Частка жыцця — у “Бадзёрасці”

Частка жыцця — у “Бадзёрасці”

IMG_7450Сёлетняй восенню фізкультурна-аздараўленчай установе «Спартыўны комплекс “Бадзёрасць”» споўнілася 15 гадоў. Сярод супрацоўнікаў ёсць тыя, хто працуе з першага дня яе існавання. Гэта адміністратары Вера Іванаўна Кандрацюк і Ларыса Аляксееўна Мелянтовіч, а таксама вартаўнік Віталь Уладзіміравіч Звераў (у мінулым галоўны інжынер). Яны пагадзіліся ўспомніць, як усё пачыналася, развівалася, і паразважалі, што для іх значыць “Бадзёрасць”.

— Гэта частка нашага жыцця, і ёсць пра што ўзгадаць, — кажа Вера Іванаўна Кандрацюк. — Калісьці пачыналі з нуля, у кабінетах нават мэблі не было. Прыносілі з дому інструменты, цюлі-шторы, гаршкі з кветкамі. Ездзілі ў Брэст, цікавіліся працай падобных устаноў, пераймалі вопыт. Першапачаткова ў нас не было ні калектыўнага дагавора, ні прафсаюзнай арганізацыі. Калі яе стварылі, мне даверылі ўзначаліць. Гэтай справе аддала 10 гадоў свайго жыцця. Удзячная за дапамогу і падтрымку былому намесніку начальніка ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны райвыканкама Таццяне Аляксееўне Філіманюк, былому бухгалтару “Беларусбанка” і казначэю райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Ганне Канстанцінаўне Слышалай і цяперашняму Алене Міхайлаўне Кавальчук, намесніку старшыні райвыканкама Але Сцяпанаўне Ануфрыюк. Працавалі мы заўсёды “з агеньчыкам”, з задавальненнем прыходзілі ў спартыўны комплекс. Работа з людзьмі і цікавая, і складаная адначасова, але мне вельмі падабаецца. Стараемся падабраць да кожнага наведвальніка “ключык” і задаволіць яго пажаданні хутка і якасна.
Віталь Уладзіміравіч Звераў узгадаў, што ў першы год пасля адкрыцця “Бадзёрасці” былі выдзелены сродкі з рэспубліканскага бюджэту. Набыць абсталяванне і спартыўны інвентар дапамагаў і Жабінкаўскі цукровы завод. На спецыяльны рахунак жадаючыя заўсёды маглі перавесці грашовыя сродкі.
— Зараз вельмі лёгка працаваць, — лічыць Віталь Уладзіміравіч. — Усё нала-джана, толькі б захоўвалі тое, што набыта. Канечне, будынак спартыўнага комплексу патрабуе капітальнага рамонту. Штогод праводзіцца касметычны, за 15 гадоў памянялі ўсе вокны, дзверы, перфаратарную ўстаноўку, палепшылі вентыляцыю. З набыццём і прымяненнем бактэрыялагічнай устаноўкі палепшылася якасць вады ў басейнах. Задаволены наведвальнікі і яе тэмпературай.
Аднак, як сцвярджае адміністратар і сённяшняя старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ларыса Аляксееўна Мелянтовіч, ранейшую наведвальнасць спартыўнага комплексу не параўнаць з цяперашняй.
— Мы запускалі ў басейн 40 чалавек, а яшчэ заставалася шмат жадаючых. Цяпер добра калі дзесяць набярэцца, — дзеліцца яна. — З пашырэннем будаўніцтва спартыўна-аздараўленчых устаноў у Брэсце і аквапарка ў Кобрыне ў нас стаў назірацца адток наведвальнікаў. Але, нягле-дзячы на гэта, у Жабінку ўсё роўна прыязджае шмат пастаянных кліентаў з абласнога цэнтра, каб паплаваць у нашым басейне. Вада — гэта здароўе, яна спрыяльна ўздзейнічае на хворых скаліёзам, аздараўляе арганізм. Я й сама раней гадоў 12 запар прыязджала на працу на гадзіну-паўтары раней і плавала. І такіх аматараў-плыўцоў нямала, паверце, і шмат жабінкаўцаў, берасцейцаў, для якіх наша “Бадзёрасць” стала часткай жыцця.
— У любой арганізацыі і ўстанове ўсё трымаецца на людзях, — сцвярджае Віталь Уладзіміравіч Звераў. — Ад іх падыходу да спраў — станоўчыя вынікі работы. Многае залежыць і ад кіраўніка.
З цеплынёй успамінаюць “старажылы” спартыўнага комплексу першага дырэктара Уладзіміра Генадзьевіча Самускевіча.
— Ён быў выдатным гаспадаром, умеў і любіў працаваць з людзьмі, адразу згуртаваў вакол сябе калектыў, — расказвае Віталь Звераў. — Затым шчыравалі пад кіраўніцтвам Вадзіма Барысавіча Драчова і Вячаслава Васільевіча Сацюка, зараз установай кіруе Вячаслаў Мікалаевіч Каўганка.
Вячаслаў Мікалаевіч, які ўключыўся ў размову, дадаў, што калектыў спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” даволі моцны, людзі тут працуюць улюбёныя ў сваю справу, адданыя ёй.
— Мы аказваем шырокі спектр паслуг, — расказвае дырэктар. — У “Бадзёрасці” можна пазаймацца ў трэнажорнай зале, паплаваць у басейне, пагуляць у настольны тэніс, більярд або аддаць перавагу валейболу, баскетболу ці футболу. Можна адпачыць у саўне ці пазаймацца ў секцыях боксу або таэквандо. Як бачыце, у нас створаны добрыя ўмовы для таго, каб з карысцю для сябе і свайго здароўя правесці час. Думаю, што кожны з улікам сваіх жаданняў, магчымасцяў і густаў знойдзе для сябе пэўны від спорту для заняткаў. У нашай установе нізкія кошты на паслугі, тут аздараўляюцца і займаюцца фізічнай культурай ад 300 да 350 чалавек у выхадныя дні, у будні — менш. За сёлетні год спартыўны комплекс наведалі 143,4 тысячы чалавек, установа зарабіла 531,4 млн. рублёў, што больш чым на 40 млн. у параўнанні з папярэднім годам.
Прафсаюзныя камітэты прадпрыемстваў і арганізацый раёна заключаюць дагаворы са спартыўным комплексам на наведванне басейна. Нам падаюцца спісы работнікаў, на імя якіх выпісваюцца пропускі. Абанемент выдаецца на месяц. З намі супрацоўнічаюць камбікормавы і цукровы заводы, чыгунка, РАУС, ЖКГ і многія іншыя — больш за 20 арганізацый.
На базе “Бадзёрасці” штогод праводзяць спартакіяды цукравары, камбікормаўцы, чыгуначнікі, акрамя прадпрыемстваў і арганізацый раёна, абласную спартакіяду праводзіць “Белпошта”, а “Брэстабл-газ” — спаборніцтвы ў міні-футболе.
Дарэчы, упершыню ў красавіку 2015 года на базе спартыўнага комплексу праводзілася першынство Беларусі па таэквандо сярод кадэтаў, пад час якога праходзіў адбор нацыянальнай каманды для ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы.
Калектыў ФАУ “СК “Бадзёрасць” рады бачыць пастаянных і новых наведвальнікаў — неабыякавых да свайго здароўя людзей. Знайдзіце час, каб наведацца да нас.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: “старажылы” “Бадзёрасці” — вартаўнік В.У.Звераў, адміністратары Л.А.Мелянтовіч і В.І.Кандрацюк — з сённяшнім дырэктарам В.М.Каўганкам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top