Новы ўзровень узаемавыгаднага супрацоўніцтва

Новы ўзровень узаемавыгаднага супрацоўніцтва

210694-05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8-9 снежня знаходзіўся з афіцыйным візітам у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, дзе правёў перагаворы з Прэзідэнтам Чыонг Тан Шангам. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на пашырэнне беларуска-в’етнамскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з генеральным сакратаром Камуністычнай партыі Нгуен Фу Чонгам і прэм’ер-міністрам Нгуен Тан Зунгам.
Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да Манумента Загінулым Героям і да Маўзалея Хо Шы Міна — першага Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам.
Напярэдадні ў Ханоі прайшоў двухбаковы бізнес-форум, па выніках якога падпісана амаль два дзясяткі дакументаў на пастаўку беларускай прадукцыі на $24 млн. У прыватнасці, падпісаны кантракты на пастаўку ў В’етнам тэхнікі МАЗ, МТЗ, БелАЗ, дагаворы, пагадненні і мемарандумы на пастаўку лікёра-гарэлачнай, шыннай прадукцыі, калійных угнаенняў, сухога малака, сухога дзіцячага, спартыўнага харчавання. У бізнес-форуме прынялі ўдзел 22 беларускія кампаніі і больш за 70 прадстаўнікоў бізнесу В’етнама.

Актывізаваць супрацоўніцтва
ў нафтахіміі і ў здабычы карысных выкапняў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўзровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі ў памеры $190 млн. недастаткова высокі, калі ўлічваць патэнцыялы Беларусі і В’етнама. Беларускі лідар адзначыў, што ў час гэтага візіту падпісаны ўжо шэраг кантрактаў, якія будуць садзейнічаць нарошчванню аб’ёму ўзаемнага гандлю. Прэзідэнт Беларусі пагадзіўся са сваім в’етнамскім калегам, што неабходна павышаць узровень міжурадавай камісіі, каб у бліжэйшыя два гады тавараабарот паміж краінамі дасягнуў і перасягнуў $0,5 млрд.
Беларускі бок прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, аўтамабілебудавання, па лініі сумесных зборачных вытворчасцей у В’етнаме.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у разведцы і здабычы карысных выкапняў у В’етнаме і пастаўляць для гэтага неабходнае абсталяванне і тэхніку.
Акрамя таго, на перагаворах размова ішла аб магчымасцях больш шырокай падрыхтоўкі спецыялістаў для народнай гаспадаркі, навукі В’етнама ў ВНУ Беларусі.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі вялікую ўвагу ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі. «Мы абсалютна падтрымліваем думку аб паглыбленні гэтага супрацоўніцтва. Забаронных тэм у адносінах па лініі ВПК няма, і мы будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі ў далейшым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Актыўна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і інвестыцый

«Беларусь і В’етнам маюць спрыяльныя ўмовы, каб двухбаковае супрацоўніцтва развівалася больш дынамічна, эфектыўна і ўсебакова», — падкрэсліў Прэзідэнт В’етнама Чыонг Тан Шанг.
Бакі дамовіліся садзейнічаць рабоце адзін аднаго на міжнародных форумах, у прыватнасці, у ААН, Руху недалучэння.
На перагаворах абмеркаваны меры павелічэння тавараабароту, ураўнаважвання гандлёвага балансу, прыцягнення інвестыцый. Дамовіліся актыўней садзейнічаць імпарту і экспарту, а таксама развіваць супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці.

Падпісана праграма супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы, культуры

Падпісанне дакумента адбылося ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Чыонг Тан Шанга.
Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і В’етнама прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі.
Шэраг дакументаў падпісаны на міжведамасным узроўні. У прыватнасці, пагадненне аб навучанні грамадзян В’етнама ў ВНУ Беларусі, дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук дзвюх краін, план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016-2018 гады.
БелТА.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 снежня сустрэўся са сваім калегам — Прэзідэнтам В’етнама Чыонг Тан Шангам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top