархуцік, Аляксандр Актысюк і Марыя Бандарчук, Павел Гурын і Ксенія Куркова. Сапраўды захваляваліся плыўцы пасля размінкі, калі на пастраенні ўбачылі колькасць удзельнікаў, прадстаўнічае судзейства, трыбуны, запоўненыя балельшчыкамі, а над усім гэтым узняліся велічныя гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Першынство праводзілася ў трох узроставых групах (для нараджэнцаў 2005-2008 гадоў) у комплексным плаванні, батэрфляем, брасам, плаванні на спіне і кролем. Удзельнічалі каманды з Брэста, Лунінца, Івацэвічаў, Бярозы і Жабінкі. Хоць многія нашы юныя плыўцы ўпершыню былі на “вялікіх” спаборніцтвах, але з пастаўленымі задачамі справіліся паспяхова: і вынікі палепшылі, і медалёў дамоў прывезлі больш за ўсіх!
Ва ўзроставай групе 2005 года Саша Шэдаў заваяваў залаты і два бронзавыя медалі, заняў 1-ае месца на дыстанцыі 50 метраў брасам, трэція ў комплексным плаванні і на спіне. Сёма Малашэнка займеў “золата” і два сярэбраныя медалі (быў найлепшым на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем і двойчы ўзнімаўся на другую прыступку выніковай табліцы — у комплексным плаванні і брасам).
Ва ўзроставай групе 2007-2008 гадоў Улад Пархуцік заваяваў адразу тры залатыя медалі: на 100-метровай дыстанцыі ў комплексным плаванні і на 50-метроўках батэрфляем і брасам. У асабістай скарбонцы Сашы Актысюка таксама тры медалі, але ўсе з сярэбраным адлівам (ён быў другім у комплексным плаванні, на спіне, брасам). Маша Бандарчук атрымала “серабро” за паспяховае выступленне на дыстанцыі 50 метраў брасам, а Ксюша Куркова — “бронзу” ў такой жа дысцыпліне. Прычым, дзяўчынкі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах такога ўзроўню ўпершыню, палепшылі вынікі, што паказвалі раней на трэніроўках.
Урачыстым момантам стала цырымонія ўганаравання прызёраў. І калі нашы дзеці ў другі і ў трэці раз узнімаліся на п’едэстал, у вачах нядаўніх сапернікаў бачыліся павага, захапленне і… трошкі зайздрасці.
Агульнаму каманднаму поспеху паспрыялі і найбольш актыўныя прыхільнікі — бацькі юных спартсменаў. Яны дапамаглі дзецям настроіцца на баявы лад, перамагчы хваляванне і нават страх перад выступленнямі. Асобная падзяка тым, хто на асабістым транспарце давезлі плыўцоў да месца спаборніцтваў. Самім юным спартсменам хочацца пажадаць: “Так трымаць!”, а іх трэнеру сказаць: “Дзякуй за паспяховую работу!”
Таццяна БАНДАРЧУК, г. Жабінка, сябра групы падтрымкі.
На здымку: тройчы на п’едэстал узнімаліся нашыя “сярэбраны” Аляксандр Актысюк і “залаты” Уладзіслаў Пархуцік.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top