У першы раз у музычны клас

У першы раз у музычны клас

_DSC46488

У адну з суботаў Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў звінела рознагалоссем хлопчыкаў і дзяўчынак, свяцілася ад мноства ўсмешак. Бацькі разам з гасцямі дарылі гучныя апладысменты юным музыкам, танцорам, спевакам і радаваліся, што ў яе сценах развіваюць свае таленты, музычны слых, мастацкі густ 69 дзяцей.
Менавіта для іх — вясёлых, цікаўных, здольных, якія сёлета ўпершыню пераступілі парог школы мастацтваў, традыцыйна ладзілася свята — пасвячэння ў першакласнікі. Вопытныя і высокаадукаваныя педагогі стараюцца зрабіць яго _DSC4584запамінальным, яркім, радасным для юных выхаванцаў.
Але пра ўсё папарадку. На сцэне з’яўляецца хуліган Грышка. Ён падбухторвае хлопчыкаў і дзяўчынак прагульваць урокі, не вучыць сальфеджыа, ірваць струны, губляць дзённікі і ноты. Праўда, юныя гледачы зусім не збіраюцца ў кампанію гультая. Наадварот, многія з іх, хаця і правучыліся тут толькі першую чвэрць, многаму паспелі навучыцца і прадэманстравалі свае ўменні.
Дзіўна, у музыцы ўсяго толькі 7 нот, а колькі чароўных песень і кампазіцый напісана дзякуючы ім! Зачаравана слухалі госці, як смела і роўна музыцыравалі на фартэпіяна першакласнікі
Юля Грыцук, Дар’я Харашун, Ксенія Шаноева, Віялета Міцковіч, Дзіма Кіслы, а Кацярына Фунцяева і Кірыл Савянок асвойваюць баян, Ілля Клімовіч _DSC4717— акардэон. Данік Данілюк і Паліна Шырокава паказалі, як ужо навучыліся іграць на гітары. Вельмі стараліся правільна браць ноты цымбалісткі Даша Харашун, Паліна Быкава, Ксенія Мішкуц і Настасся Філіманюк. Васіліса Макушненка выбрала для сябе віяланчэль. Дзяўчынку амаль не было бачна з-за інструмента, але сыграла вывучаную мелодыю бездакорна.
Калі да фартэпіяна падвялі вучаніцу спецшколы-інтэрната Вераніку Анташок, у зале стала надзвычай ціха. Дзяўчынка не можа бачыць твары сяброў, узыходы сонца, чытаць кнігі. Аддушыну Вераніка знайшла ў музыцы: прыгожа спявае і музыцыруе на фартэпіяна. Яна не бачыць нот, а запамінае патрэбныя клавішы пальчыкамі, мелодыю падбірае на слых. Яе шчымлівая песня “Старая лялька” некаторых дарослых расчуліла да слёз.
Увогуле, усе юныя музыканты, выступаючы ўпершыню ў канцэрце, справіліся з хваляваннем і заслужылі апладысменты гледачоў.
Школа мастацтваў рыхтуе не толькі будучых музыкаў. Тут дапамагаюць раскрыцца і спевакам. Выхаванцы Галіны Таргонскай і Таццяны Кандрацюк, напрыклад, выканалі песні “Песенька пра тату”, “Гульня”, а салістка Яна Ядрэўская — “Раз, далонька, два…”. Дзяўчынкі з харэаграфічнага аддзялення пад кіраўніцтвам Ірыны Паўлавай прыгожа рухаліся пад класічную музыку.
Напрыканцы святочнай праграмы ў зале з’явілася Фея Мастацтваў. Яе першакласнікі пазналі адразу. Пройдзе пэўны час, і да многіх з іх будзе прыходзіць Муза, каб натхняць пісаць музыку, вершы, карціны. А пакуль Фея пажадала першакласнікам на выдатна вучыцца ў школе, вывучаць мову мастацтваў — асвойваць нотную грамату, развіваць увагу, памяць, мастацкі густ. Настаўнікі школы абавязкова ў гэтым дапамогуць.
І на памяць Фея ўручыла кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы з густам аздобленую медаль першакласніка.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: юных музыканатаў і танцораў прымаюць у першы клас.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top