Міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру

Міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру

210737-14 У ходзе афіцыйнага візіту ў Туркменістан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця». Канферэнцыя арганізавана з нагоды 20-годдзя з дня набыцця Туркменістанам статусу пастаяннага нейтралітэту. Генеральная Асамблея ААН 12 снежня 1995 года прыняла адпаведную рэзалюцыю. Гэты дзень аб’яўлены ў Туркменістане нацыянальным святам. У канферэнцыі прынялі ўдзел прэзідэнты 13 краін, у тым ліку Арменіі, Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Індыі, Кыргызстана, Манголіі, Турцыі, Узбекістана, Харватыі, кіраўнікі 12 міжнародных арганізацый, 38 краін былі прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў урадаў або парламентаў.

Лукашэнка заклікае Расію
і Турцыю пайсці на кампрамісы

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў цяперашнім свеце ўсе ўзаемазвязаны. «Калі палыхне ў адной частцы свету, то імгненна адгукнецца і ў іншай. І калі мы дапусцілі дзесьці памылкі, трэба іх умець прызнаваць і, як гаварыў Прэзідэнт Узбекістана, прызнаўшы іх, знайсці ў сабе сілы пайсці на ўступкі і кампрамісы для таго, каб згладзіць сітуацыю», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
«Памылкі ў гэтым бурным свеце непазбежны, і іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Прабачце мне, гэта датычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і дружалюбнай нам Турцыяй», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адрадзіць давер
на міжнароднай арэне

«Мы, маладыя незалежныя дзяржавы, не патрабуем нічога звышнатуральнага. Неабходна адрадзіць давер у міжнародных справах, без якога немагчыма ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. А супрацоўніцтва — гэта, перш за ўсё, дыялог, гэта ўменне пайсці на кампраміс дзеля агульнай карысці», — сказаў беларускі лідар.
«Паглядзіце, што адбываецца сёння на планеце. Такое адчуванне, што свет проста звар’яцеў. Імкліва памнажаецца колькасць рэгіянальных канфліктаў, што правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Санкцыйныя, інфармацыйныя войны даводзяцца да абсурду.
Вядучыя сусветныя ігракі практыкуюцца ў ваяўнічай рыторыцы і бразганні зброяй», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Мінск і далей гатовы адыгрываць ролю нейтральнай пляцоўкі

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь, як і Туркменістан, выступае за безумоўны прыярытэт палітыка-дыпламатычных метадаў урэгулявання любых міжнародных канфліктаў, у тым ліку тых, што апошнім часам назіраюцца ў рэгіёне.
«Наша краіна прыкладае максімум намаганняў для мірнага ўрэгулявання гэтых канфліктаў, і сведчаннем таго з’яўляецца канфлікт ва Украіне. Мінск сёння стаў той ідэальнай нейтральнай пляцоўкай, на якой могуць вырашацца самыя сур’ёзныя пытанні. І калі ў далейшым гэта трэба мірным дзяржавам, мы гатовы адыгрываць сваю ролю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Роля малых і сярэдніх дзяржаў у сучасным свеце ўсё большая.
«Іх уклад (малых і сярэдніх дзяржаў. — Заўвага БелТА) ва ўстойлівае развіццё і забеспячэнне міру і бяспекі ў сваіх рэгіёнах цяжка пераацаніць», — сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне Прэзідэнта Туркменістана да ўдзелу ў канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю з дня набыцця краінай статусу пастаяннага нейтралітэту.
«Азіраючыся ў мінулае, можна сказаць, што з распадам Савецкага Саюза ўсе постсавецкія рэспублікі ў адно імгненне апынуліся на пакутлівым раздарожжы: куды і як ісці далей. У эканоміцы панавала разруха, у палітыцы — хаос і анархія. Народ галадаў, жыў у беднасці. Задач, якія зваліліся на нас, з лішкам хапіла б на некалькі пакаленняў. Нашы краіны сутыкнуліся з шэрагам сапраўды эпахальных выклікаў: неабходнасцю правядзення найскладанейшых эканамічных пераўтварэнняў, пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і сцвярджэння на міжнароднай арэне», — адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Трэба было выбіраць не проста вектар развіцця, трэба было вызначаць, па сутнасці, свой лёс. І 20 гадоў таму Туркменістан прыняў, як аказалася, лёсавызначальнае для сябе рашэнне — уступіць на шлях нейтралітэту», — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь з вялікай павагай паставілася да гэтага кроку і не проста падтрымала спецыяльную рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН па гэтым пытанні, але і стала суаўтарам гэтага дакумента.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тую вялікую сацыяльную падтрымку, якая аказваецца ў Туркменістане людзям, умацоўваючы іх веру ва ўласную будучыню і будучыню роднай дзяржавы. «Вось гэта і ёсць фактычна той ідэал развіцця дзяржавы, да якога мы ўсе павінны імкнуцца. Гэта і ёсць забеспячэнне сапраўдных, а не эфемерных правоў чалавека, аб якіх так любяць сёння паразважаць некаторыя нашы партнёры», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што ва ўнутранай палітыцы Беларусь таксама нацэлена на стварэнне эфектыўнай нацыянальнай эканомікі, дастойных умоў жыцця для сваіх грамадзян, эвалюцыйныя пераўтварэнні пры захаванні сацыяльнай адказнасці дзяржавы.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top